Бібліятэкі. У РФ мараць вярнуць савецкі падыход да забароны кніг
У расійскіх бібліятэках збіраюцца абмежаваць доступ да кніг людзей, абвешчаных «замежнымі агентамі» або ўключаных у рэестр «экстрэмістаў і тэрарыстаў».
Камітэт Дзярждумы па культуры рэкамендаваў прыняць законапраект аб абмежаванні доступу ў бібліятэках да кніг, аўтараў якіх абвясцілі «замежнымі агентамі», паведамляе ТАСС.
Папраўкі да закона «Аб бібліятэчнай справе» падрыхтавала група дэпутатаў на чале са старшынёй Камітэта па культуры Аленай Ямпольскай. Законапраект унеслі ў расаійскую Дзярждуму ў канцы сакавіка 2024 года.
Дакумент прадугледжвае, што Міністэрства культуры распрацуе Правілы размяшчэння і прадастаўлення ў бібліятэках кніг, аўтараў якіх уключылі ў рэестр «замежных агентаў» або пералік тэрарыстаў і экстрэмістаў. Таксама дакумент прадугледжвае стварэнне спецыяльнага спісу кніг, на якія будуць распаўсюджвацца новыя правілы.
Аўтары законапраекта заявілі ў тлумачальнай запісцы, што на стэндах і паліцах агульнадаступных бібліятэк свабодна размяшчаюцца і прадастаўляюцца ў часовае карыстанне кнігі, створаныя палітычна ненадзейнымі людзьмі: «Такім чынам, прапагандуюцца і пазіцыянуюцца аўтары, дзейнасць якіх накіраваная супраць бяспекі Расійскай Федэрацыі. З прычыны гэтага паўстала неабходнасць увядзення заканадаўчай нормы, якая дазваляе абмяжоўваць доступ да такіх дакументаў (кніг)», — гаворыцца ў тлумачальнай запісцы.
Якімі будуць новыя правілы, пакуль незразумела. Адзін з аўтараў законапраекта — першы намеснік старшыні Камітэта па культуры РФ Алена Драпека — у размове з «Парламенцкай газетай» выказала здагадку, што такія кнігі можна было перадаць на спецыяльнае захоўванне, узяўшы за аснову савецкую сістэму, калі доступ да кніг у спецсховішчах быў толькі ў спецыялістаў. Пры гэтым Драпека падкрэсліла, што адбіраць з бібліятэк кнігі «замежных агентаў» не плануецца.
Урад РФ канцэптуальна падтрымаў законапраект, але з умовай, што ён будзе дапрацаваны, піша «Інтэрфакс».
З нядаўняй гісторыі забароны кніг
У 2022 годзе ў Расіі змянілі закон аб «замежных агентах» так, што для цяпер прысваення гэтага статусу ўладам больш не трэба паказаць, што ў чалавека ёсць замежнае фінансаванне — дастаткова сказаць, што ён знаходзіцца пад «замежным уплывам». Як адзначае РБК, з тых часоў у рэестр былі ўключаныя больш за 300 чалавек, сярод якіх ёсць і пісьменнікі, у тым ліку Барыс Акунін, Дзмітрый Глухоўскі, Міхаіл Зыгар, Людміла Уліцкая і іншыя.
Тады ж, у 2022-м, «замежным агентам» забаранілі «вырабляць інфармацыйную прадукцыю» для непаўналетніх, а ў крамах дазволілі прадаваць іх кнігі толькі ў непразрыстай упакоўцы і з маркіроўкай «18+».
У бібліятэках Краснаярска і Омска ў канцы 2022 года кнігі аўтараў, абвешчаных «замежнымі агентамі», сталі выдаваць толькі па пашпарце.
Тады ж у бібліятэках Масквы сталі хаваць кнігі аўтараў, якія атрымалі статус «замежных агентаў» або крытыкавалі вайну, а таксама творы, у якіх улады могуць убачыць прыкметы «прапаганды ЛГБТ», што была забароненая ў лістападзе таго года.
На фоне забароны «прапаганды ЛГБТ» бібліятэкі Масквы атрымалі спіс кніг, якія падлягаюць спісанню. У спіс, у прыватнасці, трапілі творы Майкла Канінгама, Харукі Муракамі, Стывена Фрая і Эдуарда Лімонава.
Паводле meduza.io