Мастацкія творы (яшчэ не забароненыя), якія дапамогуць беларусам усвядоміць рэчаіснасць

Беларускае грамадства ўзрушыла навіна пра забарону продажу культавага рамана Джорджа Оруэла «1984». Ці было гэта зроблена афіцыйна — дагэтуль незразумела, але ўжо сёння раман на паліцах кніжных крамаў знайсці складана. Так ці інакш, забарона лепшага рамана пра тое, што робіць з чалавекам таталітарызм, цалкам упісваецца ў логіку ўлады, якая падобнымі жэстамі ў чарговы раз сама падпісваецца пад сваімі злачынствамі.

280x178_2__1_.jpg

Але мастацтва, як вядома, забараніць нельга. Мы зрабілі падборку выбітных кніг і фільмаў, што дакладна здольныя дапамагчы знайсці адказы на бясконцае мноства пытанняў, якія паставіў перад намі час гістарычных падзеяў.

1.   «Нюрнбергскі працэс» (1961)

913077168f334bda9ffb46b3143a.jpg

З кожным днём напрацягу апошніх гадоў беларусам становіцца ўсё складаней верыць у справядлівасць. Прозвішчы суддзяў, што працягваюць выносіць несправядлівыя прысуды па крымінальных і адміністрацыйных справах, пабудаваных на пустым месцы, нам ужо добра вядомыя. У фашысцкай Нямеччыне таксама былі суддзі. Няўжо яны не разумелі, што сваімі загадамі асудзілі на смерць мільёны? А калі разумелі, няўжо чалавек здольны на падобнае злачынства, і здзяйсняе яго без асаблівых душэўных пакутаў? На гэтыя пытанні «Нюрнбергскі працэс» спрабуе даць адказ. Для кожнага беларуса, якому падаецца, што зло на нашай зямлі яшчэ не хутка будзе справядліва асуджана, гэты фільм будзе вельмі тэрапеўтычным.

2.    «Вялікі дыктатар» (1940)

Геніяльны фільм Чарлі Чапліна, вычарпальна выкрываючы ўсю сутнасць тых, хто ў час не звярнуўся да лекараў і адчуў сябе ўладаром сусвету. 

743415_544452_756x425.jpg

3.   «Ідзі і глядзі» (1985)

286384b87e8f.jpg

Гэты фільм, зняты па сцэнары Алеся Адамовіча, называюць самай страшнай кінакарцінай пра вайну, і самай праўдзівай. За некалькі дзён падлетак Флёра, які трапіў у пекла фашысцкіх злачынстваў, ператвараецца ў зморшчанага старога чалавека з вачыма, у якіх адлюстроўваюцца боль і жах, што немагчыма перадаць на словах. Глядзець гэтую карціну невыносна, але і неабходна, каб яшчэ раз нагадаць сабе, што ў вайне няма ніякага рамантызму, што яна расчалавечвае, завівае знутры нават тых, чыё цела засталося непараненым.

4.   «Трусік Джоджо» (2019)

805478.700xp.jpg

Паміж «Ідзі і глядзі» і «Трусікам Джоджо» можна правесці шмат паралеляў, нягледзячы на абсалютнае несупадзенне ў жанрах. У цэнтры ўвагі дзесяцігадовы Ёханэс — маленькі нацыст, якога наперадзе чакаюць шмат жахлівых адкрыццяў. Беларусам асабліва адгукнецца кароткі дыялог Ёханэса з маці, калі яны ўбачаць целы забітых габрэяў:

— Што яны зрабілі, мама?

— Усё, што маглі.

Гэта адначасова грубае і тонкае, камічнае і трагічнае кіно, поўнае перабольшанняў і дакладнасцяў, якія б’юць у самае сэрца. Падчас прагляду вы будзеце смяецца на ўсю хату і плакаць наўзрыд.

5.   «Ваенна-палявы шпіталь MASH» (1969)

voenno_polevoi_gospital_mjesh_film_1969.jpg

Яшчэ адно антываеннае кіно, поўнае жанравых супярэчнасцей, моцна ўразіўшае нязвыклую да такога мастацкага прыёму публіку канца 60-х. Сённяшнія крытыкі называюць гэты фільм класічнай чорнай камедыяй. Падзеі развіваюцца ў амерыканскім ваенна-палявым шпіталі падчас карэйскай вайны. У шпіталь прыбываюць два новых хірургі і «разраджаюць» змрочную, гнятлівую абстаноўку сваім хуліганістым характарам, цынічнымі паводзінамі і чорнымі жартамі. Ваенны побыт як ён ёсць, без празмернай гераізацыі яго непасрэдных удзельнікаў. У 1970 годзе «Ваенна-палявы шпіталь» атрымаў 5 намінацый на прэмію «Оскар» і ўрэшце атрымаў узнагароду за лепшы сцэнар.

6.   «Суцэльнаметалічная абалонка» (1987)

regnum_picture_1552834249352980_normal.jpg

Фільм Стэнлі Кубрыка, выкрываючы жахі амерыканскай кампаніі ў В’етнаме, шукае адказы на надзвычай блізкія сённяшнім гледачам пытанні — як і дзеля чаго звычайныя хлопчыкі ператвараюцца ў крывавых забойцаў, ідучы на непатрэбную ім вайну? Мы ўбачым, што ніводны амерыканскі салдат не быў здольны дакладна адказаць на пытанне «Што робяць войскі ЗША ў В'етнаме»? Надпіс «Born to kill» («Народжаны, каб забіваць») на касках не замінае салдатам начапляць на сябе і значкі пацыфістаў. Рэдактар нагадвае ваеннаму журналісту пра неабходнасць «патрыятычнага адлюстравання праўды», то-бок прапаганды. Паралелі з сённяшнімі «асвабадзіцелямі» ажно занадта відавочныя.

7.   «Джоні ўзяў стрэльбу» (1971)

280x178_2__2_.jpg

Што адбываецца з пакалечаным знутры і звонку чалавекам, які вяртаецца з вайны? Страшны адказ на страшнае пытанне дае нам гэтая амерыканская карціна пачатку 70-х. Малады салдат Джо быў цяжка паранены ў апошні дзень Першай Сусветнай вайны. Джо застаўся без рук і без ног, ён страціў таксама амаль усе органы пачуццяў. Лекары ўжо не ставяцца да яго як да чалавека, ён для іх «невядомы салдат № 47 — істота, якая не можа адчуваць боль, задавальненне, не мае памяці, не можа марыць». Аднак Джо жыве, узгадвае, марыць і рэфлексуе. Мацнейшы антываенны фільм нагадае нам, колькі страшных пакутаў прыносіць у свет кожная хвіліна кожнай вайны.

8.    «Жыццё іншых» (2006)

Падзеі карціны разгортваюцца ў Берліне (таго самага) 1984 года. Ці магчыма нармальна жыць і любіць пад наглядам «Штазі»? Ці магчыма заставацца чалавекам, працуючы на «Штазі»? Запрашаем вас правесці вечар за праглядам гэтага надзвычай кранальнага фільма і адшукаць у ім адказы на свае пытанні.



0eb78b7052244f1fb34e3a8b56e9.jpg

9.   «На Заходнім фронце без зменаў» (1930)

remark_220617_min.jpg

19-гадовыя нямецкія хлапчукі, уражаныя прамовамі прафесара пра безумоўную прыгажосць вайсковых подзвігаў і гонар гераічнай смерці ў імя Айчыны, дабравольна адпраўляюцца на фронт Першай Сусветнай вайны. Юнакі хутка расчароўваюцца, але зваротнага шляху ўжо няма. Гэты фільм — «усяго толькі спроба распавесці пра пакаленне, якое загубіла вайна, пра тых, хто стаў яе ахвярай, нават калі выратаваўся ад снарадаў...». Карціна Льюіса Майлстоўна была ўзнагароджаная двума прэміямі «Оскар» у намінацыях «лепшы фільм» і «лепшы рэжысёр».

Экранізацыяй аднайменнага рамана Эрых-Марыі Рэмарка мы сканчваем падборку актуальных сёння кінакарцін і звяртаемся да кніг.

1.   Ларыса Геніюш — «Споведзь» (1990)


erybl5wxiaegnz0.jpg

Неабходная кніга для кожнага беларуса. Сапраўды спавядальны аповед пра жыццё нашай суайчынніцы — выбітнай паэткі Ларысы Геніюш, Асуджаная разам з мужам да 25 гадоў сталінскіх лагераў, яна заўсёды несла ў сваім сэрцы беларушчыну. «Перад чытачом праходзіць безліч абліччаў: бацькоў і мужа, сялянак з Панямоння, пачынальнікаў беларускага Адраджэння ў пражскай эміграцыі, людзей розных сацыяльных пластоў і нацыянальнасцей, патрыётаў і здраднікаў, гестапаўцаў і лагерных надзорак, герояў, што паміралі з несмяротным купалаўскім «Жыве Беларусь!» — піша пра кнігу Ларысы Геніюш гісторык Міхась Чарняўскі.

2.   Дзмітры Быкаў — «Чэрвень» (2017)

philologist_preview.jpg

У гэтым годзе вайна разбудзіла нас раніцай 24 лютага, так было і 22 чэрвеня 1941 года. Але ці сапраўды вайна прыйшла раптоўна? Ці не адчувалі мы жахлівы цяжар яе набліжэння яшчэ задоўга да таго, як расійскія войскі пачалі групавацца ля ўкраінскай мяжы? Выбітная кніга Дзмітрыя Быкава непазбежна верне нас у даваенны час і дапаможа яго пераасэнсаваць.

3.   Ханна Арэндт — «Банальнасць зла: Эйхман у Ерусаліме» (1963)

15984617_403.jpg

Нямецка-амерыканская філосафка габрэйскага паходжання Ханна Арэндт прысутнічала на судзе над Адольфам Эйхманам, які адказваў за «канчатковае вырашэнне габрэйскага пытання». Як можа звычайны чалавек, без аніякіх псіхічных адхіленняў свядома ісці на забойствы без перабольшвання мільёнаў? Няўжо ў ім прачынаецца страшэнная пачвара, а можа імі кіруе і сам сатана? Не, па меркаванні Ханны Арэндт на страшныя злачынствы супраць чалавечнасці здольныя самыя звычайныя «добрыя выканаўцы». Як сказаў на судзе «архітэктар Халакоста» Эйхман, «я проста выконваў сваю працу». Але гэтым шакуючыя тэзісы філосафкі не вычэрпваюцца.

4.   Уільям Голдзінг — «Уладар мух» (1983)

lord_of_the_flies_1_11.jpg

Аўтар алегарычнага рамана Уільям Голдзінг таксама сцвярджае сваім творам банальнасць зла, але па яго меркаванні гэтае зло заключана ў жывёльнай прыродзе чалавека. Сацыяльная фактары стрымліваюць яго, але варта толькі ненадоўга аслабіць іх уплыў, каб злое выйшла з нас вонкі. Уільям Голдзінг паказвае нам, як гэты адбываецца, на прыкладзе «накрухмаленых» брытанскіх дзяцей, якія разам аказваюцца на бязлюднай выспе. Пакрысе іх дэградацыя дасягае страшных маштабаў. Ці не гэта адбылося з маладымі расійскімі салдатамі ў Бучы?

5.   Эрнест Хэмінгуэй — «Па кім звоніць звон» (1940)

1469492745116089858.jpg

«…Паміж намі стаяць толькі загады. Гэтыя людзі — не фашысты. Я іх так называю, але гэта няправільна. Яны такія ж беднякі, як мы. Самі яны ніколі не сталі б супраць нас ваяваць, і мне непрыемна думаць аб тым, што давядзецца іх забіць».

Грамадзянская вайна на радзіме і раптоўна сустрэтае каханне ўсяго жыцця абвастрае перад галоўным героям рамана пытанні маральнага абавязку, сэнсу і каштоўнасці чалавечага жыцця.

6.   Генрых Бёль — «Більярд а палове дзясятай» (1959)

544260f241d7b3dc6_60f241d7b06de.jpg

Першая палова XX стагоддзя ў Германіі на прыкладзе адной нямецкай сям’і ў пэўным сэнсе рыфмуецца з сённяшнім станам беларускіх сем’яў — няпростым, пры любой расстаноўцы палітычных пазіцый. Хтосьці з нас прымае «камунію буйвала», хтосьці — «камунію агнца», але для ўсіх непазбежна настане сваё 7 верасня. Што гэта значыць? Даведаецеся ў цудоўным рамане нямецкага аўтара.

7.   Творчасць Васіля Быкава

vasil_bykau_3.jpg

Спадчына Васіля Быкава дае беларусам выпакутаваныя, дакладныя, шчырыя адказы на пытанні што да выжывання падчас вайны і захавання беларушчыны.

Памятайце, што ўсё ўжо было, варта толькі знайсці патрэбныя старонкі.