Чым і калі могуць адгукнуцца сённяшнія высокія заробкі?
У чэрвені рост рэальнага заробку склаў 15,2% год да года, тады як у траўні ён вырас на 14,2% год да года, у красавіку — на 9,6%, гаворыцца ў штотыднёвым аглядзе ЕАБР. Планаванае павышэнне зарплаты ў бюджэтнай сферы пры дэфіцыце працоўнай сілы «фармуе ўмовы для перагрэву на рынку працы», дадаюць яны. Што гэта за перагрэў?
Занятасць на беларускім рынку працы скарачаецца не адзін год. Эканамісты называюць гэты трэнд устойлівым, лічаць трывожным сімптомам. Да таго ж у першую чаргу з рынку сыходзяць кваліфікаваныя кадры, піша Вольга Тамашэўская ў «Позірку».
У доўгатэрміновым перыядзе гэта можа ўплываць на перспектывы эканамічнага развіцця, але і ў найбліжэйшай будучыні сітуацыя на рынку працы здольная прывесці да цэлага шэрагу праблем, уключаючы рост інфляцыі.
ІТ-сфера павольна памірае
«Скарачэнне колькасці занятых у Беларусі назіраецца як мінімум на працягу апошніх сямі-васьмі гадоў. Аднак у апошнія гады гэты працэс паскорыўся. Нават на фоне нізкай базы мінулага года сітуацыя ў 2023 годзе прыкметна пагоршылася», — сказала ў інтэрв'ю «Позірку» старшы навуковы супрацоўнік BEROC Анастасія Лузгіна.
Яна прыводзіць лічбы: у красавіку 2022-га суадносіны прынятых і звольненых складалі 76,4%, а ў красавіку бягучага года — ужо 72%. Гэта значыць перавышэнне колькасці звольненых у адносінах да ліку прынятых расце. Прычым такая сітуацыя складваецца ў большасці галін.
Экспертка адзначыла, што колькасць звольненых перавышае колькасць прынятых ва ўсіх галінах, за выключэннем адной — «дзейнасці ў галіне адміністрацыйных і дапаможных паслуг», у якой прынятых апынулася на 15% больш, чым звольненых.
Імклівае падзенне занятасці назіраецца ў сектары «інфармацыя і сувязь», які зусім нядаўна быў асноўным драйверам беларускай эканомікі. Там суадносіны прынятых і звольненых, паводле даных Белстата, складае 53,6%. Ненашмат лепш сітуацыя ў ахове здароўя, дзе гэтая прапорцыя складае 54,6%, і ў адукацыі — 66,9%. Яшчэ адной праблемнай сферай Лузгіна назвала транспартную, дзе колькасць прынятых складае 71% ад колькасці звольненых.
«Транспартная сфера, як і сфера паслуг у цэлым, заўсёды была важная для беларускай эканомікі. У транспартнай сферы пасля ўвядзення санкцый прыкметна падаюць грузаперавозкі. Што тычыцца перавозак пасажыраў, то на першы погляд яны растуць, аднак насамрэч — проста аднаўляюцца пасля пандэміі», — тлумачыць суразмоўца.
Яна падкрэслівае, што калі казаць пра сферу паслуг у цэлым, то найважнейшым і незаменным рэсурсам у ёй з'яўляюцца людзі, і калі менавіта гэты рэсурс скарачаецца, перспектывы развіцця ставяцца пад пагрозу. У сувязі з гэтым асабліва трывожна выглядае сітуацыя ў медыцыне, адукацыі і ІТ.
«Лекараў, якія адказваюць за здароўе нацыі, становіцца ўсё менш. Яны зарабляюць не так шмат, як іх калегі з суседніх краін, і ўвесь час знаходзяцца пад ціскам з боку дзяржавы. Аналагічная сітуацыя і ў адукацыі — адной са сфер, ад якіх залежыць будучыня Беларусі», — адзначае Лузгіна.
У ІТ-сферы, па яе словах, з заробкамі куды лепш, чым у адукацыі і медыцыне. «Гэтая сфера была адной з самых прагрэсіўных і забяспечвала добрыя паказчыкі экспарту і валютнай выручкі. І яна першай адрэагавала і на падзеі 2020 года, і на вайну ва Украіне. Сёння ІТ не проста ў крызісе, гэты сектар паступова памірае, таму што не можа жыць без якаснага, крэатыўнага чалавечага капіталу», — кажа Лузгіна.
Яна прыводзіць прыклад: нядаўна стала вядома, што з рынку сыходзіць нават кампанія IBA, якая працавала з дзяржаўнымі праектамі і ў адрозненне ад многіх тутэйшых ІТ-кампаній уносіла ўклад у лічбавізацыю менавіта беларускай эканомікі.
Адбываецца эрозія чалавечага капіталу
Асноўнымі прычынамі зніжэння занятасці з'яўляюцца дэмаграфічная сітуацыя і міграцыя. Насельніцтва старэе, сыход людзей на пенсію не кампенсуецца прыходам моладзі на рынак працы.
«Скарачэнне занятасці ў беларускай эканоміцы адбываецца ў выніку неспрыяльных дэмаграфічных трэндаў, узмоцненых эфектамі міграцыі насельніцтва пасля сацыяльна-палітычнага крызісу 2020 года і пачатку ваенных дзеянняў ва Украіне ў 2022 годзе», — сказаў «Позірку» эканаміст BEROC Анатоль Харытончык.
Праблема ў тым, што міграцыя падтрымлівае негатыўныя дэмаграфічныя трэнды, паколькі ў першую чаргу з краіны з'язджаюць найбольш маладыя і актыўныя.
«Мы губляем студэнтаў і моладзь, людзей, у якіх хутка з'явяцца дзеці. Малаверагодна, што яны будуць звязваць сваё жыццё з Беларуссю. Калі міграцыя працягнецца тымі ж тэмпамі, што і цяпер, мы за дзесяць гадоў можам страціць да 10% працаздольнага насельніцтва, прычым найбольш маладога і актыўнага», — лічыць Лузгіна.
Гэтыя тэндэнцыі пагоршаць стан пенсійнай сістэмы, паколькі і дэмаграфічныя, і міграцыйныя трэнды вядуць да скарачэння колькасці моладзі адносна колькасці пенсіянераў.
«Ужо і сёння Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва не можа справіцца з неабходнасцю падтрымкі пенсіянераў, і для гэтых мэтаў даводзіцца выкарыстоўваць бюджэтныя сродкі, адцягваючы іх ад іншых важных праектаў — будаўніцтва дарог, дзіцячых садкоў і бальніц. Але, што яшчэ горш, ад'езд маладых крэатыўных людзей будзе тармазіць развіццё і рост эканомікі ў перспектыве. У выніку Беларусь будзе ў пазіцыі нават не даганяючай суседзяў, а адсталай», — кажа Лузгіна.
Неўзабаве можа ажывіцца інфляцыя
На думку Харытончыка, пэўныя негатыўныя эфекты мы можам убачыць не толькі ў перспектыве некалькіх гадоў, але і ў бліжэйшы час.
«Зніжэнне колькасці работнікаў мае таксама і праінфляцыйныя наступствы. Верагодна, недахоп кваліфікаваных кадраў прыводзіць да хуткага росту заробкаў. Так, заробак з карэкцыяй на сезоннасць і рост спажывецкіх коштаў у траўні прыкладна на 8% перавышаў сярэдні ўзровень 2021 года, у той час як рэальны ВУП да яго яшчэ недацягваў», — кажа эксперт.
На яго думку, «дынаміка заработнай платы становіцца ўсё больш праінфляцыйнай, а недахоп працоўных рэсурсаў у перспектыве можа ўзмацняць цэнавы ціск з боку ўнутранага попыту. Стымуляванне эканомікі манетарнымі і фіскальнымі інструментамі будзе весці да пашырэння попыту, аднак рост прапановы тавараў і паслуг будзе адставаць не толькі праз тэхналагічныя абмежаванні, але і праз абмежаваную колькасць працоўных рэсурсаў».
Пры захаванні бягучай накіраванасці манетарнай палітыкі, прагназуе суразмоўца, высокая верагоднасць, што «інфляцыйныя наступствы дысбалансаў на рынку пачнуць выразна выяўляцца бліжэй да канца гэтага года і ў наступным годзе».