Памяняліся ролямі: тыя, хто раней цягнуў эканоміку ўверх, цяпер штурхаюць яе ўніз
Эканоміка краіны працягвае падаць, на сёння яна знізілася на 2,1% да аналагічнага выніку мінулага года. Пры гэтым драйверы росту і галоўныя «тормазы» сярод галін прамысловасці прыкметна змяніліся за апошнія гады.
На зніжэнне эканомікі ў студзені-сакавіку 2023 года ўплывалі галоўным чынам чатыры сферы: будаўніцтва, гандаль, транспарт і ІТ. Будоўля скараціла ВУП на 0,1% — гэта, безумоўна, крыху, але негатыў на фоне абяцанага пачатку новага інвестыцыйнага цыклу выглядае дзіўна. Зрэшты, можа і гэта можна трактаваць як дасягненне — маўляў, раней падзенне магло быць куды больш сур'ёзнае, піша тэлеграм-канал «Нашы грошы».
Гандаль знізіў ВУП на 0,4% да аналагічнага перыяду 2022 года, што таксама выглядае супярэчлівым феноменам на фоне рэкордных заробкаў беларусаў.
Транспарт уцягнуў ВУП уніз на 0,8%, што не дзіўна на фоне закрыцця транспартных калідораў на заходнім кірунку.
І, нарэшце, галоўным анты-драйверам стала сфера ІТ. Пры агульным спадзе эканомікі на 2,1% па выніках першага квартала дадзеная сфера адказная за падзенне на 1,3%. Відавочна, ад'езд айцішнікаў і рэлакацыя высокатэхналагічных бізнесаў з краіны выходзяць беларускай эканоміцы ў добрую капейчыну.
На гэтым негатыўным фоне за рост эканомікі адказваюць прамысловасць (дадае 0,4% прыросту ВУП) і сельская гаспадарка (0,1%). Для выхаду з крызісу гэтага пакуль замала.
Такім чынам, пацвярджаюцца ранейшыя высновы пра тое, што беларуская эканоміка дэманструе «сальта назад» — пачынае губляць у высокатэхналагічнай сферы, але пры гэтым падаць не так хутка за кошт далёка не самых перадавых галін.
Калі тэндэнцыя працягнецца, нашу краіну пачнуць называць краінай з аграрнай эканомікай, і трапляць у пералік падобных краін у XXI стагоддзі — зашквар. Гэта менавіта тое, што называецца дэградацыяй, бо мы не пачалі высаджваць бульбу з дапамогай дронаў, проста айцішнік у эканоміцы Беларусі замяшчаецца аграрыем. Пры ўсёй павазе да гэтай нялёгкай і патрэбнай працы, такая замена не ідзе на карысць нават ім.