«Думаюць, што я шпіён». Былога беларускага памежніка могуць дэпартаваць з Літвы

Іван Страшкевіч трэці тыдзень знаходзіцца ў міграцыйнай турме на тэрыторыі лагера для ўцекачоў у Літве. У пачатку чэрвеня 2023 года беларус папрасіў палітычнага прытулку ў літоўскай дзяржавы. Але яго западозрылі ў шпіянажы, затрымалі і цяпер пагражаюць дэпартацыяй у Беларусь. MOST запісаў гісторыю беларуса.

Фота MOST

Фота MOST

Іван прапрацаваў 3,5 года ў спецыяльным атрадзе павышанай баявой гатоўнасці на беларускай мяжы. У 2019 годзе ён звольніўся ў званні прапаршчыка і пераехаў жыць у Польшчу. Кажа, што яшчэ да 2020 года не мог мірыцца з тым, як у Беларусі кіруюць узброенымі сіламі. Пасля прэзідэнцкіх выбараў былы вайсковец выходзіў на многія беларускія акцыі пратэсту ў Польшчы і распавядаў пра сітуацыю ў беларускім войску. У 2021 годзе Іван казаў, што яму сорамна за калегаў на мяжы, якія спрыялі міграцыйнаму крызісу. Таксама ён распавядаў пра сваіх сяброў, якія загінулі, абараняючы Украіну ад расійскай агрэсіі.

«Мяне проста ўзялі і зачынілі»

У 2022 годзе Іван пераехаў з Польшчы ў Літву. У яго планы ўваходзіла легалізавацца ў гэтай краіне, паколькі ў яго маці ёсць літоўскія карані. 5 чэрвеня 2023 года міграцыйныя ўлады Літвы адмовіліся падоўжыць яго працоўную візу на падставе яго папярэдняй вайсковай службы ў Беларусі, нягледзячы на яго актыўную антываенную і антырэжымную дзейнасць. Яны таксама наклалі 50-месячную забарону на ўезд беларуса ў Еўрапейскі саюз і Літву.

6 чэрвеня 2023 года Іван падаў заяву з просьбай даць яму палітычны прытулак і быў запрошаны на сумоўе 14 чэрвеня 2023 года. Аднак праз 5 гадзін пасля сумоўя міграцыйныя ўлады затрымалі яго і гвалтоўна перавезлі ў лагер для бежанцаў, дзе 16 чэрвеня суд прыняў рашэнне трымаць беларуса ў зняволенні адзін месяц, да 14 ліпеня 2023 года.

Іван апынуўся ў лагеры бежанцаў у Пабрадзе. Яго ноўтбук і тэлефон былі канфіскаваныя, карыстацца тэлефонам яму дазволена толькі 30 хвілін у дзень. Былы памежнік знаходзіцца ў зачыненым пакоі з закратаванымі вокнамі, і ў яго няма нават магчымасці падаць апеляцыю на пастанову суда.

— Я ўсё абскарджвання дачакацца не магу. Два тыдні з глузду з’язджаў, бо быў зачынены ў чатырох сценах. Цяпер ужо крыху лепш: адну гадзіну ў дзень дазваляюць схадзіць у спартзалу або на стадыён. Тэлефон і ноўтбук канфіскавалі. Радуе, што ёсць тэлевізар і ікс-бокс. Што тычыцца ежы, то кормяць добра — тры разы на дзень. Але мне не патрэбны такі «адпачынак», мне трэба выбірацца з гэтай турмы.


Глядзіце таксама

Беларус думаў, што ў выпадку адмовы ў прытулку Літва вышле запыт у Польшчу, дзе ў яго на той момант яшчэ дзейнічаў від на жыхарства. Але гэтага не адбылося.

— Перад затрыманнем я ім падаў цэлы кейс матэрыялаў, але не ведаю, пра што яны думаюць. Я шпіён, на іх думку. Спачатку быў шок, не верыў, што такое можа быць у Еўропе. Мяне проста ўзялі і зачынілі на месяц. І яшчэ палохаюць зараз дэпартацыяй. У Беларусі мне пагражае сур'ёзны турэмны тэрмін за антываенную і антырэжымную дзейнасць», — распавядае Іван.

Цяпер справай Івана заняліся праваабаронцы, таксама ён спрабуе выйсці на Святлану Ціханоўскую.


Фота «Белсат»

Фота «Белсат»

«Дапамагчы ў барацьбе за яго тэрміновае вызваленне»

Іван Страшкевіч паспеў выслаць ліст з просьбай аб дапамозе ў літоўскі «Наш Дом» з усімі матэрыяламі, якія ў яго былі, і папрасіў іх прадстаўляць яго інтарэсы і змагацца за яго.

— Просім праявіць салідарнасць з Іванам Страшкевічам, беларускім адмоўнікам па меркаваннях сумлення, і дапамагчы ў барацьбе за яго тэрміновае вызваленне. На сённяшні дзень дзеянні літоўскіх міграцыйных уладаў спрыяюць таму, што беларускія мужчыны будуць дакладна ведаць, што ні ў якім разе нельга спрабаваць выратавацца ад войска і вайны ў краінах Еўрасаюза — ты ўсё роўна патрапіш у турму, і цябе яшчэ паспрабуюць аддаць Лукашэнку назад, пад катаванні і пагрозы забойства. Для разумення: катаванні і здзекі ў турмах для былых вайскоўцаў — мацнейшыя, чым для звычайных пратэстоўцаў, таму што сілавікі лічаць былых вайсковых здраднікамі, — заявілі ў арганізацыі.

У арганізацыі заклікаюць падтрымаць Івана і накіраваць ліст падтрымкі ў Дэпартамент міграцыі Літвы па адрасе info@migracija.gov.lt, а копію-у Міжнародны цэнтр грамадзянскіх ініцыятыў «Наш Дом» па адрасе info@nash-dom.info з пазнакай "Ivan Strashkevich case, gim 1993-09-01, urgent realize.