Эканамічны парадокс на прыкладзе Літвы і Беларусі

Літва — адна з самых бедных краін Еўрасаюза: з 47,1 тыс. долараў на душу насельніцтва займае 40-е месца ў сусветным рэйтынгу, а паспяховая Беларусь з 22,3 тыс. долараў — толькі 80-е.

Вільня. Ілюстрацыйная выява

Вільня. Ілюстрацыйная выява

Дзмітрый Мядзведзеў назваў Зяленскага, Байдэна і яшчэ чатырох заходніх палітыкаў «рэптылоідамі». Чаму б і не, калі прыгадаць, што экс-прэзідэнт і экс-старшыня Савета Міністраў «нашай Расіі», які цяпер займае пасаду намесніка старшыні Савета Бяспекі РФ і першага намесніка старшыні ваенна-прамысловай камісіі, — прафесарскі сын. Такі салідны паслужны спіс плюс сямейныя традыцыі, плюс званне кандыдата юрыдычных навук не прап'еш.

«У советских, — паводле паэта Уладзіміра Маякоўскага, — собственная гордость: на буржуев смотрим свысока». 

Аднак і ў постсавецкіх, як высвятляецца, уласнай годнасці не менш. Наяўнасць ва ўласнасці вінаграднікаў пад Анапай і ў Італіі, як гэта вынікае з фільма Аляксея Навальнага «Ён вам не Дзімон», гонару Мядзведзева не пазбаўляе. Наадварот, уласнасць спрыяе ўсведамленню сваёй значнасці, што і дазваляе папаўняць дыпламатычны слоўнік неўласцівымі яму назоўнікамі, прыметнікамі і дзеясловамі.

Аднак жа перанясёмся з Крамля ў Палац Незалежнасці, але не будзем забываць пры гэтым, што, калі верыць пралетарскаму пісьменніку Максіму Горкаму, «барацьба за чысціню, за сэнсавую дакладнасць, за вастрыню мовы ёсць барацьба за прыладу культуры. Чым вастрэйшая гэта прылада, чым больш дакладна накіраваная — тым яна больш пераможная».

Свежы прыклад ад адзінага беларускага палітыка: «Пра літоўцаў, латышоў — гэта прыхвасні, я нават казаць не хачу. Знішчылі краіну: было ў Літве 4,5 мільёны чалавек, засталося каля двух. Дзе людзі?»

Людзі, агу! Але ж я паспяшаўся. Перш чым гукаць, неабходна разабрацца са статыстыкай, бо вольнае абыходжанне ў Палацы Незалежнасці з фактамі добра вядомае. Пачнём з таго, што ў 1992 годзе ў Літве пражывала 3,71 мільёна чалавек (гістарычны максімум), а на 1 студзеня 2023 года засталося 2,86 мільёна, што ніяк не цягне на «каля двух».

Тым не менш факт дэпапуляцыі краіны адмаўляць бессэнсоўна. Асноўная прычына, нароўні з адмоўным прыростам насельніцтва — ад'езд на заробкі ў краіны Заходняй Еўропы.

Літва ўступіла ў Еўрасаюз 1 траўня 2004 года. За 12 гадоў пасля дасягнення гістарычнага максімуму колькасць насельніцтва скарацілася на 260 тысяч, а за наступныя 12 гадоў — на 557 тысяч. Гэта значыць, за еўрапейскую інтэграцыю наша паўночная суседка заплаціла падваеннем тэмпаў дэпапуляцыі.

Ад слова «зусім»

Натуральным будзе паставіць пытанне пра вінаватых у гэтым. Паводле афіцыйнай версіі, гэта «прыхвасні» ва ўладзе. Яны ж па сумяшчальніцтве — «мярзотнікі».

Але паскарэннем дэпапуляцыі наступствы дзейнасці прыхвасняў-мярзотнікаў не абмяжоўваюцца. У эканоміцы, на думку БЕЛТА, справы ідуць не лепш: «Цуду не здарылася, і еўрапейскі росквіт за 18 гадоў знаходжання Літвы ў ЕС (гэты матэрыял БЕЛТА быў апублікаваны ў траўні 2022 года. — Рэд.) так і не прыйшоў. Гэтая краіна застаецца адной з самых бедных у Еўрасаюзе і замыкае амаль усе спісы эканамічнага або сацыяльнага развіцця».

Тым не менш Літва, нягледзячы на статус адной з самых бедных краін Еўрасаюза, з 47,1 тыс. долараў на душу насельніцтва па парытэце пакупніцкай здольнасці ў 2022 годзе аказалася на 40-м месцы ў сусветным рэйтынгу, у той час як Рэспубліка Беларусь з 22,3 тыс. долараў — на 80-м (даныя МВФ).

Вось і разважай пасля гэтага пра перавагу беларускай мадэлі развіцця, якая захавала, у адрозненне ад нашай паўночнай суседкі, савецкую прамысловасць.

Аднак вернемся да прычыны, якая паскорыла дэпапуляцыю Літвы пасля ўступлення ў Еўрасаюз. На жаль, яна не ў рашэннях, прынятых прыхваснямі (калі б гэта было так!), а ў дзесяцігоддзях савецкай акупацыі.

Савецкая эканоміка на працягу 73 гадоў была абаронена ад міжнароднай канкурэнцыі мембранай, праз якую за кошт дзяржаўнай манаполіі на знешні гандаль звонку пранікала толькі тое, што ў СССР не выраблялася ад слова «зусім» або выраблялася ў мізэрных колькасцях.

Ліквідацыя мембраны ў часы Перабудовы дазволіла вызначыць, «хто ёсць ху» ў эканоміцы. За рэдкім выключэннем канкурэнтнымі аказаліся прадпрыемствы, якія здабываюць сыравіну і займаюцца яе першаснай перапрацоўкай. У балтыйскіх рэспубліках, у сілу зразумелых прычын, з такімі было нягуста.

Пра галоўнае

Адток працоўных рэсурсаў з Літвы не падстава для злараднасці, а папярэджанне. Бо чара гэтая не абміне і Беларусь. У «Пасланні—2013» было дакладна адзначана: «Наш выбар, дарэчы, невялікі. Мы можам або прыстасавацца да бурных перамен, або застацца на ўзбочыне гісторыі. Іншага не дадзена».

Мы выбралі ўзбочыну. І праз дзесяць гадоў пасля паслання, дзе быў абвешчаны курс на мадэрнізацыю, яе прамежкавы вынік адзіны палітык падвёў 1 жніўня падчас рабочай паездкі ў Камянецкі раён Брэсцкай вобласці: «Нашы людзі накормленыя, апранутыя, абутыя. А гэта галоўнае. Калі гэтага няма, ніколі не будзе стабільнасці ў краіне».

Галоўнае вызначана. Як прыгадваў прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін у аўтарскай калонцы для свайго прыдворнага журналіста Андрэя Калеснікава, «жыццё такое простае і жорсткае».

Беларускі варыянт прастаты жыцця адлюстраваны ў прымаўцы «Бульба ёсць, вада побач, дроў прыпром — і парадак!» Але ці дастаткова ў XXI стагоддзі пералічанага для супрацьстаяння «каляровым рэвалюцыям»? Правільны адказ будзе залежаць ад таго, што варта разумець пад стабільнасцю.

Для так званай «большасці» стабільнасць — гэта перш за ўсё магчымасць жыць на пенсію і заробак. Схільныя да рэфлексіі грамадзяне разумеюць пад стабільнасцю невысокія тэмпы інфляцыі, нізкае беспрацоўе і тэмпы эканамічнага росту не ніжэйшыя за сярэднесусветныя. Але ёсць і тыя, для каго стабільнасць — гэта захаванне цяперашняй групы ва ўладзе.

На чыім баку праўда? Меркаваць не бяруся.