Некалькім супрацоўнікам «Wargaming» у Літве анулявалі ВНЖ праз службу ў войску

У аўторак, 18 ліпеня, супрацоўнікам літоўскага офіса кампаніі «Wargaming» прыйшоў ліст ад кіраўніцтва. У ім адміністрацыя папярэдзіла, што Літва можа ануляваць від на жыхарства тым, хто служыў у беларускім войску па кантракце. У лісце ішла гаворка як мінімум пра двух супрацоўнікаў, якіх ужо пазбавілі ВНЖ, піша «Люстэрка».

Фота facebook
/ Vilniaus miesto savivaldybė 

Фота facebook / Vilniaus miesto savivaldybė 


— У лісце гаворыцца, што Літва анулюе віды на жыхарства, што атрымалі беларусы, якія раней служылі па кантракце ва Узброеных сілах РБ. Гаворка пра прапаршчыкаў і афіцэраў. Прычым анулююць без усякага папярэджання, проста ставяць перад фактам, — распавяла крыніца, знаёмая з сітуацыяй. Гэту інфармацыю пацвердзіў і супрацоўнік кампаніі.

Як правіла, высокакваліфікаваныя спецыялісты, якія атрымліваюць больш за 1,5 сярэднія зарплаты ў Літве (у першым квартале 2023 года сярэдняя зарплата склала 1192 ера на рукі), могуць прэтэндаваць на Blue card. Гэта спецыяльны від на жыхарства ў ЕС тэрмінам на тры гады. Рашэнне аб яго выдачы краіна ЕС прымае самастойна. Быў у двух супрацоўнікаў «Wargaming» Blue card або «звычайны» ВНЖ, невядома.

У «Wargaming» у Літве працуюць 986 чалавек. Чысты прыбытак літоўскай кампаніі па выніках 2022 года склаў больш за 2,2 мільёна еўра, яна ўваходзіць у тройку найбуйнейшых падаткаплацельшчыкаў Літвы ў сферы IT.

Што кажуць у Дэпартаменце міграцыі

Па каментар выданне звярнулася ў Дэпартамент па міграцыі пры МУС Літвы. Там адзначылі, што не каментуюць персанальныя кейсы па ануляванні ВНЖ і не валодаюць інфармацыяй аб колькасці супрацоўнікаў кампаніі, якіх пазбавілі гэтага дакумента. Але дадалі, што, як правіла, падобныя рашэнні міграцыйныя службы прымаюць, зыходзячы з рэкамендацый Дэпартамента дзяржбяспекі.


Глядзіце таксама

Журналісты звярнуліся і ў Дэпартамент дзяржбяспекі Літвы, пацікавіліся, чаму былых вайскоўцаў-кантрактнікаў, якія працуюць у  «Wargaming», пазбавілі ВНЖ.

— Дэпартамент дзяржаўнай бяспекі ацэньвае пагрозу дзяржаўнай бяспецы з боку замежнікаў у кожным канкрэтным выпадку з улікам канкрэтных абставін, — гаворыцца ў адказе прэс-службы. — Ацэнка пагрозы, якая зыходзіць ад асобы, можа быць зменена пры высвятленні новых акалічнасцей у дачыненні да асобы, а таксама пры змене геапалітычнай сітуацыі. Прававыя акты не вызначаюць паняцця пагрозы бяспекі дзяржавы і не даюць вычарпальнага пераліку пагроз бяспецы дзяржавы — ацэнка ажыццяўляецца з улікам канкрэтных абставін, судовай практыкі і да т. п. Звяртаем вашу ўвагу, што суды неаднаразова адзначалі, што права прыязджаць у Літоўскую Рэспубліку і жыць тут не з'яўляецца натуральным, яно не прадастаўляецца аўтаматычна грамадзянам трэціх краін і набываецца толькі ў тым выпадку, калі гэтыя асобы адпавядаюць патрабаванням закона «Аб прававым становішчы замежных асоб». Канчатковыя рашэнні аб ануляванні віду на жыхарства ў Літве прымае Дэпартамент міграцыі, ацэньваючы ўсе адпаведныя абставіны ў кожным канкрэтным выпадку, уключаючы ацэнку Дэпартамента дзяржбяспекі.

Нагадаем, не так даўно ў Дэпартаменце міграцыі Літвы паведамілі, колькі беларусаў з пачатку года атрымалі адмову ў выдачы ВНЖ краіны. На канец траўня іх было 309 — нашмат больш, чым за ўвесь 2022 год. Ім было адмоўлена ў тым ліку з прычыны пагрозы бяспецы — напрыклад, людзі маглі ўказаць у анкеце, што падтрымліваюць Расію ў вайне.