Без даведак і паручыцеляў: як беларусам за мяжой пабрацца шлюбам

Сучасныя тэхналогіі дазваляюць узаконіць стасункі на адлегласці — і нават у іншай дзяржаве. Гэта можа быць выйсцем для рэпрэсаваных беларусаў, якія не могуць вярнуцца на радзіму.

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Сяргей і Алеся прынялі рашэнне ажаніцца, ужо знаходзячыся ў эміграцыі. Але рэгістрацыя шлюбу для беларусаў у Польшчы — задача не з лёгкіх. І тады яны прынялі незвычайнае рашэнне: ажаніцца па Zoom ў ЗША. Сваёй гісторыяй пара падзялілася з выданнем «MOST».

Чаму не ў Польшчы?

— Каб ажаніцца ў Польшчы, патрэбны былі даведкі з беларускага ЗАГСа, што ніхто з нас не знаходзіцца ў іншым шлюбе, і з МУС. Зрабіць гэта можна было толькі пры асабістай прысутнасці, а ехаць у Беларусь нам папросту нельга. У прынцыпе, нават у такой сітуацыі ў Польшчы можна было заключыць шлюб: трэба было падаць у суд заяву аб тым, што мы не можам вярнуцца ў Беларусь, і растлумачыць чаму. Але разглядаюць і выносяць рашэнне па такіх справах тут вельмі доўга, як і па многіх іншых юрыдычных пытаннях.

Тады мы сталі вывучаць іншыя варыянты. Быў, напрыклад, варыянт у Грузіі. Там патрабаваўся мінімум дакументаў: пашпарты, заява — і аніякіх даведак з Беларусі. Але быў нюанс: толькі квіткі туды-назад на дваіх абышліся б у 1000 еўра.

У Юту — не выходзячы з дому

— Год таму нашы сябры падказалі, што можна ажаніцца дыстанцыйна: па Zoom і з рэгістрацыяй у штаце Юта (ЗША).

Яны таксама беларусы ў Польшчы і таксама ўзялі шлюб такім чынам. Мы тут жа пачалі вывучаць пытанне.

Аказалася, што ў Амерыцы зарэгістраваць шлюб даволі лёгка: усё робіцца анлайн і тэрмін чакання рэгістрацыі можа быць толькі каля тыдня.

Госці, пастар, сведкі — і ўсё гэта ў Zoom

— Мы запрасілі ў канферэнцыю бацькоў, блізкіх сяброў і сваякоў — усяго было 35 чалавек. Між сабой мы размаўлялі па-беларуску, але пастар задаваў нам пытанні, вядома ж, на англійскай мове. Потым абмяняліся кольцамі, і пастар сказаў: «Усё, вы — муж і жонка».

Сведкамі ў нас былі дзве дзяўчыны. Іх даныя мы таксама папярэдне падавалі, а на пачатку канферэнцыі пастар папрасіў іх паказаць пашпарты для сведчання асобы.

Амерыканцы запісваюць канферэнцыю на відэа і пасля даюць спасылку для запампоўкі.

Рэакцыя навакольных

— Сябры паставіліся да нашага рашэння нармальна, бацькі Сяргея — спакойна. Ён наогул не аматар вялікай колькасці людзей на вяселлях, таму гэта быў ідэальны варыянт.

А вось мама нявесты ўспрыняла гэта вельмі складана: яна ўяўляла сабе класічнае вяселле. Ёй хацелася, каб дачку вёў пад вянок дзядзька: таты няма ўжо некалькі гадоў. Сваякі з боку нявесты таксама былі трохі скептычныя, але ўсім усё патлумачылі, і вяселле ў такім фармаце прайшло вельмі добра.

Што потым?

— Пасля вяселля нам выслалі ўсе дакументы — са штампамі, гербам. Усё прэзентабельна і прыгожа. Нядаўна мы падалі іх ва ўжонд (орган кіравання ў Польшчы.Заўв. рэд.), напісалі заяву — і цяпер проста чакаем: працэс праверкі ўсіх даных і дакументаў на сапраўднасць будзе доўжыцца каля трох месяцаў. Нашы сябры гэта ўжо праходзілі, таму мы спакойныя.

Колькі гэта каштавала?

— За ўсё разам — з «нуля» да зарэгістраванага шлюбу — у нас выйшла блізу 2400 злотых:

  • паслуга агенцтва — 500 злотых;
  • рэгістрацыя шлюбу ў сістэме ЗША — 145 долараў;
  • бронь анлайн-канферэнцыі ў ZOOM — 35 долараў;
  • два сертыфікаты з апастылем + мы выпраўлялі памылкі ў даных па сваёй віне — 155 долараў;
  • пераклад сертыфікатаў на польскую — 246 злотых;
  • аплата падатку ва Urząd Ślubu Cywilnego — 50 злотых;
  • камісія за пераклад — 20 долараў (адрозніваецца ў залежнасці ад канкрэтнага банка).