Як захаваць Беларусь у эміграцыі — парады Юрыя Дракахруста

Аглядальнік беларускай службы «Радыё Свабода» Юрый Дракахруст выступіў на канферэнцыі «Reshape-23» са сваім бачаннем таго, што могуць рабіць беларусы ў эміграцыі дзеля агульнай будучыні краіны. Тэкст выступу прыводзіць «Банк ідэй».

Ці магчыма захаваць Беларусь па-за яе межамі? Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Ці магчыма захаваць Беларусь па-за яе межамі? Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Кожнае паўстанне, часам эканамічныя нягоды выкідалі масу беларусаў за мяжу. Ні разу не атрымалася стварыць другую Беларусь па-за яе межамі. У наступным паўстанні рэй вялі людзі ў краіне, а не эмігранты. Хіба не адзінае выключэнне (што паказальна) — 2020 год, у якім ТГ-канал NEXTA быў, гаворачы словамі Леніна, «не толькі калектыўным прапагандыстам і агітатарам, але і калектыўным арганізатарам».

Асаблівасць цяперашняй хвалі эміграцыі — тое, што людзі з'язджаюць усім колам калег, сяброў, знаёмых, з'язджаюць са ўсёй сваёй сацыяльнай «грыбніцай». Ува многіх адчуванне, што «ўся Беларусь з'ехала». І часткова гэта так — у тым сэнсе, што з'ехала сапраўды ўся іх Беларусь. Гэта вельмі ўскладняе камунікацыю паміж дыяспарай і «метраполіяй». Няма з кім камунікаваць.

У 2021 годзе я склаў зборнік «Неверагодны 2020-ты» з тэкстаў 20 беларускіх інтэлектуалаў. За час са складання таго зборніка 8 аўтараў эмігравалі, двое — Валерыя Касцюгова і Уладзімір Мацкевіч — трапілі ў турму.

Тры парады-прапановы наконт таго, што можа зрабіць дыяспара, на якія ўзоры ёй варта арыентавацца.

#1 БУДЗЬЦЕ ЯК «ГОМАН»

Суполку «Гоман» утварылі беларускія студэнты ў Санкт-Пецярбургу пасля паўстання 1863 года. Яны не былі эмігрантамі ў дакладным сэнсе: сучасная Беларусь тады была часткай Расійскай імперыі. Тым не менш іх досвед карысны і павучальны.

Яны не прыдумалі, як зладзіць новае, больш паспяховае паўстанне. Яны зрабілі большае: прыдумалі, назвалі Беларусь, беларусаў як асобную нацыю. Цяперашнія спрэчкі пра Кастуся Каліноўскага тлумачацца, апроч іншага, і тым, што ён меў множную ідэнтычнасць, ён усведамляў сябе і беларусам, і палякам, і падданым Рэчы Паспалітай.


Глядзіце таксама

Нам зараз такую ідэнтычнасць складана нават уявіць сабе. Як, магчыма, і яму было б цяжка зразумець нашу цяперашнюю монаідэнтычнасць. Але гэтую нашу ідэнтычнасць прыдумалі менавіта «гоманаўцы» — прынамсі, яны яе запачаткавалі. Зараз у такім сэнсе няма патрэбы прыдумляць Беларусь і беларусаў. Але ў нейкім сэнсе і ёсць.

#2 БУДЗЬЦЕ ЯК ГЕДРОЙЦЬ

Формулай кансэнсусу 2020 года было «далоў Луку». Гэты агульны назоўнік быў даволі бедным. Ён таму і аб'ядноўваў. Але мо некага і адштурхоўваў. Вобразу будучыні не было.

Эміграцыя, дыяспара можа паўдзельнічаць у кастынгу праектаў будучыні. У Ежы Гедройця, ураджэнца Мінска, рэдактара парыжскага часопіса «Культура», быў такі праект для Польшчы. І гэта не быў чыста палітычны праект, не быў план усеагульнага страйку ці прыходу рашучага вайсковага злучэння.

Цяперашняя сітуацыя ў Беларусі і ў эміграцыі — гэта выклік, пытанне, чаго ў 2020 годзе не хапіла ідэйна, ідэалагічна.

Кепскі прагноз, прагноз паводле досведу — што эмігранцкія праекты будучыні прайграюць народжаным у «метраполіі».


Глядзіце таксама

Але досвед Гедройця і яго «Культуры» — выключэнне. На думку некаторых польскіх назіральнікаў, можа, і гіпербалізаваную, яго ўнёсак у перамогу польскай рэвалюцыі 1989 года быў параўнальным з унёскам «Салідарнасці».

#3 БУДЗЬЦЕ ЯК ГЕРЦЭН

Беларускія СМІ, якія фармулююць грамадскі парадак дня, — праўладныя ў Беларусі і эмігранцкія. Так склалася, што мы — голас Беларусі, прынамсі, іншай Беларусі. Але павінен гучаць голас Беларусі з Беларусі.

Так, мы жывём у час цуду сацсетак, інтэрнэту — адзінай інфармацыйнай прасторы. Напэўна, без гэтага феномэн «NEXTA» у 2020 годзе быў бы проста немагчымым.

Але экзістэнцыяльныя прасторы ў нас, эмігрантаў, і ў тых, хто жыве ў Беларусі, розныя. Мы не ходзім па беларускіх вуліцах, не ходзім у беларускія крамы, на нас не адбіваецца падвышэнне цэн у Беларусі, мы не ходзім на працу ў беларускія ўстановы, не ездзім на лецішча, не размаўляем з суседам-беларусам. Не чакаем візіту ГУБАЗіКа, нас не прызавуць у войска.


Глядзіце таксама

У свой час шалёная папулярнасць эмігранцкага «Звона» («Колокола») Аляксандра Герцэна тлумачылася, апроч іншага, лістамі з Расіі, як правіла, ананімнымі, з якіх чытач чуў аўтэнтычныя галасы краіны.

Гэтак і зараз гаварыць павінна Беларусь з Беларусі (і размова не адно пра лісты з-за кратаў).