«Бацькі не забудуць». Беларускі настаўнік — пра закрыццё прыватных школ

Тыдзень таму стала вядома, што ўлады закрылі 8 прыватных школ і прыпынілі дзейнасць яшчэ 12 недзяржаўных навучальных устаноў.  Спыталі, што пра гэта думаюць у настаўніцкім асяроддзі.

shutterstock_356921606.jpg


Сёння ў Беларусі адзначаецца Дзень настаўніка, але для многіх настаўнікаў гэта свята са слязьмі на вачах: і вучні, і супрацоўнікі прыватных школ у Беларусі цяпер пазбаўленыя магчымасці быць часткай адукацыйнага працэсу. На ўмовах ананімнасці мы папрасілі настаўніка адной з закрытых уладамі навучальных устаноў пракаментаваць сітуацыю.
«Я хацеў бы растлумачыць, якія менавіта дзеці вучацца ў прыватных школах. Гэта дзеці з абмежаванымі магчымасцямі, якія не могуць атрымаць неабходныя догляд і ўвагу ў дзяржаўных школах. Гэта дзеці, якія падвяргаліся ў дзяржаўных школах булінгу і не знайшлі належнай падтрымкі і абароны. Гэта дзеці з цяжкасцямі ў навучанні, абумоўленымі іх псіхафізічнымі асаблівасцямі, таму яны патрабуюць індывідуальнага падыходу. І нарэшце, гэта дзеці, чые бацькі маюць права шукаць і знаходзіць навучальныя ўстановы з больш высокім узроўнем выкладання, чым сярэднестатыстычныя.
Мы кожны дзень выбіраем больш свежыя хлеб і малако, то чаму не можам раз у жыцці выбраць лепшую школу?
Калі ўлада, у сваёй ірацыянальнай нянавісці да ўсіх форм прадпрымальніцтва, гатовая ахвяраваць інтарэсамі такіх дзяцей і іх бацькоў — ну, што ж... Дзеці вырастуць. Бацькі не забудуць».
Па ўсёй краіне знішчаецца любая магчымасць атрымаць якасную адукацыю. За «пазіцыю» звальняюць настаўнікаў і выкладчыкаў, закрываюць прыватныя школы і школы, дзе навучанне вядзецца на замежных мовах. Нядаўна ў Гродне была ліквідаваная «Польска Мацеж Школьна» — адна з найбуйнейшых грамадскіх школ Польшчы ў свеце.
Крымінальную справу завялі на дырэктарку прыватнай школы «Смарт Скул» пасля выступлення Лукашэнкі, падставай для якога стаў інцыдэнт паміж навучэнцамі гэтай школы. Ён запатрабаваў «зачысціць усё да немагчымасці ў сістэме адукацыі».