Жбанкоў: Адны паверылі ў перамены як перформанс, а іншыя аказаліся гатовымі за гэта забіваць
Алесь Пушкін быў больш чым проста палітвязнем, і яго смерць — больш чым проста забойства. Ува што трансфармуецца Беларусь і што з гэтым рабіць, піша культуролаг і кінакрытык Максім Жбанкоў для сайта ostwest.space.
Партызан-арт — чыста беларускае вынаходніцтва. Калі твой горад захоплены, а публічнасць караецца. Калі з тэлевізара ліецца нянавісць і ў турмах забіваюць палітвязняў. Калі няма права голасу, але ёсць права на ўцёкі. Калі пашанцуе — цябе выпусцяць з краіны. Калі атрымаецца — здолееш вярнуцца. І не пашкадаваць пра гэта. Жыццёва важна — зачышчаць тэлефон. Фільтраваць кантакты. І звыкла — уздрыгваць, калі раніцай у двары бразнуць дзверцы аўто. У той час, калі нехта будуе кар'еру і ездзіць пагрэцца ў Крым. А цяпер уявіце, што ў цэнтры Еўропы такое — з кароткімі адкатамі і рэгулярнымі абвастрэннямі — доўжыцца чвэрць стагоддзя. Вось і будзь тут свабодным артыстам. Вось і заставайся вольным і ганарлівым. Калі ты па факце ўсё адразу: Шцірліц, Чабурашка і Казімір Малевіч.
«You’re a rock ’n’ roll suicide…»
David Bowie
I
Нядаўні трагічны сыход з жыцця галоўнага арт-палітвязня краіны, мастака і перформера Алеся Пушкіна — нагода сказаць пра асаблівы тып творчай асобы, які быў выхаваны і адфарматаваны беларускім рэжымам за час яго існавання. Паколькі менавіта ў ім найбольш выразна выявіліся моцныя і слабыя бакі айчыннага арт-актывізму і інтэлектуальнага супраціву.
Пачнём з двух відавочных тэзісаў. Першы: стагнацыйны квазісавецкі палітычны рэжым Лукашэнкі мог стварыць (і стварыў) толькі сувымерную яму квазісавецкую мадэль культурніцкай палітыкі ўлады. Другое: квазісавецкая мадэль культурніцкай палітыкі ў краіне незавершанага дэмакратычнага транзітыву магла ў якасці сваёй альтэрнатывы атрымаць толькі такое ж (анты)савецкае культурнае дысідэнцтва. Эстэтычны пратэст, фармальныя адхіленні без шанцаў на выйгрыш. У беларускім раскладзе счапіліся дзве недасканалыя культурніцкія тактыкі: мяккая кан'юнктурная сервільнасць і ўпарты багемны партызанінг. Два варыянты прыкладнога дызайну. Дзве гісторыі ўчарашняга дня.
Прынцыповае падабенства ў тым, што ні адна, ні другая самі па сабе (без палітычных рычагоў) не былі здольныя змяніць краіну і народ. Прынцыповае адрозненне — у тым, што сервільнасць была заклікана гадаваць пакорлівую лаяльнасць, а партызанінг — маляўнічую нязгоду.
Алесь Пушкін: «Мастацтва патрэбна вельмі рэдкім людзям. І калі яно ўжо патрэбнае, то гэтыя людзі разумеюць усё. І мая стаўка ў рэшце рэшт і ёсць на гэтых людзей». (2004) [∗]
II
На пачатку 1990-х у культурным полі свежай беларускай незалежнасці сышліся два спектаклі. І два кшталты культурніцкага актывізму — службова-пасіўны і пасіянарна-гіперактыўны. Магчымасці і першага, і другога ў выніку аказаліся моцна перабольшанымі.
Так, краіну не лекавалі візіты расійскіх папсавікоў, шпіёнскае кіно пра авіясакрэты, міліцэйскія раманы Мікалая Чаргінца і правінцыйны чад ураджайных «Дажынак». Але гэтак жа нацыю не выратавалі рок-зонгі Лявона Вольскага, філасафемы Валянціна Акудовіча і дзёрзкія перформансы Алеся Пушкіна.
Драма і адчайная прыгажосць ранняй беларускай арт-альтэрнатывы ў тым, што яна нязменна працавала як фактар перамен — нават калі іншых важкіх фактараў зусім не праглядалася. Галоўным і безумоўным плюсам тут быў нефарматны крэатыў, адчайная патрэба «думаць Беларусь» (паводле выразу асуджанага на 5 гадоў строгага рэжыму філосафа Уладзіміра Мацкевіча). Галоўным мінусам аказаўся вельмі абмежаваны канцэптуальны і стылістычны рэсурс.
Новая краіна не будавалася, а марылася. Мроілася. Збіралася з дасяжнага: самаробнай філасофіі, мазаічнай адукацыі, міжваеннага шансону, фрагментарных звестак пра замежныя арт-практыкі, савецкага дысідэнцтва, польскага радыё, эмігранцкай прэсы, правінцыйнага фасону і партызанскага куражу. І суцэльна камфортна адчувала сябе ў звыклай нішы практыкаванняў у ментальным дызайне. На тэрыторыі, пазначанай рок-н-рольнымі нацыянал-рамантыкамі як «Незалежная Рэспубліка Мроя» — зоне агульнай мары. Галоўным поспехам яе быў сам факт існавання. Галоўнай перспектывай — падтрыманне свайго партызанскага статусу.
Алесь Пушкін: «Са мной сядзеў адзін расіец, які 17 гадоў пражыў у Беларусі. Ён мне так і заявіў, што я павінен з ім гаварыць па-руску. Я адказаў, што Беларусь — мая зямля, беларускамоўны Пушкін тут — рэальнасць, таму ён павінен цярпець». (2012)
У полі крэатыўнага нефармату межы паміж абуджэннем нацыі, грамадзянскім актывізмам, мастацкай працай і палітычным дзеяннем былі вельмі ўмоўнымі. А таму абодвум бакам ідэйнага супрацьстаяння часта здавалася, што гэта адно і тое ж. Палітыка — перфоманс. Перформанс — палітыка. І клубны рок хістае рэжым, вулічны праход з карцінай выпраўляе мазгі электарату, пераклад кніжак набелісткі Алексіевіч на беларускую — наўпроставы выклік уладзе, а прыватныя арт-галерэі сацыяльна небяспечныя. Значыць, каб утрымаць палітычнае поле, трэба перамагчы ў культурніцкім. То-бок у палітычным.
Ці трэба казаць, што тут з перамогай прамахнуліся ўсе дзеючыя асобы?
Адны паверылі ў перамены як перформанс. А іншыя аказаліся гатовымі за гэта забіваць.
III
Раней ўсё было ясна: унутры — падполле, звонку — парад.
У часы ўмоўнай стабільнасці партызан-арт дзейнічаў па абставінах. Працаваў у соннай краіне з агрэсіўным рэжымам у адзіным магчымым ключы: праз публічную клаўнаду, мудрагелістую метафарычнасць, балаганную атракцыённасць, шыфроўку сэнсаў і беспартыйны сакрэтны дызайн. З рэдкімі — і заўсёды скандальнымі — дыверсійнымі візітамі ў публічнае поле.
А як інакш рухаць краіну і сябе без адкрытай культуры і грамадзянскіх свабод?
Скачы, каб заўважылі. Згары, каб сагрэліся.
Алесь Пушкін: «Удзел у прэзідэнцкай кампаніі паэта Някляева — гэта перформанс. Перформанс творчага чалавека, такога, як я. Я таксама, дарэчы, буду балаціравацца ў прэзідэнты ў 2015 годзе. Алесь Пушкін — кандыдат у прэзідэнты, прыйдзе час і вы ўбачыце гэты мой мастацкі праект». (2010)
Выжывалі толькі фрыкі. Скамарохі нашай незалежнасці.
Ды і тое пакуль рэжыму было цікава гуляцца ў вышыванкі.
IV
Аўтарытарная Беларусь была і дагэтуль застаецца суцэльнай «мінусоўкай». Без рэальнай шматпартыйнасці і палітычнай канкурэнтнасці, эфектыўнай сеткі недзяржаўных медыя, прыватызацыі вядучых сфер эканомікі, дэцэнтралізацыі адукацыі і сістэмнай падтрымкі нацыянальнай культуры. У такім раскладзе прыдуманы прагрэсіўнай творчай меншасцю «праект Беларусь» усе гэтыя гады заставаўся роўна тым, чым мог адбыцца на выпаленым полі недадуманай нацыі: пасланнем ад нацыянал-рамантыкаў абыякаваму электарату.
Крыкам у фортку. Арт-інсталяцыяй. Фрык-парадам. Візіянерскімі доследамі.
Не грамадзянскім дзеяннем, а жэстам перформера.
Выйсці на плошчу да адміністрацыі прэзідэнта. На дзве хвіліны, пакуль не павяжуць. Патрапіць пад артыкул. Сесці на суткі. І зноў выйсці. І зноў сесці. І зноў выйсці. Каб пасля ў коле шырокай публікі сціснуцца да анекдота: «Пушкін? Гэта той, хто тачку г/ўна Лукашэнку прывёз?» У канфлікце канцэпту, кантэнту і кантэксту непазбежна перамагаў кантэкст.
Ну не «сякуць» у тваім акцыянізме ў нас на раёне!
Алесь Пушкін: «Мы пражылі ў Бабры 13 гадоў, і сёння я канстатую факт: не патрэбны людзям кліч свабоды, не адгукаюцца душы, не ўзнікае рэзанансу ў іхніх душах. Я — адзіны прафесійны мастак на 32 тысячы жыхароў Крупскага раёна, але атрымліваецца, што і я не патрэбны. Мяне трактуюць як? Мацяршчыннік, нягоднік, бандыт. Засталося толькі, калі я на Купаллі крупнік вару і частую людзей, прыпісаць мне варэнне самагону і продаж. Вось калі для поўнай камплектнасці і гэты артыкул мне ўсабачаць — тады цалкам вясковы нягоднік атрымаецца». (2016)
Правінцыйны партызан — заўсёды кранальна і смешна. Паколькі яго вайна суседу няўцямная. І таму рэгулярна здаецца, што ваюеш адзін. Адбіваеш краіну, якой ўсё адно.
Яна цябе зжарэ. А ты ўсё роўна вяртаешся на радзіму. На расправу.
Такі выбар. Такая місія. Такая радзіма.
Ты тут гарыш, пакуль народ стаіць за півам. Але вось якая справа: ты інакш не можаш.
Праўда, і яны — таксама.
V
Сутнасць наяўнай сітуацыі — у рэзкім абвастрэнні разрыву сэнсаў. У вострым канфлікце публічных спектакляў, дзе адзін працуе на прыгажосць жэсту, а другі — на гатоўнасць закатаць суперніка ў асфальт.
Зваротны бок партызан-арту — наканаваная і натхнёная ахвярнасць. Партызан не выйграе. І не здаецца.
Алесь Пушкін: «Я праваслаўны артадокс. І гэта ляжыць у аснове таго, што я не шкадую сябе. Бо сказана ў Бібліі: “Пакутамі амыюся і пакутамі абялюся”. Мне больш павераць, калі я буду ісці босым па снезе і лягу сам, а не пакладу манекен ці падсцялю саломкі там, дзе трэба паваліцца… Толькі вера і нейкая ўсходняя ўтрапёнасць і робяць з мяне гэтую бяду — мастака-перформера». (2002)
Як у амерыканскім кіно 1950-х: два аўто на начной аўтастрадзе ляцяць насустрач адно аднаму. Хто збочыць — прайграў. У выпадку Пушкіна абодва бакі пайшлі да канца. Цалкам.
Ці магло быць інакш? Не. Не ў гэтым олдскульным кіно.
Тут кожны — закладнік сваёй праграмы. І адыгрывае сваю партыю па поўнай.
VI
Смерць Алеся Пушкіна пазначыла канчатковы закат эпохі дазволеных вольнасцей. Распад ранейшых зручных канвенцый: «Мы тут наверсе парулім, а вы там унізе павесяліцеся!» Рэжым ліхаманіць. Сістэма ў істэрыцы. Жыве даносамі і пасадкамі.
Не, пакуль яшчэ можна выпіць рыстрэта на летняй тэрасе, па знаёмстве патрапіць на кватэрную выставу і на пару гадзін прымроіць, што ўсё о’кей. Але пра прыкметную рэгулярную прысутнасць у публічным полі «нефармату» можна забыцца сур'ёзна і надоўга.
Рэжымам рухае логіка дваровага хулігана: «Спачатку — драбязу, потым — акулярнікаў!» Спачатку адсочвалі мяцежнікаў па хроніках пратэсных маршаў. Пасля пайшлі з арыштамі і ператрусамі па культурніцкіх пляцоўках. Да выдаўцоў, мастакоў і арт-менеджараў.
Наўпрост на нашых вачах адбудоўваецца надзвычайны культурніцкі рэжым. Нуль сантыментаў. Зараз усё па-даросламу: ваш арт — наш страх. А артыкул знойдзецца на кожнага.
Цяперашняе беларускае паляванне на артыстаў — новы стары таталітарны стайл. Праполка чужароднага. Смяротная эстэтычная несумяшчальнасць, здольная перавесці сэнсавыя розначытанні ў культурны тэрор з летальным зыходам.
Алесь Пушкін: «Я адчуў маральнае права канстатаваць факт: наша дзяржава — неасталінская. Бо я ўбачыў рэакцыю дзяржавы на мастакоў, якія будзяць памяць пра тыя жахлівыя падзеі недалёкай гісторыі, якія адбываліся ва ўнутранай палітыцы дзяржавы — масавыя рэпрэсіі. Па сутнасці гэта зроблена таму, што дзяржава пакідае за сабой права рэпрэсаваць і далей». (2013)
Вайна культур пайшла на вайну з культурай. І дзіўны артыст, нефармальны патрыёт — ужо не блазнаваты маргінал, а відавочны вораг і палітычны супраціўнік. Улада — не агульны тата, а садыст і кат. Які зараз востра баіцца артыста — як роўнага.
Толькі вось мы не роўныя. Інструментарый не той. І сілавы рэсурс несувымерны.
Многае робіцца зразумелым, калі насустрач артысту выходзіць АМАП.
Тут няма правільных партый і ўдалага зыходу.
Ёсць простая дылема: ахвяра ці кат.
Ад гэтага часу ўвайсці ў клетку, каб згуляць сваё па-старому — (сама)забойства.
VII
Час азірнуцца напрыканцы на ўжо адыграны пейзаж.
Пакаленне арт-партызанства часоў стартавай беларускай незалежнасці — нашы героі Галактыкі. Брыгада прагрэсараў мэтавага прызначэння. Адважных, але ў нечым вельмі савецкіх. Лятучых наладчыкаў нацыянал-дызайну. З наіўнай верай у тое, што крэатыў разгайдае краіну, шэры колер лепшы за чырвоны, Беларусь жыве ў слоўніку, рок-н-рол выратуе ад «Масквы ў галаве», а стыль лечыць ад глупства.
Сюжэт рамантычнага нацыянальнага перформансу — выдатная сыходзячая натура, пра якую карціць гаварыць парадоксамі. Авангард без ар'ергарда. Выдатныя безнадзейныя. Прыгожыя. Адчайныя. Незапатрабаваныя. Эксперыментатары мінскага разліву. Дзеці кішэнных альбомчыкаў Ван Гога і Далі. Імправізацыйныя палітыкі. Іканапісцы і рэстаўратары. Візіянеры ды ідэалісты. Самураі адраджэння. Накіды немагчымага заўтра.
З Беларуссю аднойчы здарылася культура фантазёраў і піжонаў, аматараў паганскага этна, нямецкага індастрыялу, французскага постмадэрну, прыкладнога будызму і польскага панк-року. Прынцыпова несумяшчальная з калгасным рэжымам і правінцыйнай масоўкай.
У іх быў план для краіны. Але не было краіны для гэтага плана. І радзіма іх адпусціла. Тых, хто здолеў ацалець.
Стракатыя гульні скончыліся. Час зламаўся. Ізноў.
Праекты здохлі. Летуценнікі павыгаралі. Настаў час праваслаўнага спецназа, арт-пакутнікаў і аварыйных мігрантаў.
Хочаш новай краіны? Зрабі, каб усе яны сталіся немагчымымі.
[∗] У тэксце скарыстаны цытаты Алеся Пушкіна з інтэрв’ю «Радыё Свабода» розных гадоў.