У Беластоку адкрылі выставу рэпрэсаванага беларускага мастацтва, прысвечаную памяці Алеся Пушкіна (шмат фота)

У экспазіцыі тры дзясяткі работ: карціны, скульптуры, інсталяцыі. Усе яны прадаюцца. Атрыманыя сродкі перададуць сям’і Алеся Пушкіна і рэпрэсаваным мастакам, піша «Наша Ніва».

Тут і далей фота "Нашай Нівы"

Тут і далей фота "Нашай Нівы"

Арт-рэзідэнцыя «Дом творцаў» сабрала разам 14 беларускіх мастакоў, імёны якіх з меркаванняў бяспекі не агучваюцца. Цягам двух тыдняў яны працавалі над работамі, якія і былі прадстаўленыя на выставе. Яе разгарнулі ў Беластоку не выпадкова. Ад яго да беларускай мяжы ўсяго 60 кіламетраў.

На адкрыццё ў мясцовы тэатр «Nie Teatr» прыйшло некалькі дзясяткаў чалавек.

На імпрэзе паказалі фільм пра памерлага ў зняволенні беларускага мастака. У ім ён расказвае пра сваю творчасць і пра кроў, якая пралілася ў Беларусі ў 2020 годзе. Стужка выклікала шквал эмоцыяў. Многія наведнікі выставы не маглі стрымаць слёз, слухаючы Алеся Пушкіна.

«Не браў заходніх грантаў, не служыў уладзе — я ёсць натуральны беларускі мастак. У гэтым мая каштоўнасць…» — казаў мастак з экрана манітора.

Кожны экспанат выставы нясе свой сэнс, тлумачыць Вольга Шніп: «Кветкі — сімвал жыцця, якое мы самі можам пабудаваць. Непрыгожыя спілаваныя дрэвы азначаюць, што шмат гадоў людзі будуць жыць са сваім болем. Тут шмат ніцяў, якія сімвалізуюць тое, што ўсё ўзаемазвязана: нашы эмоцыі, жыццё і смерць».

Дзесяць гадоў таму Алесь Пушкін у Беластоку ўдзельнічаў у культурніцкім перфомансе. У адзенні з барочнага свету ён шпацыраваў па вуліцах гораду, дзівячы мінакоў, згадала папулярызатарка беларускай культуры ў Польшчы Ілона Карпюк.

«Мінула дзесяць гадоў, і мы сустракаемся ў зусім іншых умовах, але постаць Алеся надалей шпацыруе па вуліцах Беластоку», — казала дзяячка беларускага руху.

Выстава прабудзе ў Беластоку да 18 жніўня. Увесь гэты час уваход на яе будзе бясплатным. Да ажыццяўлення праекта спрычылася і фундацыя «Тутака», якая нядаўна правяла фестываль абуджаных.

Кошт найдаражэйшай з прац, выстаўленых на продаж, 1400 даляраў, а найтаннейшай — 150 даляраў.


Алесь Пушкін памёр у ноч на 11 ліпеня ў шпіталі, куды яго даставілі ў непрытомным стане з гродзенскай турмы.

Мастак быў кінуты на 5 гадоў у калонію строгага рэжыму па абвінавачанні ў «здзеку з дзяржаўных сімвалаў» і «распальванні варожасці».

Нагодай для пераследу мастака стаў партрэт антысавецкага падпольшчыка Аўгена Жыхара, які лукашысты інтэрпрэтавалі як «рэабілітацыю нацызму».

Вядомы беларускі мастак, жывапісец-нонканфарміст, перформер спачатку пакаранне адбываў у івацэвіцкай калоніі, а потым быў пераведзены на турэмны рэжым у Гродна.

Пахавалі Алеся Пушкіна на могілках роднай яму вёсцы Бобр.