Эканаміст: «Чым даўжэй дыктатар застаецца ва ўладзе, тым цяжэйшы лёс краіны»

Прафесар эканомікі ва ўніверсітэце Sciences Po ў Парыжы Сяргей Гурыеў разважае пра падабенствы і адрозненні Пуціна і Лукашэнкі, пра салідарнасць дыктатараў і пра тое, што будзе з Беларуссю пасля руйнавання рэжыму.

img_0383_1_logo_1_logo.jpg

Улада беларускага кіраўніка з самага пачатку трымалася на гвалце, і гэта было зразумела задоўга да 2020 года па знікненні апазіцыянераў, правядзенні «выбараў» і хвалях рэпрэсій.

— Лукашэнка першапачаткова — дыктатар страху, — адзначыў эканаміст у эфіры «Звычайнага ранку». — Да падзей 2020 года ён не моцна думаў пра тое, што яму патрэбны нейкія інфармацыйныя механізмы, проста спадзяваўся на гвалт. А калі задумаўся аб пытаннях прапаганды, яму, як памятаеце, прыйшлося запрашаць спецыялістаў з Расіі, і прыляталі цэлыя самалёты з прапагандыстамі.

Пуцін аж да 2021-2022 года быў дыктатарам падману. Ён, безумоўна, адставаў ад Лукашэнкі з пункту гледжання прымянення гвалту, і ў Расіі заўсёды казалі пра тое, што трэба глядзець на Беларусь: што адбываецца ў Беларусі цяпер, адбудзецца ў РФ праз некалькі гадоў.

Скончылася гэта трансфармацыя літаральна ў першыя тыдні пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну, калі ўсе незалежныя СМІ былі закрыты, заблакіраваны Facebook, Twitter, Instagram і Пуцін увёў адкрытую цэнзуру, «замежных агентаў»…

Мы з палітолагам Даніелам Трэйсманам гаворым пра гэта ў кнізе «Дыктатары падману. Новы твар тыраніі ў XXI стагоддзі»: дыктатары страху і дыктатары падману адзін у аднаго вучацца, дзеляцца досведам.

Безумоўна, да таго, што робіць Лукашэнка, Пуцін яшчэ не дайшоў. Расійскія апазіцыянеры яшчэ могуць абменьвацца інфармацыяй са знешнім светам, нават Аляксей Навальны можа паслаць паведамленне з турмы і мець зносіны з адвакатам, у той час як ад беларускіх апазіцыянераў ужо шмат месяцаў нічога не чуваць.

Зноў-такі, такога, як у Беларусі — па запісах камер з 2020 года людзей апазнаюць, пачынаюць арыштоўваць і катаваць — у Расіі пакуль няма. Але ў цэлым і расійскі рэжым рухаецца ў бок вялікага пашырэння рэпрэсій. Зрэшты, і той, і другі пакуль не дайшлі да маштабу сталінскіх рэпрэсій 1930-х гадоў.

Сяргей Гурыеў перакананы, што выкарыстанне аўтарытарнымі рэжымамі запалохвання — крок адчаю, які паказвае іх слабасць.

— Выходзіць, «закручванне гаек» у Беларусі — паказчык слабасці сістэмы?

— Так, таму што гэта тупік: немагчыма вярнуцца да сітуацыі, якая была ў Беларусі да 2020 года, калі, пры ўсіх недахопах мадэлі, быў нейкі высокатэхналагічны сектар, што экспартаваў паслугі па ўсім свеце, а Беларусь, хоць і залежала ад Расіі, была канкурэнтаздольнай эканомікай.

Цяпер Беларусь страціла свой суверэнітэт: калі ў краіне стаяць расійскія войскі, зразумела, што ў любы момант Пуцін зможа, калі захоча, замяніць кіраўніка гэтай краіны. І ў гэтым сэнсе тое, што робіць Лукашэнка, вядзе да катастрофы ягоны ўласны рэжым. Яго мадэль збанкрутавала, і, як казаў Астап Бэндэр, «я чалавек зайздросны, але тут зайздросціць няма чаму».

— Як дорага беларусам абыходзіцца жаданне кіраўніка заставацца ва ўладзе?

Чым даўжэй ён на троне, тым больш руйнуе краіну і народ, кажа эканаміст.

— Мы бачылі гэта ў 2011-2012 гадах, калі бурыліся рэжымы ў Паўночнай Афрыцы і на Блізкім Усходзе. Дзесяцігоддзі знаходжання ва ўладзе жорсткіх дыктатараў прыводзяць да таго, што ў краіне няма грамадзянскай супольнасці, няма апазіцыі. І чым даўжэй дыктатар застаецца ва ўладзе, тым горшыя перспектывы, тым цяжэйшы лёс краіны пасля таго, як ён сыходзіць.

Гэта не азначае, што дэмакратызацыя шкодная. Віна ляжыць не на тых людзях, якія прыходзяць пасля дыктатара, а на дыктатары, які вытоптвае, выпальвае грамадзянскую супольнасць, усе парасткі жывога і незалежнага, знішчае эканоміку.

— Што можа прапанаваць Беларусь свету — без Лукашэнкі?

— Можна паглядзець на тое, што адбылося ў Польшчы ці ў балтыйскіх краінах-суседках Беларусі за гэтыя 30 гадоў. Яны сталі краінамі з высокім узроўнем даходу. Так, ёсць праблемы, моладзь з'язджае, эканоміка па-ранейшаму адстае ад нямецкай, і гэта ўсё праўда. Але тое, які шлях прайшла тая ж Польшча, паказвае, наколькі багацейшай магла б быць Беларусь, калі б пайшла па дэмакратычным еўрапейскім шляху.

Да 2020 года Парк высокіх тэхналогій быў брэндам, у краіне былі кампаніі сусветнага ўзроўню, уключаючы EPAM, развіваўся экспарт высокатэхналагічных паслуг. Але не трэба думаць, што Беларусь павінна вырабляць нешта адно — гэта нармальная еўрапейская краіна і, як і іншыя цэнтральнаеўрапейскія краіны, яна можа быць часткай сусветнай эканомікі.