Кошт свабоды: Больш за мільярд долараў за кожнага з пяці вызваленых амерыканцаў у Іране

Злучаныя Штаты разблакавалі замарожаныя актывы Ірана ў Паўднёвай Карэі на суму 6–7 мільярдаў долараў за вызваленне сваіх грамадзянаў.

Тры вядомыя амерыканцы, вызваленыя з іранскай вязніцы

Тры вядомыя амерыканцы, вызваленыя з іранскай вязніцы

Кіраўнік Цэнтральнага банку Ірану Махамад Рэза Фарзін заявіў, што грошы будуць пераведзеныя на рахункі іранскіх банкаў у Катары і выдаткаваныя на тавары, якія не знаходзяцца ў санкцыйных сьпісах, паведамляе «Радыё Свабода». Розьніца ў магчымай суме тлумачыцца тым, што актывы замарожаныя ў вонах і будуць пераведзеныя ў іншыя валюты па пакуль невядомым курсе, тлумачыць Times of Israel.

Афіцыйны прадстаўнік Белага дому Джон Кірбі заявіў, што Вашынгтон дазволіў выдаткаваць разблякаваныя сродкі толькі на харчы, мэдыкамэнты і мэдычную амуніцыю, якую нельга выкарыстаць у ваенных праграмах.

Працэс вызваленьня амэрыканцаў і іх перавод завяршыцца да сярэдзіны-канца верасьня. Вядомыя імёны толькі траіх з пецярых вызваленых грамадзян.

Гэта бізнэсоўцы Сіямак Намазі, Эмад Шаргі і эколяг Марад Тахбаз. Усе яны былі засуджаныя на дзесяцігадовыя тэрміны за супрацоўніцтва з замежнай дзяржавай або шпіянаж. Адвакаты настойвалі на іх невінаватасьці. Яшчэ двое амэрыканцаў пажадалі застацца неназванымі. Вядома, што адна зьняволеная – жанчына.

The New York Times адзначае, што рашэньне Белага дому па разблякаваньні актываў вельмі крытыкуе Рэспубліканская партыя. Былы віцэ-прэзыдэнт ЗША Майк Пэнс, які выставіў кандыдатуру на прэзыдэнцкія выбары 2024 году, назваў пагадненьне Вашынгтону і Тэгерану «найбуйнейшым выкупам у амэрыканскай гісторыі».

«Іран выкарыстоўвае гэтыя грошы, каб вырабляць дроны для Расеі і спансаваць тэрарызм супраць ЗША і Ізраіля. Кітай і Расея, якія ўтрымліваюць амэрыканскіх закладнікаў, цяпер ведаюць ім цану», – напісаў палітык у твітары.

Што вядома пра палонных амэрыканцаў

Марада Тахбаза затрымалі ў 2018 годзе: разам з калегамі ён выкарыстоўваў камэры-пасткі для назіраньня за рэдкімі птушкамі, аднак іранскія ўлады расцанілі гэта як шпіянаж;

Эмада Шаргі таксама абвінавацілі ў шпіянажы ў 2018 годзе пры ўезьдзе ў Іран – яго засудзілі на 10 гадоў пазбаўленьня волі;

Сіямак Намазі лічыцца грамадзянінам ЗША, якога даўжэй за ўсіх утрымліваюць у Іране: ён знаходзіцца за кратамі амаль восем гадоў за «сувязі з варожай дзяржавай».

Ці магчымы выкуп палітвязняў у рэжыма Лукашэнкі? Па згаданым курсе такіх грошаў не выдаткуе ніхто. 

Нагадаем, у Беларусі на сёння каля 1800 вядомых палітзняволеных.