Хрэнін: «Магчымасць непасрэднага ваеннага сутыкнення з NATO становіцца відавочнай»

«За грошы кінуць народы сваіх краін у мясарубку вайны»: міністр абароны Беларусі заявіў пра магчымасць хуткай вайны з NATO.

fota_dzmitryja_dzmitryeva_novychas_784_logo_1.jpg

Магчымасць непасрэднага ваеннага сутыкнення Усходу з NATO ў будучыні становіцца зусім відавочнай. Такую заяву зачытаў з аркуша міністр абароны Віктар Хрэнін, выступаючы 15 жніўня на XI маскоўскай канферэнцыі па міжнароднай бяспецы, піша «Люстэрка».

— На Захадзе ідзе інтэнсіўная ваенная падрыхтоўка, у гэта ўкладаюцца велізарныя грошы. І трэба разумець, што ў капіталістычным свеце замарожваць свае актывы ў зброю і разадзьмутую армію проста так ніхто не будзе, — зачытаў ён. — Таму выснову можна зрабіць адназначную: магчымасць непасрэднага ваеннага сутыкнення з NATO ў будучыні становіцца зусім відавочнай.

Паводле Хрэніна, сёння «ўсе маскі скінуты, сапраўдныя планы Захаду ўжо гучаць з вуснаў высокапастаўленых службовых асоб».

— Адзінае, што стрымлівае ўладныя структуры краін «залатога мільярда» (канспіралагічная тэорыя, згодна з якой нейкія таемныя сілы дамагаюцца пераразмеркавання львінай долі выгады на карысць параўнальна невялікай багатай долі насельніцтва Зямлі — «залатога мільярда». — Заўв. рэд.) ад развязвання буйнамаштабнай вайны — гэта пагроза ядзернага адказу на іх дзеянні. Невыпадкова Беларусь разглядае вяртанне тактычнай ядзернай зброі на сваю тэрыторыю як дзейсны фактар стратэгічнага стрымлівання, — адзначыў Хрэнін.


Віктар Хрэнін падчас выступлення на канферэнцыі ў Маскве. 15 жніўня 2023 года. Скрыншот трансляцыі

Віктар Хрэнін падчас выступлення на канферэнцыі ў Маскве. 15 жніўня 2023 года. Скрыншот трансляцыі

Акрамя таго, міністр абароны ўпэўнены, што «асобныя заходнія палітыкі» дагэтуль «мысляць катэгорыямі метраполій і калоній, фактычна адраджаючы гандаль рабамі ў новай форме».

— Для гэтых сучасных неаканалізатараў (мяркуючы па ўсім, Віктар Хрэнін меў на ўвазе «неакаланізатараў». — Заўв. рэд.) уласныя грамадзяне становяцца жывым таварам. Мы назіраем, як большасць падкантрольных Вашынгтону кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў паводзяць сябе падобна да сярэднявечных гандляроў рабамі, прапаноўваючы за грошы кінуць народы сваіх краін у мясарубку вайны. На нашу думку, апошняе пашырэнне Паўночнаатлантычнага альянсу таксама з’яўляецца своеасаблівай каланілізацыяй (мяркуючы па ўсім, Віктар Хрэнін меў на ўвазе «каланізацыяй». — Заўв. рэд.) новых тэрыторый з мэтай выкарыстання насельніцтва, што там пражывае, у імавернай вайне з Усходам. Прычым пад словам «Усход» тут трэба разумець усе дзяржавы, гатовыя супрацьстаяць заходняй дзяржаве, — зачытаў з аркуша кіраўнік абароннага ведамства.