Ці пагодзіцца Украіна ўступіць у NATO ў абмен на захопленыя РФ тэрыторыі?
Кіраўнік офіса генеральнага сакратара NATO назваў «адзін з магчымых варыянтаў», як спыніць вайну: Украіна адмаўляецца ад часткі сваіх тэрыторый, якія захапіла РФ, і ўступае ў NATO. Ва Украіне гэта назвалі непрымальным.
Кіраўнік офіса генеральнага сакратара NATO Стыан Енсэн заявіў, што адным з магчымых варыянтаў заканчэння вайны, развязанай Расіяй супраць Украіны, можа стаць тое, што Украіна саступіць частку сваіх тэрыторый у абмен на сяброўства ў NATO. Яго словы прыводзіць нарвежскі таблоід «VG».
«Я лічу, што адным з рашэнняў магла б стаць адмова Украіны ад тэрыторыі і сяброўства ў NATO ў абмен», — сказаў ён падчас выступлення ў нарвежскім горадзе Арэндал.
Стыан Енсэн падкрэсліў, што Украіна павінна сама вырашыць, калі і на якіх умовах яна хоча весці перамовы з РФ. Прычым тое, што рашэнне застаецца за Украінай — гэта агульная пазіцыя NATO.
Ён сказаў, што дыскусіі пра будучы статус Украіны ў кантэксце Альянсу пасля вайны ўжо вядуцца. «У пытанні пра будучыню сяброўства Украіны ў NATO намеціўся значны рух. Усе зацікаўлены ў тым, каб вайна не паўтарылася», — заявіў Енсэн.
«Расія адчувае велізарныя ваенныя цяжкасці, і здаецца нерэальным, што яны могуць захапіць новыя тэрыторыі. Цяпер гаворка ідзе хутчэй пра тое, што менавіта Украіна зможа вярнуць сабе», — цытуе яго «VG».
На пытанне журналіста выдання, ці ўважае NATO, што Украіна павінна саступіць тэрыторыі, каб дасягнуць міру з Расіяй і стаць чальцом Альянсу, Стыан Енсэн адказаў, што абмеркаванне магчымага статусу пасля вайны ўжо ідзе і што пытанні пра саступку тэрыторый Расіі ўздымаюць іншыя краіны. У прыватнасці, ёсць варыянты з адмовай Кіева ад часткі тэрыторыі. «Я не кажу, што так павінна быць. Але гэта можа быць магчымым рашэннем», — адзначыў Енсэн.
Рэакцыя МЗС Украіны
Прэс-сакратар МЗС Украіны Алег Ніколенка заявіў, што размовы аб уступленні Украіны ў NATO ў абмен на адмову ад часткі ўкраінскіх тэрыторый абсалютна непрымальныя.
«Заўсёды лічылася, што Альянс, як і Украіна, не гандлюе тэрыторыямі. Свядомы ці несвядомы ўдзел афіцыйных асоб NATO ў фарміраванні наратыву пра магчымасць адмовы Украіны ад сваіх тэрыторый гуляе на руку Расіі», — напісаў ён у Facebook.
Ніколенка адзначыў, што дзеля еўраатлантычнай бяспекі варта абмеркаваць шляхі паскарэння перамогі Украіны і набыцця ёю паўнапраўнага сяброўства ў NATO.
«Мы поўныя рашучасці працягваць плённае супрацоўніцтва з Сакратарыятам NATO для дасягнення гэтых мэт», — падкрэсліў ён.
Рэакцыя Адміністрацыі прэзідэнта Украіны
Дарадца кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Міхаіл Падаляк лічыць, што такія заявы з'яўляюцца спробай захаваць сусветны парадак і ўсталяваць «дрэнны мір». Ён адзначыў, што Расія не адмовіцца ад перадачы вайны іншым пакаленням у будучыні.
«Відавочна, што пакуль Пуцін не пацерпіць разгромнае паражэнне, палітычны рэжым у Расіі не зменіцца, а ваенныя злачынцы не будуць пакараны, а вайна абавязкова вернецца з павелічэннем расійскіх апетытаў», — напісаў ён у Twitter.
Падаляк лічыць, што спробы захаваць сусветны парадак і ўсталяваць «дрэнны мір» праз трыумф Пуціна не прынясуць свету міру, а прынясуць ганьбу і вайну.
Міхаіл Падаляк у каментары «Медузе» назваў заяву Стыяна Енсэна «вельмі дзіўнай прапановай»: «яна па-ранейшаму сімвалізуе, што ў часткі палітычных эліт так і не склалася поўнага разумення сітуацыі, поўнага разумення прыроды вайны. Я б нават больш сказаў, гэта відавочна кладзецца ў логіку сцэнара «замарозкі», якога так хоча Расія».
Падаляк падкрэсліў, што такое «рашэнне» вайны «абсалютна не спыніць наступныя трагедыі, эскалацыі, атакі». «Адсюль простая выснова: мне здаецца, вельмі недарэчна працягваць шукаць спосабы не адказваць на галоўны выклік сённяшняга часу, вельмі недарэчна спрабаваць адкрыта перанесці вайну на наступнае пакаленне», — заявіў Падаляк.
Уступленне Украіны ў NATO і саміт Альянсу ў Вільні
Нагадаем, на саміце NATO, які прайшоў у Вільні ў ліпені, удзельнікі Альянсу пагадзіліся спрасціць працэс уступлення Украіны ў вайскова-палітычны блок, а краіны «Вялікай сямёркі» прынялі заяву аб гарантыях бяспекі для Украіны.
Украіна пачала перамовы па гарантыях бяспекі з ЗША і Вялікабрытаніяй.
Але, нягледзячы на спадзяванні, на саміце ў Вільні Украіна не атрымала прамога запрашэння ў NATO ад краін Альянсу. Як растлумачыў генеральны сакратар NATO Енс Столтэнберг, Украіна атрымае запрашэнне, калі «ўсе саюзнікі пагодзяцца і ўмовы будуць выкананы». Аднак у дэкларацыі не пазначаны ўмовы, якія павінны быць выкананы.
Перад самітам NATO прэзідэнт Уладзімір Зяленскі раскрытыкаваў Альянс за нерашучасць у дачыненні да Украіны і нават задумваўся, ці ехаць у Вільню. Аднак пазней Зяленскі сказаў, што разумее: Украіна не можа стаць сябрам Альянсу, пакуль на яе тэрыторыі працягваецца вайна з Расіяй. Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн таксама не бачыць магчымасці ўступлення Украіны ў NATO, пакуль вайна не скончыцца.
Паводле ўкраінскай службы РБК, «Медуза»