Зяленскі ў Вільні: NATO дасць Украіне бяспеку, Украіна зробіць NATO мацнейшым

Паўночнаатлантычны альянс дасць Украіне бяспеку, Украіна зробіць NATO мацнейшым. Пра гэта прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў падчас выступу ў Вільні на мітынгу ў падтрымку ўступлення Украіны ў NATO

uladzimir_zjalenski_u_vilni.jpg

11–12 ліпеня ў сталіцы Літвы Вільні праходзіць саміт NATO. У аўторак у Вільню прыляцеў і прэзідэнт Уладзімір Зяленскі. Разам з кіраўніком Украіны прыбылі першая лэдзі Алена Зяленская і міністр абароны Аляксей Рэзнікаў.

СМІ паведамляюць, што Зяленскі прыляцеў у сталіцу Літвы з польскага горада Жэшуў на дзяржаўным самалёце Польшчы.

"Праз некаторы час ён выехаў з VIP-тэрмінала Віленскага аэрапорта ў картэжы, памахаў рукой журналістам па дарозе", — гаворыцца ў паведамленні літоўскага тэлеканала LRT.

Крыніца: Новини.LIVE [ youtube ]

Прэзідэнт Украіны ў выступе на Лукішскай плошчы адзначыў, што сёння прыехаў у Вільню з верай у рашэнне, з верай у партнёраў, з верай у моцнае NATO, у тое NATO, якое не вагаецца, не марнуе час і не аглядваецца ні на аднаго агрэсара.

«Хацелася б, каб гэтая вера стала ўпэўненасцю ў рашэннях, якіх мы ўсе заслугоўваем і якіх чакае кожны наш салдат, кожны наш грамадзянін, кожная наша маці, кожнае наша дзіця. Гэта занадта, каб жадаць?» — дадаў Зяленскі.

Глядзіце таксама

Прапануем тэкст выступу прэзідэнта Украіны з невялікімі скарачэннямі.

— Слава Украіне!

Дзякуй, Літва, вялікі дзякуй.

Вільня, гэта вялікі гонар быць тут! Я цябе віншую! Вітаю і дзякую! Кожнаму з вас!

Тут, у Вільні, мы бачым прагрэс Еўропы. Тут людзі ведаюць, што такое бяспека і як яе дасягнуць. І яны ведаюць, што бяспека — гэта разам з Украінай.

Я ўдзячны табе, Вільня, і ўсім літоўскім гарадам і суполкам за кожны заклік у падтрымку Украіны, за тое, што тут, у сваім доме, у Літве, прытуляеш нашых людзей, якія ўцяклі ад баявых дзеянняў... Дзякуй вам!

Дзякуй за дапамогу нашай абароне, за ясную, сумленную і, што важна, мужную пазіцыю адносна запрашэння Украіны ў NATO. Украінскія сцягі на вуліцах Літвы яскрава сведчаць, што мы ўжо саюзнікі, і Украіна будзе абараняць і сваю, і вашу свабоду! І ніколі, ніколі і нікому нельга азірацца на Маскву!

Сёння тут, у Вільні, украінскі баявы сцяг з Бахмута. Бахмут — адна з самых вызначальных бітваў за свабоду ў Еўропе, і такой яна запомніцца нашым дзецям і ўнукам. Гэты наш баявы сцяг з Бахмута азначае, што ніколі больш літоўцам не давядзецца ваяваць супраць рускіх салдат ні пад віленскай тэлевежай, ні ў іншым месцы сталіцы вашай краіны! Літва заўсёды будзе толькі вашай! 

Гэты наш сцяг азначае, што дэпартацый з Прыбалтыкі ў Сібір ніколі больш не будзе. 

Ніколі больш не будзе падзелаў Польшчы і знявагі Венгрыі захопнікамі. 

Ніколі больш не будзе танкаў у Празе і «зімовых войнаў» супраць свабоды Фінляндыі... 

У Еўропе больш не будзе акупацыі!


Уладзімір Зяленскі на Лукішскай плошчы ў Вільні. Фота Meduza

Уладзімір Зяленскі на Лукішскай плошчы ў Вільні. Фота Meduza

Нягледзячы на тое, што ўкраінскі сцяг прабіты кулямі, ён жывы, горды і вольны, а значыць, кожны сцяг народаў Еўропы будзе жывым, гордым і вольным. 

Там, на руінах Бахмута, на палях іншых бітваў ва Украіне, расійскія агрэсіўныя захопніцкія амбіцыі застануцца пераможанымі. І не Украіна ці хтосьці іншы ў нашай Еўропе, а яны, расійскія агрэсіўныя амбіцыі, будуць у руінах.

Сёння я адправіўся сюды з верай у рашэнне, з верай у нашых партнёраў, з верай у моцнае NATO. У NATO, якое не вагаецца, не марнуе час і не азіраецца ні на аднаго агрэсара... І я хацеў бы, каб гэтая вера стала ўпэўненасцю — упэўненасцю ў тых рашэннях, якіх мы заслугоўваем — мы ўсе заслугоўваем і якіх чакае кожны з нашых салдат, кожны наш грамадзянін, кожная наша маці, кожнае наша дзіця. І гэта занадта вялікае жаданне?

NATO дасць Украіне бяспеку. Украіна зробіць Альянс мацнейшым!

Паводле korrespondent.net,  www.ukrinform.ua