Літва абвясціла Вольгу Карач «пагрозай нацыянальнай бяспецы»?
Вольга Карач заявіла, што ўлады Літвы адмовілі ёй у палітычным прытулку і абвясцілі «пагрозай нацыянальнай бяспецы».
Улады Літвы адмовілі Вользе Карач, кіраўніцы Цэнтра грамадзянскіх ініцыятыў «Наш дом», у палітычным прытулку і нібыта абвясцілі яе «пагрозай нацыянальнай бяспецы». Пра гэта сама Карач паведаміла расійскай «Медузе».
Са слоў Карач, літоўскія ўлады абгрунтавалі сваё рашэнне тым, што яна брала інтэрв'ю ў заснавальніка ЛДПР Уладзіміра Жырыноўскага, а таксама ўдзельнічала ў канферэнцыях у Расіі, у тым ліку арганізаваных Еўракамісіяй.
Вольга Карач, пасля таго, як пакінула Беларусь, жыве ў Літве. Пакуль невядома, як доўга яна зможа заставацца ў краіне.
Камітэт дзяржбяспекі Беларусі ў верасні 2021 года ўнёс Вольгу Карач у «спіс тэрарыстаў», а МУС Беларусі ў траўні 2022 года абвясціла арганізацыю «Наш дом», якой кіруе актывістка, «экстрэмісцкім фарміраваннем».
Улады Беларусі анулявалі беларускі пашпарт Вольгі Карач. Пра гэта стала вядома ў снежні 2022 года, калі яе знялі з самалёта ў Рыме. Як высветлілася тады, у базе даных Інтэрпола яе пашпарт быў пазначаны як скрадзены. Пашпарт правяралі ў сувязі з тым, што Румынія, куды Вольга накіроўвалася, не ўваходзіць у Шэнгенскую зону.
Днямі «Люстэрка» паведаміла, што беларускую праваабарончую арганізацыю «Наш дом» хочуць вылучыць на суісканне Нобелеўскай прэміі міру ў 2024 годзе. Так, пра такі намер паведаміла Міжнароднае бюро міру (IPB) 3 жніўня. Аднак Міжнароднае бюро міру мае даволі нетрывіяльную пазіцыю датычна вайны ва Украіне — у прыватнасці, яно падтрымлівае ўкраінскіх дэзерціраў, якія не хочуць ваяваць і хаваюцца ад прызыву УСУ. Гэтым жа займаецца і ўкраінскі пацыфісцкі рух. На іх думку, вайну ва Украіне можна спыніць, калі ўсе адмовяцца ваяваць. На сайце бюро размешчаная, напрыклад, заява ўкраінскага пацыфісцкага руху за верасень 2022 года, у якой няма прамога асуджэння расійскай агрэсіі, а крытыкуецца палітыка Украіны і гаворыцца наступнае: «Цяперашняя палітыка вайны да абсалютнай перамогі непрымальная. ... Няправільна станавіцца на бок якой-небудзь з супрацьлеглых армій, трэба стаяць на баку міру і справядлівасці. Самаабарона павінна ажыццяўляцца негвалтоўнымі і няўзброенымі метадамі. ...Дзяржава і грамадства павінны пакласці канец дэспатызму і прававому нігілізму Узброеных Сіл Украіны, якія праяўляюцца ў пераследзе за адмову ад удзелу ў баявых дзеяннях і гвалтоўным ператварэнні цывільных асоб у салдат».