Вольгу Карач знялі з самалёта ў Рыме
Беларускі пашпарт Вольгі Карач аказаўся ануляваным.

Вольга Карач. Фота: matuli.org
Кіраўніцу праваабарончай арганізацыі «Наш дом» Вольгу Карач знялі з самалёта ў сталіцы Італіі. Паводле інфармацыі «Св*боды», яна накіроўвалася ў Бухарэст, на канферэнцыю па бяспецы.
Як высветлілася, беларускі пашпарт быў ануляваны ў панядзелак. У базе даных Інтэрпола ён быў пазначаны як скрадзены. Пашпарт правяралі ў сувязі з тым, што Румынія, куды Вольга накіроўвалася, не ўваходзіць у Шэнгенскую зону.
Вольга Карач жыве і працуе ў вымушанай эміграцыі ў Вільні. У пачатку снежня яна стала лаўрэаткай прэміі за абарону правоў чалавека, заснаванай уладамі нямецкага горада Ваймар. Прэмію ўручылі ў Дзень правоў чалавека, які адзначаецца 10 снежня. Яе грашовы памер складае 5 000 еўра.

Нагадаем, як пісаў «НЧ», Алесь Міхалевіч, юрыст, які спецыялізуецца на справах уцекачоў, раіў беларусам, супраць якіх у Беларусі заведзены крымінальныя справы з-за пратэстаў, перш за ўсё абзавесціся відам на жыхарства ці інакш легалізаваць свой побыт у той краіне, дзе яны цяпер знаходзяцца.