«Нам ні холадна, ні горача». Літоўцы — пра закрыццё КПП на мяжы з Беларуссю

Літва закрыла два памежныя пункты і мае намер закрыць беларускі ўчастак сваёй мяжы цалкам. Як рэагуюць на навіны жыхары памежных раёнаў?

Міністарка ўнутраных спраў Літвы Агне Білатайце на літоўска-беларускай мяжы. Фота: ELTA

Міністарка ўнутраных спраў Літвы Агне Білатайце на літоўска-беларускай мяжы. Фота: ELTA

Сёння апоўначы на беларуска-літоўскай мяжы былі закрыты памежныя пункты пропуску «Цвярачус» і «Шумскас». Міністарка ўнутраных спраў Літвы Агне Білатайце лічыць, што поўнага закрыцця мяжы з Беларуссю можна дамагчыся толькі сумесна з Польшчай і Латвіяй. Інакш гэта будзе неэфектыўна. Краіны збіраюцца абмеркаваць, як можа выглядаць такое закрыццё мяжы. 

Пакуль жа напярэдадні закрыцця на КПП «Цвярачус» панаваў спакой, піша lrt.lt.

«Нам усё роўна. Ні холадна, ні горача. Тыя, хто ездзіў па паліва, ім горш. Тым, хто ездзіў да сваякоў, у каго ёсць сваякі ў Беларусі — такія ёсць. <...> Калі завод быў вялікі тут, людзі прыязджалі адусюль, з Беларусі, адусюль», — расказваюць пажылыя мужчына і жанчына з літоўскага боку.

«Пакуль усё спакойна. Думаю, з нашай арміяй усё ў парадку. Яны павінны хвалявацца і разбірацца з усім гэтым. Ёсць урад, ёсць людзі, якія павінны гэтым займацца», — мяркуе іншы мясцовы жыхар.

На пытанне пра тое, ці вырашыць закрыццё КПП праблему кантрабанды, жыхары выказваюць сумневы. «Сумняюся. Яны знойдуць, як праехаць», — кажа мужчына.

У мясцовай краме рады большай колькасці пакупнікоў. «Я думаю, што будзе наадварот: у нас будзе лепшы абарот. Таму што людзі ходзяць туды па пакупкі — і па алкаголь, і па тытунь. У нас абарот упаў», — кажа прадавец.


Глядзіце таксама

Некаторы час на памежных пунктах «Цвярачус» і «Шумскас» будуць дзяжурыць памежнікі на выпадак, калі знойдуцца людзі, якія не ведаюць, што пункты пропуску закрыты.

Рэжым Лукашэнкі называе рашэнне аб закрыцці двух пунктаў пропуску «недружалюбным крокам» і лічыць, што гэта пагражае павелічэннем чэргаў на мяжы. Літоўскія памежнікі адпрэчваюць гэты сцэнар, заяўляючы, што дадзеныя КПП і так не перагружаны.

На думку міжнароднага транспартна-лагістычнага альянсу, закрыццё гэтых пунктаў павінна забяспечыць наяўнасць магутнасцей у іншых месцах, каб пазбегнуць чэргаў, затрымак і зніжэння якасці надгляду.

«Мы чакаем, што сітуацыя з чаканнем і чэргамі не пагоршыцца на іншых пунктах, праз якія праходзіць грузавы транспарт (...) Паток будзе праходзіць праз іншыя пункты, якія адкрыты, таму мы чакаем, што выдзеленыя магутнасці забяспечаць адсутнасць затрымак грузавога транспарту з пункту гледжання часу чакання, надгляду і якасці», — кажуць літоўскія памежнікі.

Агне Білатайце заявіла ў чацвер, што абмеркавала з кіраўніком Службы аховы дзяржмяжы Літвы Рустамасам Любаевым магчымасць закрыцця ўсіх кантрольна-прапускных пунктаў таксама і з Расіяй — у выпадку з'яўлення пагроз.

«Нам трэба планаваць свае дзеянні, іх паслядоўнасць, якія змены ў заканадаўства неабходны, якія дзеянні павінны распачаць нашы супрацоўнікі, каб у выпадку ўзнікнення новых пагроз наша дзяржава магла забяспечыць бесперабойны працэс і бяспеку нашай краіны», — адзначыла міністарка.

Аднак яна падкрэсліла, што на гэты момант рэальных пагроз з боку Расіі няма, але ўсе рызыкі, уключаючы розныя правакацыі, улічваюцца.


Глядзіце таксама

Адначасова з закрыццём мяжы літоўскія ўлады хочуць зраўняць абмежаванні для беларусаў з расійцамі. Калі гэта зробяць, Літва на працягу года не будзе прымаць заявы аб выдачы часовага віду на жыхарства як ад расійскіх, так і ад беларускіх грамадзян (калі толькі ў гэтым не пасрэднічае ўпаўнаважанае ўрадам ведамства або калі ў гэтых грамадзян ужо ёсць віза, від на жыхарства ў Літве ці іншай дзяржаве Еўрапейскага саюза).

Акрамя таго, беларусы, якія прыбываюць у Літву праз знешнюю мяжу ЕС, як і расіяне, будуць падвяргацца дадатковай індывідуальнай дэталёвай праверцы на падставе пагрозы, якую ўяўляе іх прыбыццё для нацыянальнай бяспекі, грамадскага парадку, дзяржаўнай палітыкі, унутранай бяспекі, здароўя насельніцтва або міжнародных адносін.

У сувязі з тым, што літоўскія палітыкі збіраюцца зраўнаваць абмежаванні для грамадзян Расіі і Беларусі, беларускія ўцекачы заяўляюць, што не хочуць, каб іх прыраўноўвалі да расійцаў.

На прэс-канферэнцыі, якая адбылася ў пятніцу ў Вільні, прадстаўнікі беларускіх арганізацый падкрэслілі, што стаўленне беларускага і расійскага грамадства да вайны, развязанай Расіяй ва Украіне, адрозніваецца, акрамя таго, беларусы арыентаваны на Захад.

Прадстаўнік беларускай апазіцыйнай партыі «Народная Грамада» Яўген Вільскі заявіў, што беларусы ў Літве не з'яўляюцца яе ворагамі і не ўяўляюць пагрозы нацыянальнай бяспецы, наадварот, яны гатовы абараняць краіну ў выпадку агрэсіі.

Ён адзначыў, што лідар партыі Мікалай Статкевіч «з'яўляецца асабістым ворагам Лукашэнкі і ўжо адседзеў 14 гадоў», а многія сябры партыі ваююць на баку Украіны.

«Я перакананы, што беларусы ў Літве — не ворагі Літвы і не ўяўляюць аніякай пагрозы для нацыянальнай бяспекі, наадварот, у выпадку вайны мы гатовы абараняць Літву ад агрэсара», — падкрэсліў прадстаўнік беларускай апазіцыі.


Глядзіце таксама

Аляксандр Клачко, які ваюе ва Украіне і з'ехаў з Беларусі ў Літву ў 2020 годзе, заявіў па відэазванку з фронту, што Беларусь цяпер «акупавана двойчы» — рэжымам дыктатара Аляксандра Лукашэнкі і Расіяй.

«Я вельмі ўдзячны Літве за тое, што ў 2020 годзе мне і маім аднадумцам дазволілі ўехаць у Літву па гуманітарным калідоры, таму што адзінай альтэрнатывай мірным пратэстам была турма. Хачу падкрэсліць, што Беларусь — гэта не Расія, Беларусь сёння знаходзіцца пад падвойнай акупацыяй: па-першае, рэжыму Лукашэнкі, варожага беларусам, па-другое, Расіі», — сказаў Клачко.

«Абодва акупанты спрабуюць выкараніць беларускую ідэнтычнасць і сцерці мяжу паміж беларусамі і расійцамі. Сёння беларусам цяжка, таму што мы «праславіліся» на ўсю Еўропу праз Лукашэнку, які дазволіў Расіі напасці на Украіну з тэрыторыі Беларусі, і праз гэта на нас упаў цень», — адзначыў прадстаўнік беларускай апазіцыі.

Літоўскі Сейм прыняў закон аб абмежавальных мерах для грамадзян Расіі і Беларусі, але для беларусаў уведзена менш абмежаванняў. Пасля пераезду ПВК «Вагнер» у Беларусь палітыкі вярнуліся да абмеркавання ўніфікацыі абмежаванняў для расійцаў і беларусаў.

Да 3 траўня наступнага года расійцы і беларусы будуць абмежаваныя ў магчымасці атрымання літоўскіх віз і статусу электроннага рэзідэнта, але магчымасць грамадзянам Расіі прыехаць у Літву і набыць нерухомасць яшчэ больш ускладняецца, а іх заявы на атрыманне віду на жыхарства ў Літве таксама часова не прымаюцца.

Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа прытрымліваўся пазіцыі, згодна з якой для грамадзян Беларусі павінны дзейнічаць тыя ж абмежаванні, што і для грамадзян Расіі, але Сейм адхіліў яго вета і пакінуў у сіле больш свабодныя ўмовы для беларусаў.