«Яго панты будуць дорага каштаваць і яму, і краіне»

Палітычны аглядальнік Юрый Дракахруст разважае, у чым падабенства сённяшніх паводзінаў Аляксандра Лукашэнкі і Садама Хусейна 20 гадоў таму. Гэтыя падабенствы ёсць, але Захад наўрад ці будзе разбірацца ў ірацыянальных паводзінах дыктатараў. Гэта кепска скончылася для Хусейна. А як будзе для Лукашэнкі?

Фота biographe.ru

Фота biographe.ru

Напачатку ХХІ стагоддзя ірацкі дыктатар Садам Хусэйн катэгарычна адмаўляўся дапусціць экспертаў МАГАТЭ на некалькі аб'ектаў, на якіх, як меркавалася, хаваецца ці распрацоўваецца ядзерная зброя. На некаторыя пускаў, на некаторыя — ніяк. 

Пры гэтым кляўся, што ніякай ядзернай зброі на гэтых, забароненых для агляду аб'ектах, няма.

Як бачыў і аналізаваў сітуацыю Захад, найперш ЗША? Словы і клятвы дыктатара не вартыя нічога. Але калі хавае, значыць, ёсць што хаваць. Ну так жа — а як можа быць інакш?

Выведка давала інфармацыю супярэчлівую і няпоўную. Яна пры вывучэнні такой закрытай сістэмы, як тагачасны Ірак, і не магла быць іншай. Можа зброя ёсць, можа няма. Але гэтая няпэўная выведная інфармацыя накладалася на цалкам лагічную і рацыянальную выснову — калі хавае, то ёсць што хаваць. 

У выніку рашэнне было прынятае на падставе гэтай высновы. Прычым яна насамрэч была падставай, вядома, што амерыканскія салдаты, калі ўваходзілі ў Ірак, былі аснашчаныя строямі абароны ад радыяцыйнага заражэння. Зыходзілі з таго, што ядзерная зброя ў ірацкага дыктатара есць.

Але высветлілася, што менавіта ў гэтым пытанні Хусейн гаварыў праўду. І ядзернай зброі не было нідзе, у тым ліку і на аб'ектах, на якія ён не пускаў МАГАТЭ. Дык а якога ж хрэна не пускаў, ён наагул нармальны быў?

Ну як сказаць. Як у Шэкспіра — у гэтым вар'яцтве ёсць свая сістэма. У выпадку Хусэйна — нежаданне хіліцца, адчуваць сябе «нахіленым», слабаком. Нехта скажа — гонар, нехта — прэстыж, нехта — панты.

Не кідай гэтыя панты Хусэйн, мо і не скончыў бы так, як скончыў. Але каб не яны, калі б ён быў іншым чалавекам, дык і не стаў бы ўладаром велізарнай краіны. Як той казаў, стыль — гэта чалавек.

Гэты экскурс у падзеі 20-гадовай даўніны — да заявы Лукашэнкі«"Вагнер" у Беларусі быў, ёсць і будзе». Не, калі сапраўды будзе, то аналогія не працуе. Але ёсць пэўныя падставы меркаваць, што не будзе. Лукашэнка і сам прызнаў, што прынамсі частка вагнераўцаў ужо пакінула Беларусь.

Але прызнаць, што яны выводзяцца ўсе і назусім, яму гэтак жа немагчыма, як Хусэйну было немагчыма дазволіць МАГАТЭ праінспектаваць падазроныя аб'екты. І немагчыма дакладна па тых жа самых прычынах, што і ірацкаму калегу. І з рацыянальнага гледзішча — сабе ж на шкоду. І мяркую, што і Хусэйн тады разумеў гэта, і Лукашэнка зараз разумее. Але натура, характар, нораў кажуць — не магу інакш, горш дык горш, хай будзе што будзе, неяк выкручуся, не ў першы раз.

Ну а Захад — хіба ён мусіць разумець гэтую цемру падсвядомага дыктатараў? Хусэйну тады не паверылі. А Лукашэнку зараз павераць. І яго панты будуць дорага каштаваць і яму, і краіне.

Глядзіце таксама