Пётр Рудкоўскі: Лукашэнкаўская эпоха стала папросту ганебнай дэградацыяй
Нянавісць правіцеля да ўсяго заходняга вельмі лёгка патлумачыць: саветызм і аўтарытарызм нашмат лягчэй сумяшчаць з прарасійскай палітыкай, чым празаходняй. Пра эпоху лукашызму разважае аналітык.
25 жніўня 1991 года Вярхоўны Савет надаў Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце статус канстытуцыйнага закона: Беларусь афіцыйна стала незалежнай дзяржавай. Але праз тры гады ўлады, якая “валялася пад нагамі”, падняў Лукашэнка — і з таго часу не выпускае з пасінелых рук.
Пра беларускую незалежнасць узору 2023 года і ролю ў ёй Лукашэнкі гаворым з незалежным аналітыкам Пятром Рудкоўскім.
— Амаль трыццаць гадоў таму Лукашэнка ўзяў уладу ў краіне, дзе, па ягоных выказваннях, панаваў “голад, холад і разбурэнне”. А сама ўлада “валялася пад нагамі”. Ува што ператварыў Лукашэнка краіну за гэтыя тры дзесяцігоддзі?
— "Холад, голад і разбурэнне" ў тыя часы былі практычна ва ўсіх краінах былога камуністычнага блоку. У той самай Польшчы на пачатку 90-х сярэдні месячны заробак складаў 30—40 долараў — сітуацыя не нашмат лепшая, чым у тыя часы ў Беларусі. Чаму так сталася — гэта больш пытанне да "сацыялістычнай мадэлі", чым да дэмакратычна-рынкавых пераўтварэнняў, якія тады адбываліся (у Беларусі — мінімальна, у Польшчы — поўнамаштабна). За тры дзесяцігоддзі — так, у Беларусі адбылося паляпшэнне эканамічнага становішча: рэальная сярэднемесячная зарплата зараз нават пры найбольш строгіх падліках складае каля 370 долараў.
Але ўсё пазнаецца ў параўнанні: у Польшчы, якая пайшла дэмакратычна-рынкавым шляхам, сярэдняя месячная зарплата зараз — каля 1500 долараў "чыстых" (з вылічэннем падаткаў). Гэта калі браць толькі эканамічны бок.
Калі ўзяць пад увагу культурнае адраджэнне, міжнародны прэстыж краіны, нацыянальная ідэнтычнасць, то лукашэнкаўская эпоха ў параўнанні з перыядам 1991 — 1994 гадоў стала папросту ганебнай дэградацыяй. Пра стан дэмакратыі і правоў чалавека тут і гаварыць няёмка...
— Лукашэнка адпачатку ўзяў курс на збліжэнне з Расіяй, а адносіны з Захадам не заладзіліся з першага дня, вобразна кажучы. Як патлумачыць гэты “ўнікальны беларускі шлях” беларускага правіцеля?
— Укарэненасцю ў савецкае мінулае, дыктатарскімі схільнасцямі і палітычнымі апетытамі. Першыя два фактары ігралі (іграюць) тут ролю праз увесь перыяд яго панавання, трэці — у другой палове 90-х, калі ў Лукашэнкі былі падставы спадзявацца, што займее ўладу над усім Саюзам Беларусі і Расіі (пазней — Саюзнай дзяржавай). Саветызм і аўтарытарызм нашмат лягчэй сумяшчаць з прарасійскай палітыкай, чым празаходняй.
— Зусім нядаўна прапаганда на кожным рагу трубіла пра Лукашэнку — гаранта незалежнасці. Але ўжо пару гадоў як гэтая фраза выведзеная з ужытку. Больш не гарант?
— Прапаганда пасля падзей 2020 года пазбягае таго, што можа раздражняць Крэмль і мясцовых ідэйных русафілаў, таму "вывядзенне з ужытку" (дакладней, змяншэнне ўжытку) звязана з агульным трэндам на пазбяганне акцэнтавання сваёй незалежнасці. Але, у цэлым, канцэпт "гаранта" (незалежнасці, стабільнасці, міру і г. д.) надалей прысутнічае ў дыскурсе прапаганды.
— Гісторыя Лукашэнкі яшчэ не скончылася, хаця і набліжаецца да лагічнага завяршэння. Як паказалі тры апошнія гады, для яго дна не існуе — падаць можна бясконца. Але з вопыту сённяшняга дня, кім ён увойдзе ў гісторыю Беларусі?
— Калі адбудзецца дэмакратызацыя краіны (веру, што ў агляднай будучыні гэта наступіць), то будуць розныя погляды на найноўшую гісторыю Беларусі. Няма сумневу, што будуць прыхільнікі пазітыўнай ацэнкі эпохі Лукашэнкі і будуць прыхільнікі негатыўнай ацэнкі, прычым у розныя перыяды прапорцыі паміж імі могуць мяняцца. Сам я — калі, як спадзяюся, дачакаюся гэтага перыяду — буду ў другой групе.