25 жніўня – найвялікшае свята Беларускай Незалежнасці

25 жніўня 1991 года Вярхоўны Савет надаў Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце сілу Канстытуцыйнага закона. Зянон Пазняк з нагоды 25 жніўня адзначыў, што «народнае няшчасце і генацыд нацыі не зламаюць нас, хутчэй загартуюць, нягледзячы на страты, пакажуць сапраўдную цану людзей, цану суседзяў і цану свабоды». А Святлана Ціханоўская заявіла, што «цяпер самы час нагадаць адно аднаму, што такое сапраўдная незалежнасць».

118410624_2783561668410027_7003569456343545219_n_logo.png


Святлана Ціханоўская: Мы паказалі, што здольныя бараніць сваю свабоду мірна і са зброяй у руках

Беларуская дэмакратычная лідарка Святлана Ціханоўская 25 жніўня, у Дзень абвяшчэння незалежнасці Беларусі, звярнулася да беларусаў:

«Сёння мы з вамі мусім ізноў змагацца за сваю незалежнасць. Бо зараз яна пад самай вялікай пагрозай за ўсю найноўшую гісторыю. 

На нашай тэрыторыі знаходзяцца расійскія салдаты, іх ваенныя базы. Наймiты-злачынцы, што разбураюць украінскія гарады і забіваюць мірных грамадзянаў. Ядзерная зброя, якая ператворыць Беларусь у мішэнь на ваенных картах. У нашых музеях замест рэліквій беларускай культуры – кувалда ПВК «Вагнер». А школьнікаў вядуць не ў тэатр, каб глядзець п'есы Купалы, а паказваюць калоніі і памежныя атрады.

Цяпер самы час нагадаць адно аднаму, што такое сапраўдная незалежнасць».

Глядзіце таксама

Зянон Пазьняк: Найвялікшае свята

«Дарагія землякі, паважаныя Беларусы.

25 жніўня – найвялікшае свята Беларускай Незалежнасці.

32 гады таму, 25 жніўня 1991 года, мы, беларусы, збавіліся ад камунізму і ад расійскай савецкай акупацыі. Гэта адбылося ў вельмі няроўным змаганні народнага авангарду, якім быў Беларускі Народны Фронт Адраджэнне, супраць коснай і прадажнай каланіяльнай улады савецка-расійскага камунізму.

25 жніўня Вярхоўны Савет БССР зацвердзіў Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце ў якасці Канстытуцыйнага закона краіны. Потым была скасаваная назва БССР і прынятая новая назва дзяржавы – Рэспубліка Беларусь. 19 верасня беларускія нацыянальныя гістарычныя сімвалы – Бел-Чырвона-Белы Сцяг і герб Пагоня – былі зацверджаны ў якасці дзяржаўнай сімволікі Рэспублікі Беларусь.

Святкуйма наша найвялікшае нацыянальнае свята Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь! Шчырыя віншаванні ўсім нам людзям Беларусі! Беражэм нашу дзяржаву і нашу Незалежнасць!

Цяпер наш народ перажывае цяжкі час новай расійскай акупацыі, сацыяльнага і нацыянальнага вынішчэння беларусаў і гібрыднай вайны. Народнае няшчасце і генацыд нацыі не зламаюць нас, хутчэй загартуюць, нягледзячы на страты, пакажуць сапраўдную цану людзей, цану суседзяў і цану свабоды.

Рыхтуймася ўвесь час да барацьбы і да перамогі і верма, што мы выйдзем шчыльнымі радамі на светлы вольны наш прастор!

Жыве Беларусь!

Слава Айчыне!»


Глядзіце таксама