Зянон Пазняк: Незалежнасць, якая стала нашай сакральнай каштоўнасцю, будзе адзначана ў Беларусі тройчы

Зянон Пазняк позна ўвечары 27 ліпеня ў сваіх сацсетках напісаў пра знакаміты дзень у беларускай гісторыі, які ў пачатку 1990-х гадоў святкавалі з радасцю і размахам.

Фота з сацсетак

Фота з сацсетак

Гістарычнае свята

27 ліпеня — знакаміты Дзень у беларускай гісторыі. 33 гады таму дзякуючы найперш надзвычайным стараньням дэпутатаў Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце была прынятая «Дэклярацыя аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай ССР», якая праз год, 25 жніўня, лягла ў аснову Акта аб незалежнасьці Беларусі. 

Дэклярацыя дала магчымасьць дэпутатам БНФ падрыхтаваць заканадаўства незалежнай дзяржавы (законы аб грамадзянстве, аб банках, аб выніках Чарнобыльскай катастрофы, аб прыватызацыі, аб міліцыі і дзесяткі іншых). Дэклярацыя ўвяла ў сьведамасьць беларусаў ідэю аб рэальнай магчымасьці здабыць незалежнасьць краіны. 

Адразу пасьля прыняцьця Дэклярацыі быў прыняты закон, паводле якога дзень 27 ліпеня быў зацьверджаны як афіцыйны Дзень Незалежнасьці Беларусі. Гэта станоўча паўплывала на сьвядомасьць савецкага насельніцтва краіны. 27 ліпеня сьвяткавалі (асабліва БНФ і дэмакратычныя арганізацыі) з радасьцю і размахам.

Унутраная акупацыя Беларусі ў 1994 годзе і ўсталяваньне антынароднага рэжыму Лукашэнкі пасьля канстытуцыйнага перавароту ў лістападзе 1996-га прывялі да фальсыфакацыі гісторыі і падзеяў незалежнасьці Беларусі. Сьвята Незалежнасьці 27 ліпеня было ліквідавана рэжымам. 


Глядзіце таксама

У вольнай Беларусі гэтае сьвята будзе адноўлена хутчэй за ўсё пад новым назовам як сьвята Дэклярацыі Незалежнасьці. Рэальную Незалежнасьць Беларусь здабыла праз год, 25 жніўня 1991 году. Гэтыя дзьве даты стануць дзяржаўнымі сьвятамі. 

Незалежнасьць, за якую змагаліся шмат пакаленьняў беларусаў і якая стала нашай сакральнай каштоўнасьцю, будзе адзначана ў Беларусі тройчы: Дзень Волі (аб'яўленьне незалежнасьці БНР), Дзень Дэклярацыі Незалежнасьці і Дзень Незалежнасьці. Так пакіравала нашая гісторыя. 

Віншую са сьвятам усіх землякоў-беларусаў! Слава Айчыне!