Чаму перанос Дня незалежнасці з 27 на 3 ліпеня быў непазбежны
У клубе краін, якія вычарпалі ліміт рэвалюцый у мінулым стагоддзі, папаўненне. Пра гэта 19 ліпеня на пасяджэнні назіральнага савета Аўтаномнай некамерцыйнай арганізацыі «Расія — краіна магчымасцей» заявіў Уладзімір Пуцін.
Абгрунтаванні, паводле якіх перыядычна то тут, то там робяцца настолькі катэгарычныя заявы, яшчэ ні разу публічна не абвяшчаліся. Але сумнявацца ў наяўнасці абгрунтаванняў не даводзіцца. Не могуць жа першыя асобы дзяржаў, чый палітычны аўтарытэт неаднаразова пацвярджаўся пераканаўчымі перамогамі на выбарах, заяўляць такія рэчы беспадстаўна, неабгрунтавана, адвольна ды неабдумана?
Але, улічваючы, што ўсялякае карэктнае абмеркаванне пачынаецца з вызначэння тэрмінаў, паспрабуем разабрацца з тэрмінам «рэвалюцыя». Для пачатку скарыстаемся азначэннем, якое даў расійскі эканаміст Уладзімір Мау: «Рэвалюцыя — гэта ж не людзі з чырвонымі або трохкаляровымі сцягамі. А рэвалюцыя — гэта сістэмная трансфармацыя пры слабой дзяржаве(вылучана. — Рэд.). Вось калі дзяржава знаходзіцца ў калапсе, дзяржавы няма. Адбываецца трансфармацыя палітычных, эканамічных, сацыяльных інстытутаў — гэта і ёсць рэвалюцыя».
Апошні раз сістэмная трансфармацыя пры слабой дзяржаве адбывалася непасрэдна ў адчуваннях тых, каму сёння больш за 50 гадоў. У найноўшай гісторыі Беларусі пра той этап было сказана, што «ўлада валялася ў брудзе і аб яе выціралі ногі».
Перабудова — класічны варыянт рэвалюцыі, якая адбываецца не да падзення ўлады, а пасля. Рэвалюцыя такога тыпу з’яўляецца не прычынай падзення ўлады, а яе следствам.
У 2020 годзе ў Беларусі ўлада ў брудзе не валялася. Таму колькі б сотняў тысяч пратэстоўцаў ні выходзілі на плошчы беларускіх гарадоў, сістэмная трансфармацыя палітычнага рэжыму была немагчымая.
Аднак немагчымая яна была менавіта ў кароткатэрміновай перспектыве. Але, як справядліва заўважыў яшчэ Арыстоцель, рэвалюцыі пачынаюцца з малых, нязначных падзей. Падзеі ж 2020 года не былі ні малымі, ні нязначнымі. Яны запусцілі рэвалюцыйны працэс у Беларусі. Акцэнт у апошнім сказе — на слове «працэс», бо рэвалюцыя — гэта не падзея, а працэс, здольны расцягнуцца на дзесяцігоддзі. Сістэмная ж трансфармацыя пры слабой дзяржаве — толькі адзін з этапаў рэвалюцыйнага працэсу.
Не звонку — а ўнутры, не ўнізе — а ўверсе
Не «нашто», а «чаму» — менавіта так адбываюцца рэвалюцыі. Расійскі палітолаг Станіслаў Бялкоўскі тлумачыць: «Пуцін — чалавек «нашто». Ён увесь час паўтарае на сваіх прэс-канферэнцыях, прамых лініях: “Нашто вы гэта робіце?” Ды не «нашто», а чаму так адбываецца. Чаму шматгадовы карумпаваны рэжым Хосні Мубарака абрынуўся? Чаму, а не навошта, рэжым Муамара Кадафі аказаўся неэфектыўным і прывёў да такой трагічнай гібелі лівійскага дыктатара».
Пошукамі адказу на пытанне «чаму» сацыяльныя мысляры заняты з часоў Вялікай французскай рэвалюцыі.
Зразумела, кожная рэвалюцыя не абыходзіцца без букета ўласцівых толькі ёй асаблівасцей, што не выключае існавання агульных заканамернасцей.
Вось што з гэтай нагоды пісаў рускі філосаф Мікалай Бярдзяеў:«Рэвалюцыя — канец старога жыцця, а не пачатак новага жыцця, расплата за доўгі шлях. У рэвалюцыі выкупаюцца грахі мінулага. Рэвалюцыя заўсёды кажа, што тыя, хто трымае ўладу, не выканалі свайго прызначэння. І асуджэннем пануючых да рэвалюцыі слаёў грамадства бывае тое, што яны давялі да рэвалюцыі, дапусцілі яе магчымасць. У грамадстве былі хвароба і гнілата, якія і зрабілі рэвалюцыю непазбежнай».
Іншымі словамі, адказ на пытанне «чаму» варта шукаць, па-першае, не звонку, а ўнутры сацыяльных сістэм, па-другое, не на ніжніх, а на найвышэйшых узроўнях сацыяльнай піраміды.
Але дзе гэта бачылі, дзе гэта чулі, каб палітычны клас браў на сябе адказнасць за давядзенне сітуацыі да рэвалюцыі?! Больш за іншых ён зацікаўлены ў захаванні статус-кво. Аднак тым не менш ні ў мінулым, ні ў сучаснасці ён не выяўляў і не праяўляе жадання засвойваць з гісторыі ўрокі.
Найлепшага спосабу не існуе
Прызнаць магчымасць чарговага прышэсця рэвалюцыі для кіруючага класа — усё роўна што распісацца ва ўласнай неплацежаздольнасці. Таму няма нічога дзіўнага ў тым, што з усіх палітычных гульняў кіруючы клас аддае перавагу гульні ў перакладнога дурня.
«У гэтай логіцы (логіцы гульні ў перакладнога дурня. — Рэд.)атрымліваецца, што бунты і рэвалюцыі рыхтуюць выключна зламыснікі і рэвалюцыянеры, але ніяк не ўлады, якія сваёй недасканалай палітыкай не раз даводзілі краіну да рэвалюцыйных сітуацый. Дзяржава падаецца ў арэоле святасці, і гэтая яе сакральнасць распаўсюджваецца не толькі на гісторыю, але і на ўладу як такую, уключаючы цяперашнюю і, мабыць, будучую» (даклад Свабоднага гістарычнага таварыства «Якое мінулае трэба будучай Расіі», студзень 2017 года).
Сучасная беларуская дзяржава — дзіця «каляровай рэвалюцыі», якая ўвайшла ў гісторыю пад назвай «Перабудова». Прызнанне гэтага факта пазбаўляла дзяржаву арэолу святасці. Таму перанос Дня Незалежнасці з 27 ліпеня (Дзень прыняцця Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце БССР у 1990 годзе) на 3 ліпеня (Дзень вызвалення Мінска ад гітлераўскіх захопнікаў у 1944 годзе) быў непазбежны.
У культу рэвалюцыі не было шанцаў аказаць сур’ёзны супраціў культу Перамогі, бо найлепшага спосабу легітымацыі аўтарытарнага рэжыму, чым абвяшчэнне яго спадчыннікам Перамогі, у прыродзе не існуе.
«Ідэалогія звяла Перамогу да апазнавальнага знака ў сістэме «свой — чужы». Перамога спрашчаецца і прафануецца. Ставяцца забароны на складаныя пытанні, а адказы блакіруюцца з дапамогай крымінальных рэпрэсій. Праводзіцца абагульненне: мы перамаглі, а ўсё астатняе — гэта спроба зганьбаваць пераможцаў» (даклад Свабоднага гістарычнага таварыства).
Культ Перамогі дазваляе тлумачыць уласныя прамашкі канспіралогіяй. Асаблівую папулярнасць набыла канцэпцыя зламыснага ўмяшання звонку. Яе папулярнасць істотна ўзрасла пасля 24 лютага 2022 года.