Незалежнасць — гэта мы
«Дзень незалежнасці? Якой незалежнасці?» — запытаецца абазнаны ў сённяшніх палітычных рэаліях чытач і будзе мець рацыю. Цяпер, з расійскай ядзернай зброяй, з расійскімі войскамі і расійскай ПВК, якой «няма» нават у Расіі, Беларусь складана прызнаць незалежнай. У лепшым выпадку — failed state, «неадбыўшаяся дзяржава».
Шмат хто многа і доўга казаў, што Беларусь можна лічыць «акупаванай Расіяй краінай». Урэшце, тыя, хто гэта казалі, былі пачуты. Літоўскі прэзідэнт Гітанас Наўседаназваў Беларусь «губерняй Расіі», а тыя, хто жыве ў Еўропе, распавядалі, што еўрапейцы часам у размове з беларускам кажуць: «Я буду называць вашу краіну «Беларуссія», таму што яна поўнасцю падпарадкавана Расіі».
І сапраўды, што ў Беларусі засталося суверэннага і незалежнага? Армія Беларусі існуе паралельна з расійскімі войскамі і ў парадыгме «адзінай арміі Саюзнай дзяржавы», нават СПА ў нас супольная з расійскай. Знешняя палітыка? Тры разы «ха-ха», асабліва ў свеце падпісанай з Расіяй дамовы пра супольныя дзеянні па розных міжнародных пытаннях (таму Беларусь у ААН заўсёды галасуе так, як патрэбна Расіі). Эканоміка? Калі 70% экспарту ідзе ў Расію, а да 10% беларускага бюджэту фарміруецца з расійскай «бязвыплатнай дапамогі», наўрад ці можна казаць пра эканамічную незалежнасць. Органы аховы правапарадку? Ну, па-першае, пра «правапарадак» мы казаць не будзем, а, па-другое, іх «незалежнасць» паказаў арышт Зміцера Дашкевіча, якога дапытвалі на фоне сімволікі «Z». Калі там такая сімволіка, ці сапраўды яны беларускія, а не расійскія?
Пра ўладу, якая па першым шчаўчку Пуціна ляціць да яго на сустрэчу, і казаць не варта. Памятаеце, як выглядаў Лукашэнка на парадзе 9 траўня ў Маскве? Але ўсё адно не пасмеў адмовіцца ад «запрашэння» Пуціна.
Так, вонкавых прыкмет беларускай незалежнасці ў нас няма. Нібыта «беларускае» дзяржтэлебачанне на 70% складаецца з расійскіх праграм. Нібыта «беларускія» дзяржСМІ паказалі, якія яны «незалежныя» з пачаткам вайны ва Украіне — яны фактычна дублявалі расійскія крыніцы прапаганды. Цяпер у Беларусі вынішчаецца ўсё нацыянальнае. Руйнуюцца помнікі архітэктуры, забараняюцца беларускія кнігі, складаюцца спісы забароненых пісьменнікаў і музыкаў, з бібліятэк вымаюцца «ідэалагічна няправільныя» кнігі, а беларускія інтэрнэт-бібліятэкі блакіруюцца…
Што вы? Якая незалежнасць? Ёю і не патыхае.
Ці сапраўды так? Не, напэўна, не так. Таму што незалежнасць Беларусі — яна не ў вонкавых праявах. Так, беларускай дзяржавы цяпер, лічы, што няма. Але ці залежыць паняцце «незалежнасць» ад дзяржавы?
У грубым паліталагічным сэнсе — так. У шчыра шырокім сэнсе — не.
Беларусь у сваёй гісторыі перажывала багата змрочных часоў. Напрыклад, якая незалежнасць была ў Кастуся Каліноўскага? Без малога сто гадоў прайшло з часоў першага падзелу Рэчы Паспалітай, у якую тады ўваходзіла Вялікае Княства Літоўскае, да знакамітага паўстання. Аднак ідэя незалежнасці за гэты час не знікла.
Якая была незалежнасць у Івана Луцкевіча, які пачаў выдаваць «Нашу Ніву» ў 1906 годзе? Якія карані незалежнасці адшукалі стваральнікі Беларускай Народнай Рэспублікі ў 1918-м? У апошніх увогуле не было ніякай Беларусі амаль 150 гадоў — выключна «Северо-Западный Край». Аднак ідэя незалежнасці ўсё ж прарасла і выявілася ў вельмі кволай, але беларускай дзяржаве.
Імаверна, каб не БНР, не было б і БССР у 1921 годзе. Але нават у БССР — ці была незалежнасць? Вось, нібыта, тады мы былі «адзіным братэрскім народам» з усімі 15 рэспублікамі краіны Саветаў. Але ж варта было прарвацца галоснасці — і мы адразу ўзгадалі пра незалежнасць, яе дзеячаў і гістарычныя карані, што і вылілася ў Дэкларацыю аб незалежнасці 27 ліпеня 1990 года.
Так, сёння Беларусь наўрад ці можна назваць «незалежнай». Але гэта не азначае, што гэтай незалежнасці не будзе ўвогуле. Хутчэй, наадварот — гэта азначае, што мы непазбежна да яе прыйдзем, як бы не імкнуліся нам даказаць адваротнае.
Памятаючы тыя самыя 1990-я, з усімі іх эканамічнымі, палітычнымі і сацыяльнымі катаклізмамі, нельга не ўзгадаць, як нас прарвала ў гістарычна-культурным плане. Так, гарбачоўская «галоснасць» дазволіла нам даведацца больш пра сталінскія (і не толькі) рэпрэсіі, адкрыла нам Салжаніцына, Шаламава, Бродскага, Пастарнака, а ў іх шэрагу — нецэнзураванага Васіля Быкава, «расстраляных паэтаў» — Жылку і Дубоўку… «Каханак Вялікай мядзведзіцы» Сяргея Пясецкага да нас дайшоў яшчэ пазней. Атрымала належнае ёй прызнанне забароненая Ларыса Геніюш, якая так і не скарылася, так і не атрымала савецкага грамадзянства.
Са скрыгатам зубоўным, але камуністы вымушаны былі адкрыць дарогу на радзіму творам і асобам беларускай эміграцыі. Мы дазналіся пра выбітных навукоўцаў — таго ж Барыса Кіта і выбітных музыкаў. Хто такі Міхась Забэйда-Суміцкі, ведаюць у музычных колах цяпер назубок.
Музыка — увогуле асобная рэч. Фолк-мадэрнавы «Палац» быў ці не новым словам у музыцы ўвогуле — не толькі беларускай. N.R.M, «Народная Рэспубліка Мроя» ці не назаўсёды вызначылі шляхі беларускага року. Кася Камоцкая з «Новым Небам», Алесь Камоцкі з бардаўскай песняй, «Крама», якая стала легендай і эталонам тых часоў… Пералічваць тую непадцэнзурную музыку можна проста гадзінамі…
Так, у 1990-я было цяжка і няўтульна ў сацыяльным плане. Але свабода творчасці была, па сённяшніх мерках, проста завоблачная. І гэтая свабода творчасці якраз і спрыяла станаўленню беларускай дзяржаўнасці.
Свабода і дзяржаўнасць, падаецца, — вельмі розныя рэчы. Але ў 2020-м свабода была задушана, у 2021-м яе не стала зусім, і няма дагэтуль. І дзе без свабоды апынулася беларуская дзяржаўнасць? Там, дзе кіраўнікі суседніх краін кажуць пра «Беларусь як губерню Расіі».
Канечне, «гарант незалежнасці» нават не пакрысе, а з вялікай хуткасцю страчвае гэтую незалежнасць і аддае яе Расіі па кавалках. Але, па іроніі лёсу, за незалежнасць Беларусі працягваюць змагацца тыя, хто супрацьстаяў і супрацьстаіць гэтаму «гаранту». За межамі Беларусі ўзнікаюць беларускія бізнесы, беларускія выдавецтвы, беларускія гурты, захоўваецца беларуская гісторыя і культура. І ведаючы, колькі творчых і крэатыўных людзей вымушана пакінулі краіну альбо заціхлі ўнутры яе, назапашваючы творчы патэнцыял, якому цяпер не даюць разгарнуцца…
Я проста не ўяўляю, якім будзе выбух новага беларускага Адраджэння.
Тое, што ён будзе — тут да варажбіткі хадзіць не трэба. 160 гадоў спаўняецца сёлета з часу паўстання Кастуся Каліноўскага. Калі мы за гэты час не забыліся на яго, на яго мару аб вольнай і незалежнай Беларусі — дык наўрад ці забудземся ўвогуле, нават праз наступныя 160 гадоў.
Але я ўпэўнены: новую незалежнасць і новае Адраджэнне мы столькі чакаць не будзем. Усё адбудзецца значна раней. Таму што цяпер гарантамі гэтай незалежнасці выступае не «гарант», а самі беларусы: як унутры краіны, так і па-за яе межамі.
«Гены пальцам не расціснеш».