Навумчык: Літоўскі прэзідэнт мае права лічыць Беларусь хоць часткай Аргенціны

Сёння на сустрэчы з прэзідэнтам ЗША Джо Байдэнам літоўскі прэзідэнт Гітанас Наўседа назваў Беларусь «губерняй Расіі». Сяргей Навумчык знайшоў што адказаць на такі захад літоўца. 

Гітанас Наўседа. Фота: «Reuters»

Гітанас Наўседа. Фота: «Reuters»

Сяргей Навумчык у сваім тэлеграм-канале падзяліўся думкамі.

Беларусь зьяўляецца дзяржавай, незалежнасьць якой на патрабаваньне дэпутатаў Апазыцыі БНФ у ВС-12 была абвешчаная 25 жніўня 1991 году. Гэта гістарычны факт. Роўна як і тое, што дакумэнт 25 жніўня 1991 году ня быў скасаваны ні легітымнымі (ВС-12 і ВС-13), ні якімі-небудзь нелегітымнымі (т.зв. «палаткі») вышэйшымі заканадаўчымі і прадстаўнічымі органамі Рэспублікі Беларусь.

Не ўдалося знайсьці і дакумэнту літоўскага парлямэнту, у якім бы ён заявіў аб непрызнаньні Беларусі як сувэрэннай незалежнай дзяржавы. 

Аналіз гістарычных дакумэнтаў сьведчыць, што яшчэ ў тым жа 1991 годзе ў Крамлі Літоўскую ССР, якой «тэрыторыя цалкам даступная для расейскіх сілаў» (цытую словы спадара прэзыдэнта, на падставе чаго ён лічыць Беларусь расейскай губэрняй), успрымалі часткай СССР.

Аднак аналіз гістарычных дакумэнтаў паказвае, што краіны Захаду (ЗША ў прыватнасьці) ніколі не прызнавалі Літву часткай СССР — хаця на тэрыторыі Літоўскай ССР савецкіх войскаў было ня менш, чым у Таджыцкай ССР ці Кіргізскай ССР.

Не лічылі Літву часткай СССР і літоўскія нацыянальныя сілы — як у самой Літоўскай ССР, гэтак і ў эміграцыі.

Літоўскі прэзыдэнт мае права лічыць Беларусь хоць часткай Аргентыны. Беларусы, адпаведна, маюць права не пагаджацца зь меркаваньнямі прэзыдэнта Літвы.