«У Вялікай вайне няма маленькіх спраў»: Уладзімір Зяленскі павіншаваў з Днём незалежнасці
Уладзімір Зяленскі прысвяціў віншаванне з Днём Незалежнасці Украіны ўсім жыхарам краіны.

24 жніўня — Дзень незалежнасці Украіны. Фота: president.gov.ua
Сёння, 24 жніўня, Украіна адзначае Дзень незалежнасці. Прэзідэнт Уладзімір Зяленскі прысвяціў віншаванне са святам усім жыхарам краіны, якія «даюць Украіне незалежнасць».
Уладзімір Зяленскі адзначыў важнасць кожнага жыхара краіны ў нялёгкай барацьбе за свабоду.
Зяленскі назваў гэты дзень святам свабодных, моцных і годных людзей.
«Сёння мы адзначаем 32-ю гадавіну нашай незалежнасці — незалежнасці Украіны. Свята свабодных людзей. Свята моцных людзей. Свята годных. Свята роўных. Украінцаў і ўкраінак. Усіх ва ўсёй нашай дзяржаве. Гэта каштоўнасць для кожнага з нас, і за гэта мы змагаемся», — адзначыў ён.
Зяленскі падкрэсліў, што ў Вялікай вайне няма маленькіх спраў і няважных людзей: «У Вялікай вайне няма маленькіх спраў. Няма непатрэбных. Няма няважных. Гэта тычыцца і людзей, і дзеянняў, і слоў. Калі мы адзначаем незалежнасць Украіны, кожны можа адчуць у ёй сябе», — гаворыцца ў звароце Зяленскага.
«У гэтай барацьбе важны кожны, таму што гэтая барацьба за тое, што важна кожнаму. Гэта незалежная Украіна», — падкрэсліў Зяленскі.
Прэзідэнт Украіны падзякаваў кожнаму жаўнеру і матросу, кожнаму сяржанту і старшыні, кожнаму афіцэру, кожнаму генералу, бацькам абаронцаў, тым, хто чакае родных з фронту, дзецям, якія падтрымліваюць байцоў і даюць ім «браню чалавечнасці», усім, хто працуе і дае працу іншым, хто здабывае славу Украіне спартыўнымі перамогамі, хто адчыніў дзверы ўласнага дома і прытуліў тых, хто страціў свой дом, кожнага, хто перажыў акупацыю.
Зяленскі падзякаваў героям, якія аддалі жыццё на фронце, а таксама адзначыў працу ўкраінскіх настаўнікаў, медыкаў, энергетыкаў, ратавальнікаў, праваахоўнікаў, журналістаў, работнікаў абароннай сферы.
«Але асобна я хачу сказаць сёння пра тых, пра каго пакуль нельга казаць у навінах, чые імёны вядомыя крыху, але чыя праца прыкметная ўсім. Нашы ракеты. Украінскія снарады. Нашы гарматы. Украінскія дроны», — сказаў Зяленскі.
«І калі мы ганарымся, што патапілі флагман варожага флоту — крэйсер «Масква», калі радуемся траплянню па Крымскім мосце, тады мы дзякуем і тым, пра каго цяпер таксама не скажаш, імёнаў не назавеш, але пра каго ў будучыні напішуць кнігі, абавязкова здымуць кіно. Пра тых, каго я ўзнагароджваю закрытымі ўказамі і хто здзяйсняе самыя складаныя аперацыі. Дзякуй вам! Вы ўсе важныя!».