Выведка, сачэнне, давядзенне да самагубства: працяг і развіццё КДБ у ГДР

Няма нічога новага пад поўняй, і цяперашнія беларускія сілавікі не прыдумалі нічога асаблівага: метады працы яны пазычаюць у сваіх папярэднікаў — НКУС, КДБ, «Штазі».

Мур, які падзяляў Берліна на Заходні і Усходні. Фота «НЧ»

Мур, які падзяляў Берліна на Заходні і Усходні. Фота «НЧ»

На вуліцы спыняецца белы бусік. З яго выходзіць чалавек і ветліва прапаноўвае мінаку сесці, бо «ёсць пара пытанняў». Мінак не разумее, што адбываецца. Тады з бусіка выходзяць яшчэ двое і цягнуць яго сілай. Паўгадзіны ў цемры. Дзверы адчыняюцца. Перад ім — шыхт мужчын з дубінкамі… Гэта не Мінск 2020-га. Гэта Усходні Берлін 1980-х.

«Штазі» (у арыгінале Stasi / Ministerium für Staatssicherheit — Міністэрства Дзяржбяспекі ГДР) — аналаг савецкага КДБ з дадаткам германскай педантычнасці. Адна з найбольш эфектыўных спецслужб часоў халоднай вайны.

«Дзяржава ў дзяржаве», якая стварыла сапраўдную рэальнасць з сусвету Оруэла, на што ў СССР не хапала рэсурсаў ды інтэлекту. На рахунку «Штазі» безліч злачынстваў, за якія… ніхто не панёс пакарання, піша Алесь Кіркевіч для palatno.media.

Але пра ўсё па парадку.

Хросны бацька — Берыя

Пасля 1945-га Усходняя Германія з паловай Берліна адыходзіць да сферы ўплыву СССР. Савецкія органы тут працуюць да пачатку 50-х, але патрэбныя ўласна германскія калегі — дублёры. Таму менавіта хросным бацькам «Штазі» лічыцца Лаўрэнцій Берыя. Тады і ў далейшым спецслужбы шчыльна працуюць разам, а «Штазі» называюць філіялам КДБ.

Саветы стваралі спецслужбы «пад сябе» па ўсіх краінах сацлагера, але да ГДР была асаблівая ўвага. Бо гэта — заходні выступ «Варшаўскага блока». Суперважная краіна. У дадатак, ФРГ пасля аднаўлення бярэ на сябе лідарства ў Еўропе, там стаяць амерыканскія базы ды ўзбраенне.

На мяжы 1940-50-х існаванне моцнай спецслужбы ў ГДР тлумачылі «барацьбой з нацысцкім падполлем». Але нават тады ў палітычнай турме Берліна сядзелі адно 15% былых нацыстаў, а рэшта — нелаяльныя Саветам германцы і выпадковыя ахвяры. Дарэчы, у квартале «Штазі» быў асобны інстытут для архіваў Рэйха. На словах, іх вывучалі, каб выяўляць «былых». На справе — шукалі максімум кампрамату для вярбоўкі агентаў ды… вучыліся.

У далейшым спецыялізацыя «Штазі» — гэта выведка, контрвыведка і — галоўнае! — праца па татальным кантролі сваіх грамадзян.


Глядзіце таксама

Больш, чым у Рэйху і СССР…

Фішкай «Штазі» было спалучэнне брутальных метадаў з ювелірнасцю працы. Агромністая колькасць усходніх германцаў марылі перабегчы на Захад, але нельга было ўсіх затрымаць ці расстраляць. Таму працавалі па «патэнцыйных» уцекачах, нефармалах, іншадумцах ды іншых «ворагах». Адсюль — небывалая ў сусветнай гісторыі навацыя: татальная сетка інфарматараў.

На момант росквіту, у 1980-х, на 60 усходніх германцаў даводзіўся адзін агент. То-бок адзін «стукач» на пад’езд пяціпавярховай «панэлькі». Не лічачы 90 000 штатных супрацоўнікаў «Штазі» (насельніцтва ГДР — 17 мільёнаў). Для параўнання: пры Гітлеры быў 1 агент на 2000 грамадзян.

Даносілі ўсе: рабочы на начальніка, начальнік на рабочага, сусед на суседа. Калі пасля 90-га адкрыліся архівы «Штазі», адна з гісторый выглядала так: муж даносіў на жонку, а жонка — на мужа. У выніку яны развяліся. Дэвіз «Штазі»: «Непатрэбнай інфармацыі не існуе». Спецслужбу цікавіла ўсё: ад палітычнага мінулага да любімай маркі цыгарэт ахвяры. Калі чалавек трапляў у спецтурму, пра яго ўжо ўсё было вядома.

«Я табе дапамагу, бо ты добры хлопец!..»

Турма «Штазі» знаходзілася ў адмысловым квартале Усходняга Берліна. Яе не было на мапах. Да пачатку 50-х там працавала КДБ, пазней — самі германцы. Раннія метады ў турме былі брутальнымі, савецкімі: спецлагер №3 адносіўся да сістэмы ГУЛАГу. Былі «халодныя» і «гарачыя» (да 40 градусаў) камеры. Ад сырасці ў жанчын валасы пакрываліся цвіллю. Затрыманыя часта жавалі гузікі ад адзення, каб сцішыць голад. У дадатак — пабоі і начныя допыты…

Пазней быў збудаваны новы корпус, больш «цывільны». Акурат туды прывозілі затрыманых тыя самыя белыя бусікі. Дарэчы, на іх часам пісалі назвы прадуктаў, а германцы дзівіліся: чаму паліцы ў крамах пустымі, а па Берліне ездзіць столькі развозчыкаў ежы?.. З цемры бусіка чалавек трапляў у пакой з моцным святлом. Яго маглі збіць адразу або — ветліва правесці ў камеру.

Далей — праца следчага. Людзей найчасцей трымалі па адным ва ўмовах поўнай цішыні. Без магчымасці чытаць, пісаць, ведаць гадзіну дня і нават дату. Утрымліваць чалавека маглі бясконца — без суду. Адзіным суразмоўцам аказваўся следчы, які пачынаў з фразы: «Я табе дапамагу, бо ты добры хлопец!..»

Метады допыту — розныя. У залежнасці ад асобы. Калі ўжываеш алкаголь — прапануюць выпіць. Калі сямейны — пакажуць фота жонкі з дзецьмі. Следчы мог дэманстратыўна націснуць штэпсель, маўляў, а запіс выключаны, «пагаворым не для пратаколу». Хоць запісваючых прылад было некалькі. Было і такое: чалавек просіць цыгарэты, якія былі пры ім падчас затрымання. Яму іх заносяць у камеру… але не даюць запалак. Жанчыне, ва ўмовах інфармацыйнай ізаляцыі, маглі паведаміць, што яе дзеці трапілі ў аўтакатастрофу. І гэтак далей.

Мільёны фота: сэкс, п’янкі, людзі ў ванне…

СІЗА пры «Штазі» быў фінальным пунктам, але галоўная праца — на волі. Менавіта тут і чытаецца ювелірнасць метадаў спецслужбы. І гэта не толькі пра татальную праверку лістоў і пасылак (ФРГ-ГДР) ці праслухоўванне тэлефонаў. Знаходкай стаў метад «раскладання». Чытай: дэградацыі асобы без прамога кантакту — не крануўшы чалавека пальцам.


Глядзіце таксама

Супрацоўнікі, напрыклад, таемна заходзілі ў кватэру, калі там не было гаспадара, і рабілі свае парадкі: перастаўлялі месцамі рэчы, нешта забіралі, пасля таемна вярталі. Замаўлялі чалавеку пакупкі, якіх ён не рабіў. Грукалі ў дзверы ці званілі сярод ночы. Рэзалі шыны аўто ці ровара, каб той спазняўся на працу: яго звальнялі. У краме падкідвалі ў кішэнь ці торбу прадметы, каб на выхадзе затрымаць «за крадзеж». Людзі занураліся ў глыбокую дэпрэсію ці думалі, што з'язджаюць з глузду. Некаторыя і праўда вар'яцелі ці заканчвалі жыццё самагубствам.

Для здабыцця кампрамату, апроч даносаў, было татальнае фатаграфаванне і відэаздымка. У архівах «Штазі» — мільёны здымкаў. Сэкс, п’янкі, людзі ў ванне, людзі ў душавой ці саўне, людзі ў тэлефоннай кабінцы або на выхадзе з амерыканскага пасольства… Ці, напрыклад, фота інтэр’еру пакоя непаўналетняга юнака з плакатамі заходніх рок-зорак і амерыканскім сцягам. Чытай: «патэнцыйны здраднік».

Усё гэта рабілася максімальна акуратна, каб шараговыя грамадзяне, якія ніколі не бачылі на ўласныя вочы афіцэра спецслужбы, лічылі, што «Штазі» — паўсюдна. І ад яго нікуды не ўцячэш. Таму, напрыклад, перад вобшукам маглі на палароід фатаграфаваць абстаноўку кватэры з незапраўленым ложкам ,«да вобшуку», каб пазней, пры патрэбе, усё да дробязей выглядала гэтак сама, як раней.

Штодзённасць «Штазі»: вечарынкі ў касцюмах

Пачынаючы з 1950-х, супрацоўнікі «Штазі», як і кадэбісты ў СССР, перасталі публічна насіць форму. Іх можна было пазнаць па ўмоўна аднолькавых шэрых плашчах або спартыўных касцюмах. Форма — толькі для афіцыйных мерапрыемстваў. Ды і ў форме адрозніць супрацоўніка маглі толькі спецы: адзінае адрозненне ад армейскага мундзіра — колер асновы пагонаў. На чорна-белых фота ці відэа гэта немагчыма заўважыць.

Супрацоўнікі «Штазі» — закрытая супольнасць, з якой можна па-добраму сысці толькі на пенсію. Нельга проста звольніцца, бо ты ўжо зашмат ведаеш. Прасцей скончыць жыццё самагубствам або паспрабаваць збегчы. Гартаючы фота супрацоўнікаў, адразу і не скажаш, што гэта нейкія «страшныя» людзі: хутчэй супрацоўнікі нейкага інстытута ці дома культуры. У акулярах, з вусамі, бародамі.

У гэтай супольнасці былі і свае рытуалы, пра якія сведчаць рэдкія фотаздымкі. Напрыклад, на нейкае свята да кіраўніка аддзела яго падначаленыя апрануліся… у касцюмы ахвяр «Штазі»: каталіцкага біскупа, нефармала, студэнта і так далей. Сапраўдны карнавал. На іншым фота афіцэр стаіць на каленях, а ў яго на грудзях — тэлефонная трубка. Так з гумарам узнагародзілі чалавека, які займаўся праслухоўваннем. Свая атмасфера.

Архітэктарам гэтага ўсяго быў Эрых Мільке. Колішні германскі камуніст, які ваяваў у Іспаніі ў інтэрбрыгадах у 1930-я, змагаўся з нацыстамі ў 1940-я. Мільке прайшоў усе магчымыя ўзроўні падрыхтоўкі савецкага НКУС-КДБ. Але самае цікавае, што пасля 1990-га… яго так і не пасадзілі за злачынствы «Штазі». Мільке памёр у 2000-м на 97-м годзе жыцця. Суседзі згадвалі яго як ціхага пенсіянера, якога выгульвалі ў інвалідным вазку целаахоўнікі.


Глядзіце таксама

«Усё было зусім не так…»

Пасля падзення ГДР і аб’яднання Германіі «Штазі» не аказала супраціву (хоць у штаб-кватэры знайшлі вялізны арсенал зброі). Галоўнай задачай было знішчэнне архіваў. Дзень і ноч працавалі дзясяткі шрэдараў для паперы. Калі яны зламаліся, супрацоўнікі рвалі дакументы рукамі і складвалі ў мяхі. Гэтыя мяхі разбіраюць дагэтуль… У дадатак — мільёны фота, відэа, магнітафонных запісаў, колбаў з біяматэрыяламі ахвяр.

Грамадзяне атрымалі доступ да сваіх спраў, але абмежаваны: без прозвішчаў даносчыкаў. Публікацыя дасье, сабраных «Штазі», таксама абмежаваная, бо там было шмат усяго пра публічных палітыкаў накшталт былога канцлера Гельмута Коля. Некаторыя рэчы не публікуюцца з маральных прычын.

Варта дадаць, што «Штазі» не толькі душыла сваіх грамадзян, але і паспяхова працавала на знешнім напрамку. Сярод завербаваных агентаў — паліцэйскія ФРГ, танцоўшчыцы ў элітных клубах Заходняга Берліна, блізкія дарадцы колішняга прэзідэнта ФРГ Віллі Брандта і нават Джона Кенэдзі! Фішкай «Штазі» была не грубая сіла, а інтэлект. Што і зрабіла спецслужбу змрочнай легендай.

У 1990-я былых супрацоўнікаў не судзілі. Яны ішлі ў бізнес, адвакатуру, юрыдычную кансультацыю. Некаторыя ў далейшым «усплылі» ў… Расіі: як Маціас Варынг, кіруючы дырэктар кампаніі «Норд Стрым», сябар Пуціна. Іншыя — спакойна выйшлі на пенсію, як Зігфрыд Ратайчык, колішні начальнік турмы «Штазі». Калі ў былой турме зрабілі музей, ён перыядычна прыходзіў, каб панастальгаваць ды палаяць музейшчыкаў — маўляў, «усё было зусім не так…».