«Пікетаванне» попельніцай, фота сабакі і кубка. Як беларусаў судзяць за БЧБ і «Пагоню»
32 гады таму, 19 верасня 1991-га, бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня» паводле рашэння Вярхоўнага Савета сталі дзяржаўнымі сімваламі Беларусі. Пад такім сцягам і гербам краіна жыла да рэферэндуму 1995 года. У гадавіну прыняцця нацыянальных сімвалаў «Медыязона» паглядзела, як цяпер за іх выкарыстанне караюць беларусаў.
Герб «Пагоня» ў пачатку 2000-х стаў нематэрыяльнай гісторыка-культурнай
каштоўнасцю. Вершнік намаляваны на гербе Віцебскай вобласці, Магілёва,
Верхнядзвінска, Рэчыцы. Гэта не перашкаджае беларускім судам лічыць размяшчэнне
герба пікетаваннем, нават калі выява «Пагоні» нанесена на асабістыя рэчы ў
непрыкметных месцах. Тое ж самае адбываецца з бел-чырвона-белым сцягам.
Афіцыйна ён не прызнаны «экстрэмісцкай» сімволікай, але любое яго публічнае
выкарыстанне ў Беларусі фактычна забаронена. Вось некалькі прыкладаў за апошнія
месяцы.
«Прадмет з выявай бел-чырвона-белага сцяга і герба П. на вечку попельніцы»
У Берасці мясцовага жыхара аштрафавалі на 15 базавых велічынь (555 рублёў) за «пікетаванне» бел-чырвона-белым сцягам і гербам «Пагоня». Суд палічыў «масавым мерапрыемствам» размяшчэнне «прадмета» з выявай сцяга і герба на вечку попельніцы ў машыне. У пастанове суда не гаворыцца, што гэта за «прадмет», але, мяркуючы па ўсім, гаворка ідзе пра налепку.
«Сабака белага колеру і адзенне чырвонага колеру на ім»
Жыхарку Наваполацка мясцовы суд аштрафаваў на 100 базавых велічынь (3700 рублёў) за фота ў «Аднакласніках». На ім быў белы сабака ў «адзенні чырвонага колеру» і подпіс «ЖЫВЕ БЕЛАРУСЬ!!!!! ГВАЛТУ НЕ!!!». На думку суддзі, такім чынам навапалачанка «правяла масавае мерапрыемства» без дазволу выканкама.
«Пікеты» ў Вайберы і Тэлеграме
Фота профілю ў сацсетках і месенджарах з БЧБ-сцягам і «Пагоняй» таксама лічаць «пікетаваннем». За такое фота ў Вайберы суддзя арыштавала мінчука на 15 сутак. А шэф-кухара адной з мінскіх кавярняў адправілі на 10 дзён праз фота з БЧБ-сцягам у Тэлеграме.
«Пікетаванне» фатаграфіяй чахла для тэлефона
Суткі ці штраф можна атрымаць за налепку на чахле тэлефона і нават за фатаграфію такога чахла. Так здарылася ў Дуброўне: за здымак чахла з налепкай у Instagram мясцовы жыхар атрымаў 5 сутак.
А жыхар Чашнікаў «пікетаваў» фатаграфіяй на фоне машыны з белымі і чырвонымі палосамі і ўсталяваным на даху БЧБ-сцягам. За гэта суд арыштаваў яго на 15 сутак.
«Адзіночны пікет з выкарыстаннем пратэснай сімволікі ў выглядзе татуіроўкі»
Суд Шклоўскага раёна аштрафаваў дзяўчыну на 185 рублёў з-за татуіроўкі з БЧБ-сцягам. Яна знаходзілася на гарадскім свяце ў верхняй вопратцы. Калі стала горача, зняла яе, і была затрымана з-за татуіроўкі на перадплеччы.
Кубкам «выказвала свае грамадска-палітычныя настроі»
У Оршы на трое сутак арышту асудзілі работніцу адной з гарадскіх арганізацый. На думку суда, «пікетаванне» заключалася ў тым, што яна «дэманстравала на ўсеагульны агляд» фатаграфію кубка з выявай «Пагоні».
Пікетам беларускія суддзі лёгка могуць палічыць наяўнасць бел-чырвона-белых элементаў у вопратцы або аксесуарах. Жыхара Берасця 16 жніўня аштрафавалі на 20 базавых (740 рублёў) за бел-чырвона-белую папружку для ключоў з «Пагоняй». А суд Гарадокскага раёна арыштаваў на двое сутак грамадзяніна Расіі з-за кепкі з выявай «Пагоні».
Пікетаваць зараз можна нават манікюрам. Уладальніцу
салона прыгажосці ў Магілёве аштрафавалі на 100 базавых велічынь з-за БЧБ-манікюру.