Вольга Павук: Мой беларускі пашпарт закончыўся, але няма асаблівай праблемы
Блогерка Вольга Павук лічыць, што без беларускага пашпарта стала жыць лягчэй. У грамадскай дзяячкі тэрмін дзеяння беларускага дакумента скончыўся 1 красавіка. Новы пашпарт яна не рабіла. Як жыць без беларускага дакумента, яна расказала «Радыё Рацыя».
— Беларусам
забаранілі абменьваць пашпарты ў консульствах за мяжой. У цябе такая гісторыя,
што яшчэ ў красавіку, да прыняцця гэтага закона, скончыўся тэрмін дзеяння
беларускага пашпарта. І я так разумею, што ты вырашыла не рабіць новы пашпарт.
Можаш распавесці сваю гісторыю?
— Калі мы прыехалі ў 2020 годзе, і я пабачыла дату заканчэння дзейнасці свайго пашпарта, то ніколі не думала, што да такой даты дажыву па-за Беларуссю. І сапраўды прыйшлося яго замяніць на «бежанства», таму што пры ўзроўні маёй палітычнай актыўнасці, грамадскай актыўнасці, не было ніякай надзеі, што мне памяняюць пашпарт у консульстве.
Сапраўды была праблема яшчэ да гэтага закона, бо людзі, якія звярталіся з пытаннем абмену пашпарта, чакалі каля 9 месяцаў. Гэта як дзіцёнка нарадзіць, так і пашпарт беларускі было дачакацца. І таму сённяшнія змены на мяне не паўплывалі збольшага. Але я разумею, што для многіх людзей гэта сапраўды была праблема.
Са свайго боку магу сказаць, што я доўга не хацела прымаць гэтае рашэнне атрымліваць менавіта літоўскія дакументы. Працягнула б беларускі пашпарт з задавальненнем. Але зразумела, што ў мяне гэта не выйдзе.
— Са сваім пашпартам ты спачатку ў Літве атрымала міжнародную абарону?
— Адразу як я прыехала, а мая сям’я — гэта Андрэй і дзеці, мы адразу падаліся на статус уцекача і атрымалі літоўскія дакументы недзе праз 10 месяцаў. Таму што быў вялікі наплыў.
Я жыла паводле сваіх каштоўнасцяў — я маладая, я здольная, я павінна працаваць. Не трэба мне нейкія там літоўскія дакументы, буду проста працаваць і чакаць, калі вярнуся дадому. І таму больш за паўтара года я проста была на працоўным часовым побыце жыхарства. Нібы я проста прыехала ў Літвы без палітычных падстаў. І працавала да апошняя дня. Да 31 сакавіка.
Які мой статус на тэрыторыі Беларусі на сённяшні
дзень, я не ведаю. І запытаў рабіць не збіраюся. Але беларускі пашпарт у мяне
ўжо не дзейсны. І ў мяне на сённяшні дзень ёсць толькі сталы побыт жыхарства і
я збіраюся падавацца на Жэнеўскі пашпарт для таго, каб мець магчымасць
перасоўвацца па свеце. Але гэты пашпарт не заменіць мне грамадзянства, гэта
трэвал-дакумент. Проста я не магу атрымаць дакументы ад
беларускага консульства.