“Так я ні разу і не запаліўся” — Ягор Марціновіч прыгадвае Валадарку
Валадарка закрываецца, успаміны застаюцца. Былы палітвязень і экс-рэдактар «Нашай Нівы» Ягор Марціновіч прыгадвае на сваёй старонцы ў фэйсбуку, як на Валадарцы яму давялося пару месяцаў быць паштаром: патрохі навучыўся і нейкія вузлы вязаць, і адбіваць па сценах умоўныя каманды.

Валадарка закрываецца, надыходзіць час захапляльных гісторый, якія ўжо нікому не змогуць пашкодзіць.
Дык вось, месяцы два я працаваў на Валадарцы «дарожнікам». Гэта той, хто займае прыёмам і адпраўкай пошты па міжкамернай сувязі. Як я дакаціўся да такога жыцця?)
Глядзіце таксама

Трапляю я ў новую камеру, а там пытаюцца: пісаць каму-небудзь будзеш? Можна па суседніх камерах пашукаць іншых палітычных, распытаць, што ў іх і як. Ну давайце паспрабуем, чаму не. У выніку знайшоў некалькі знаёмых са свабоды, перыядычна дзяліўся з імі навінамі, нешта атрымліваў ад іх узамен.
Як працуе пошта? Калі максімальна схематычна, то між камерамі працягнутая вяроўка. Увечары (недзе з 20.00 да 23.00) адказны чалавек заскоквае на падваконне, прывязвае да вяроўкі паперкі-лісты (запакаваныя ў цэлафан, каб не намоклі і каб не прачытаў ніхто левы) і цягае яе туды-сюды.
Калі ў гэты момант яго засячэ надзіральнік, справа тэарэтычна можа скончыцца актам, а магчыма, і ШІЗА. Таму ў момант працы паштальёна хто-небудзь з суседзяў ціпа выпадкова стаіць каля дзвярэй, перакрываючы ўвесь агляд у вочка. А калі надзіральнік зараве «Адыдзі, ***, нічога не відаць!», чалавек-шырма павінен яшчэ на пару секунд завіснуць каля дзвярэй, пакуль паштальён не саскочыць з падваконня.
На Валадарцы адміністрацыя ставілася да гэтага досыць лагодна. Калі што, тлумачыш, што дзьмула з вокнаў, таму і лазіў зачыняць, ага)
Глядзіце таксама

Ёсць версія, што ў адной з камер спецыяльна навучаны зняволены мог разварочваць патрэбныя лісты, чытаць ці нават фатаграфаваць для адміністрацыі, а пасля зноў запайваць у цэлафан і адпраўляць адрасату. Натуральна, аператыўнікаў цікавалі чыесьці прызнанні віну ці падрабязнасці крымінальных спраў. А каму трэба зводка маіх палітычных навінаў?
У мяне ў камеры пяцёра суседзяў, уся гэтая актыўнасць патрэбная толькі аднаму. Ён усё адно нешта сваё адпраўляе-прымае, ну і я яму штодня падкідваў парачку лістоў на рассылку. Праходзіць месяцы два, і той «актывіст» адпраўляецца на этап у калонію.
Увечары з суседняй камеры грукаюць двойчы па сцяне: прыміце пошту. Усе пераглядваюцца між сабой: што рабіць? Карупцыянер кажа мне: «Ну гэта ж 100 працэнтаў табе, больш тут нікому не пішуць».
Глядзіце таксама

Ну што рабіць, палез я на гэта вакно) А там жа не толькі лісты адпраўляць-прымаць. Бывае, па-суседску пакецік соды папросяць. Бывае, нейкае печыва адпраўляеш. Карацей, патрохі навучыўся нейкія вузлы вязаць, навучыўся адбіваць па сценах умоўныя каманды) Але я працаваў на мінімалках, у нас была фактычна «транзітная камера» — суседзі злева і справа штодня пракідваюць праз нас вяроўку, а мы ёй карыстаемся.
У выніку так я ні разу і не запаліўся)
Самае смешнае, што калі аднойчы ў камеры быў ператрус, нейкі з міліцыянераў палез за акно правяраць, ці не вісіць вяроўка. А яна вісела, натуральна. Але начальнік яго спыніў: «Можаш не правяраць. Ды ты паглядзі на іх — гэтая камера дакладна не працуе з поштай».
Глядзіце таксама
