"Турэмны ўніверсітэт" Ягора Марціновіча

 Журналіст, экс-палітвязень Ягор Марціновіч на сваёй старонцы ў Facebook згадвае, як за кратамі атрымлівалася сумяшчаць непрыемнае з карысным і адукоўваць сукамернікаў.

Ілюстрацыйная выява, створана нейрасеткай

Ілюстрацыйная выява, створана нейрасеткай

Я не хацеў трапляць у турму. Але калі ўжо так адбывалася, то вырашыў, што трэба сумяшчаць непрыемнае з карысным. Як мінімум адукоўваць людзей, з якімі ты наўрад ці сустрэўся б недзе на свабодзе. Не ведаю, як у канцы 19 — пачатку 20 стагоддзя «хадзілі ў народ», але здагадваюся, што выглядала прыблізна гэтаксама.

Да цябе на нары падсаждваюцца маладыя закладчыкі (яны асноўная мэтавая група — самыя маладыя і адкрытыя да новай інфармацыі) і ты расказваеш ім — пра гісторыю Беларусі, пра расійскую агрэсію, пра дэмакратыю, пра правы чалавека, пра фальсіфікацыі на выбарах, пра Ціханоўскую, пра бацюшку са свастыкай… Адна з самых папулярных лекцый была пра гісторыю жыцця Лідзіі Ярмошынай. Клянуся, я дагэтуль магу пераказаць яе нават скрозь сон!

У другім канцы камеры свае адукацыйныя курсы вёў Саня Івулін. Не ведаю, пра што расказваў, але слухачы плаўна перацякалі адтуль сюды і наадварот. Прычым я чуў ад людзей, што такія ж лекцыі праводзілі і многія палітвязні ў іншых камерах. Відаць, натуральная рэакцыя арганізма — паспрабаваць зладзіць штосьці канструктыўнае.

А, на пару дзён у мяне з’яўляўся канкурэнт — хлопец-аліментшчык з ідэалогіяй «мужчынскай дзяржавы». Я нешта расказваю людзям і чую, як ён залівае некалькім маім прыхаджанам:) ерась пра тэлегонію! Гэта быў адзін з нямногіх выпадкаў, калі хтосьці давёў мяне да шаленства.

Ты не ведаеш, што адкладзецца ў людзей у галаве ад такіх размоваў. Але калі закладчыкі пасля развітваюцца з камерай словамі «Жыве Беларусь!», гэта найлепшы вынік.