Атрымаць "пуцёўку" ў ЛПП у Беларусі будзе прасцей?
Неўзабаве значна прасцей будзе трапіць у лячэбна-працоўны прафілакторый. З 26 студзеня 2024 года ў сілу ўступаюць новыя палажэнні Закона па пытаннях прымусовага лячэння і медыка-сацыяльнай рэадаптацыі. Паводле новых схемаў, працэдура накіравання ў лячэбна-працоўны прафілакторый значна спросціцца.
Цяпер трапіць у лячэбна-працоўны прафілакторый (ЛПП) у агульным парадку можна пры наяўнасці чатырох адміністрацыйных пратаколаў за год. Пасля першых трох выносіцца афіцыйнае папярэджанне аб накіраванні на прымусовае лячэнне і грамадзянін праходзіць медкамісію, чацвёртае парушэнне часцяком заканчваецца прымусовым лячэннем. Праўда, працэдуры папярэднічаюць паўторнае медычнае абследаванне і пасяджэнне суда, – патлумачыла выданню Праўда Гомель суддзя суда Буда-Кашалёўскага раёна Святлана Лупічэнка.
Некаторыя могуць апынуцца ў ЛПП ужо пасля трэцяга прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці, ці за тры парушэнні працоўнай дысцыпліны ў стане алкагольнага ап'янення.
У новай рэдакцыі артыкула 4 закона ад падобнай градацыі адмовіліся, і з 26 студзеня 2024 года афіцыйнае папярэджанне аб накіраванні ў ЛПП атрымаюць усе катэгорыі парушальнікаў, якія на працягу года два і больш разоў прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасці. Пасля трэцяга пратакола яны будуць накіраваныя на медкамісію і ў суд.
Таксама новаўвядзеннямі ў закон вызначаны больш строгі парадак ізаляцыі асоб, якія пакутуюць на наркатычную залежнасць. Цяпер грамадзяне, якія звярнуліся або паступілі ў арганізацыі аховы здароўя з атручваннем, выкліканым спажываннем наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх аналагаў, таксічных або іншых адурманьваючых рэчываў, атрымаюць афіцыйнае папярэджанне аб накіраванні ў ЛПП ужо пасля першага падобнага факту. Другі зварот на працягу года пасля такога папярэджання ў медустанову для аказання дапамогі ў сувязі з атручваннем, выкліканым дурманам, пацягне медыцынскі агляд і накіраванне матэрыялаў у суд.
Беларусь — адзіная краіна на постсавецкай прасторы, дзе дагэтуль існуе сістэма лячэбна-працоўных прафілакторыяў, накіраваная нібыта на дапамогу тым, хто мае алкагольную залежнасць. Па факце ж гэта працяг рэпрэсіўнай машыны дзяржавы, якая, да таго ж, выкарыстоўвае фактычна рабскую працу.
Наколькі эфектыўная сістэма лячэбна-працоўных прафілакторыяў у дачыненні да тых, хто рэальна пакутуе ад алкагалізму, расказвала ў інтэрв'ю «Новаму Часу» праваабаронца Наста Лойка, якую зараз трымаюць за кратамі:
«Па ўсіх стандартах гэта прымусовая праца. Жанчыны, з якімі я сядзела і якія былі і ў ЛПП, і ў калоніях, гаварылі, што ЛПП горш за калонію. Па-першае, па бессэнсоўнасці: ты атрымліваеш пратакол за распіццё, цябе адвозяць у ЛПП, дзе нібыта хочуць навучыць працы, але яны працавітыя дзяўчыны, яны і так умеюць працаваць, проста ім штосьці ў жыцці замінае часам гэта рабіць. Па-другое, стаўленне: увесь гэты ахоўны персанал настолькі агрэсіўна да іх ставіцца, што людзі, якія былі з неўраўнаважанай псіхікай, мне падаецца, яшчэ больш яе траўмавалі, яшчэ больш співаліся потым. Таму што людзі часта п’юць ад таго, што ў іх было кепскае дзяцінства, увагі не хапіла, яшчэ ад нечага. Атрымліваецца, што ў ЛПП працягваюць гэтак жа з імі абыходзіцца, плюс дзяржава на іх нажываецца. Ёсць яшчэ шмат людзей, якія працаваць у прынцыпе не могуць па стане здароўя, нягледзячы на ўсе гэтыя медкамісіі, якія не могуць для іх падабраць працу. Таму гэта бессэнсоўны механізм, які існуе для таго, каб проста забяспечваць працоўныя месцы людзям з "дзяржаўнага электарату". Іншага тлумачэння ў мяне няма».