«Гэта — турма!» Зняволеныя са Светлагорскага ЛПП распавялі пра ўмовы знаходжання і працы

Беларусь — адзіная краіна ў Еўропе, што выкарыстоўвае зняволенне ўласных грамадзян, якія пакутуюць на алкагалізм, наркаманію ці таксікаманію ў закрытых установах, для прымусовай працы. З постсавецкіх краінаў так званыя лячэбна-працоўныя прафілакторыі (ЛПП) яшчэ выкарыстоўваюцца толькі ў Туркменістане.

Светлагорскі ЛПП

Светлагорскі ЛПП


Праваабаронцы і журналісты "Палескай Вясны" паразмаўлялі з тымі, хто ўтрымліваецца ў Светлагорскім ЛПП № 1 — самай старой у Беларусі ўстанове падобнага тыпу.

 

Праца пад прымусам і амаль задарма

Варта адзначыць, што Светлагорскі ЛПП насамрэч з’яўляецца не ўстановай, а рэспубліканскім вытворчым унітарным прадпрыемствам, пра што сведчыць сайт гэтага прадпрыемства. Ён прапануе досыць вялікі асартымент прадукцыі. То-бок — гэта камерцыйная структура, скіраваная на вытворчасць і артыманне прыбытку. Вось толькі праца, якая выкарыстоўваецца на гэтым прадпрыемстве — прымусовая.

Акрамя таго, недалёка ад ЛПП у Светлагорскім раёне размешчанае сельгаспрадпрыемства «Хутар-Агра», якое падначаленае Дэпартаменту выканання пакаранняў МУС. І на ім таксама выкарыстоўваецца праца тых, каго змяшчаюць у ЛПП.

Сюды кожную раніцу аўтобусам прывозяць некалькі дзясяткаў вязняў ЛПП. Іх накіроўваюць на працы па прыборцы вытворчых памяшканняў, фермаў, тых, хто мае адпаведную кваліфікацыю, могуць выкарыстоўваць у якасці слесараў на рамонце сельскагаспадарчых машын.

Менавіта тут і магчыма паразмаўляць з сядзельцамі ЛПП, хаця і тут яны знаходзяцца пад пільнай аховай. Гэтыя людзі баяцца, што, калі пра іх стасункі з праваабаронцамі і журналістамі без дазволу адміністрацыі ЛПП даведаецца гэтая самая адміністрацыя, яны могуць атрымаць пакаранне. Таму просяць іх не фатаграфаваць і не называць іх імёнаў і прозвішчаў ды іншых прыкметаў, якія б дазволілі «вылічыць» тых, хто размаўляў з журналістамі і праваабаронцамі.

«Калі ахарактарызаваць у двух словах — гэта турма. Зона. Толькі з выхадам. Гэта ў нас называецца расканвойка. Ніхто нас там ад залежнасцяў не лечыць. Проста, як яны нам тлумачаць, мы ізаляваныя ад грамадства. Хаця, нас у тое ж грамадства адпраўляюць працаваць. Задарма», — распавядае мужчына, з выгляду гадоў каля 40.

Насамрэч, за працу на тым жа сельгаспрадпрыемстве сядзельцам ЛПП ідзе нейкі заробак. Але з яго вылічваюць сумы за харчаванне, за карыстанне вадой для памыўкі ды іншыя камунальныя выгоды, калі такімі можна назваць тое, што атрымліваюць зняволеныя ў ЛПП.

 

Светлагорскі ЛПП

Светлагорскі ЛПП

 

«Нам застаецца трохі грошай. Але мы іх у руках не трымаем. На іх мы можам атаварыцца ў краме на тэрыторыі ЛПП. Звычайна таго, што нам застаецца ад месячнага заробку, хапае на цыгарэты, пачак гарбаты. Часам можна выкруціць на нейкія цукеркі», — дадае вязень.

Працу зняволеных у ЛПП выкарыстоўваюць не толькі МУСаўскае сельгаспрадпрыемства, не толькі дзяржаўныя арганізацыі, але нават і прыватныя прадпрыемствы, і індывідуальныя прадпрымальнікі, якія могуць «купіць» сабе гэтых работнікаў прыкладна за паўтысячы рублёў на месяц. Менавіта столькі плаціў на рахунак ЛПП адзін са светлагорскіх прадпрымальнікаў, з якім нам удалося паразмаўляць:

«Я штодня пад распіску браў іх з ЛПП, завозіў на працу, і ўвечары зноў пад распіску вяртаў на прахадную ЛПП. На працягу дня я адказваў за тое, каб гэтыя работнікі не ўцяклі. Але аднойчы адзін з іх не паспеў прыйсці на праверку і адміністрацыя вырашыла, што ён хацеў падацца ва ўцёкі, таму перастала са мной супрацоўнічаць», — распавёў прадпрымальнік.

 

file_641.jpg

Электрычнасць дзве гадзіны на дзень

Памяшканні, у якіх жывуць зняволеныя ў ЛПП, афіцыйна завуцца інтэрнатамі, але насамрэч, гэта звычайныя «зонаўскія» баракі, падзеленыя на секцыі, дзе размешчаныя вязні. У некаторых па 15 чалавек, у некаторых па 30, у некаторых па 60, у некаторых і па 120. У залежнасці ад плошчы.

«Я раней быў у ЛПП пад Наваградкам. У прынцыпе ў побыце ўмовы там і тут аднолькавыя. Кормяць даволі цярпіма. Ёсць нейкія лекары, можа, не надта кваліфікаваныя, але могуць аказаць нейкую першасную дапамогу ў выпадку праблемаў са здароўем. Калі штосьці сур’ёзнае — могуць выклікаць «хуткую» і завезці ў гарадскую лякарню. Душ — раз на тыдзень. Але, калі цябе своечасова не прывезлі з працы — можаш і не паспець памыцца. У той жа час, тут ёсць такая практыка, што вас пазбаўляюць элементарнага — разетак. Мне спачатку гэта дзіка было, што разеткі працуюць у дзень два разы па гадзіне. Вы ўявіце: калі атрад 120 чалавек, а ў памяшканні 6 разетак, наколькі рэальна ўсім пагаліцца, проста згатаваць сабе гарбаты?!» — абураецца іншы мужчына, які працуе побач.

«Мяне накіравалі ў ЛПП ужо ў трэці раз. Раней я быў у Наваградку і ў Дзяржынску. Але ў рэжыме ў Светлагорску ўсё нашмат больш жорстка, чым там. За найменшае парушэнне — ізалятар. Не надта добра паголены — пакаранне. Не паспеў своечасова ўстаць у шыхт — пакаранне. За адмову ад працы, альбо ад прызначэння (такое дзяжурства з прыборкай памяшканняў, дзе мы жывем, чыстка бульбы ці яшчэ нешта такое) — таксама пакаранне. Ёсць у нас так званыя рэжымныя мерапрыемствы — шыхтаванне, праверка, паход у сталоўку. Ты павінен быць на іх абавязкова. Калі ты не паспеў, ці адмовіўся, напрыклад, ісці ў сталоўку — таксама пакаранне. Калі ты трапляеш у ізалятар — ты не трапляеш на тыя працы, адпаведна, нават на цыгарэты не заробіш. Тады давядзецца спадзявацца толькі на перадачы. Два пакаранні — могуць дадаць тэрмін», — дадае яшчэ адзін вязень.

Таксама мужчыны распавялі, што за парушэнні на працы па-за межамі ЛПП, могуць пазбавіць гэтых працаў, і тады ты заўжды будзеш знаходзіцца «ў зоне» і працаваць на ўнутраных вытворчасцяў прадпрыемства — ад чысткі дратоў ад ізаляцыі і да збівання драўляных скрыняў.

 

Другое пакаранне за адно і тое ж парушэнне

У Светлагорскім ЛПП знаходзяцца людзі, якія не здзяйснялі аніякіх злачынстваў. Для таго, каб туды трапіць, дастаткова атрымаць тры адміністрацыйныя пакаранні за правапарушэнні ў стане алкагольнага ап’янення.

«Першы раз на мяне склалі пратакол за тое, што я ў прыгарадным лесе стаяў з сябрамі і піў піва. Лічыцца, што я распіваў алкаголь у грамадскім месцы. За гэта мне далі штраф. Потым мяне аштрафавалі, калі я ішоў з гасцёй ад сябра нападпітку. Апошні раз мяне затрымалі падчас пераходу вуліцы ў неўстаноўленым месцы. Я таксама ішоў з гулянкі. І за гэта мне прызначылі штраф. А потым участковы склаў паперы, перадаў у суд, і суд за тры гэтыя выпадкі палічыў, што павінен год быць тут — далёка ад сям’і і дзяцей», — кажа жыхар Гродзенскай вобласці, які зараз утрымліваецца ў ЛПП.

Алена Маслюкова

Алена Маслюкова


Кіраўніца Светлагорскай філіі праваабарончага цэнтру «Вясна» Алена Маслюкова выказала сваё стаўленне да існавання ў Светлагорску лячэбна-працоўнага прафілакторыя:

«Артыкулам 8 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах прадугледжана, што ніхто не мусіць прымушацца да прымусовай і абавязковай працы, акрамя катаржных працаў у выглядзе пакарання паводле судовага прысуду за здзяйсненне злачынства. Але тое, што адбываецца ў сістэме ЛПП у нашай краіне — гэта фактычна катаржныя працы, з мінімальнай аплатай, якая не задавальняе нават найменшыя патрэбы чалавека. Прычым, людзей прымушаюць да іх выканання не ў якасці пакарання за нейкае злачынства ці парушэнне. За тыя парушэнні, якія яны здзейснілі ў стане алкагольнага ап’янення, яны ўжо панеслі адказнасць, прадугледжаную адміністрацыйным кодэксам — штрафы, альбо арышты. І атрымліваецца, што іх нанова за тое самае караюць, прычым працяглым абмежаваннем волі і прымусовымі працамі. З гледзішча правоў чалавека — гэта недапушчальна. А ў Светлагорскім ЛПП №1 гэта ўсё робіцца з асабліва жорсткім рэжымам, таму што гэты ЛПП лічыцца паказальным у сістэме гэтых устаноў Беларусі. Мы маем намер звярнуцца да адміністрацыі ЛПП, ці, калі спатрэбіцца, у Дэпартамент выканання пакаранняў МУС, каб палегчыць умовы знаходжання людзей у Светлагорскім ЛПП. У прыватнасці, каб спыніць хаця б тыя ж абмежаванні на карыстанне электрычнасцю».

spring96.org, palesse.press