Хронікі рэпрэсій, 26 красавіка. Хрысціянскую актывістку асудзілі да 3 гадоў зняволення

Распавядаем галоўнае, што стала вядома пра беларускіх палітвязняў сёння. 

hroniki_represij2_logo.png_logo_1_logo_1_logo_1.webp

Затрыманы евангельскі прапаведнік Мікалай Хіла

d54f3ed5_04ad_47ba_a3e5_20acc00591a2.jpg

Затрыманне адбылося 24 красавіка, цяпер мужчына знаходзіцца на Акрэсціна, піша «Хрысціянская візія».

Прычыны і нагоды да затрымання — невядомыя.

Журналіст «Вячэрняга Бабруйска» Дзяніў Носаў выйшаў на волю пасля 15 сутак арышту

Праўладныя тэлеграм-каналы паведамілі пра затрыманне Дзяніса ў сярэдзіне красавіка — сцвярджалася, што журналіст «дасылаў сваім сябрам спасылкі на экстрэмісцкія рэсурсы».

У «Спіс экстрэмістаў» дадалі яшчэ 14 чалавек — цяпер у ім 4011 прозвішчаў

26 красавіка МУС зрабіла традыцыйны пятнічны апдэйт «Пераліка грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».

Сярод іншых, у спіс дадалі галоўнага спецыяліста Нацбанку Аляксандра Цярэшчанку.

На наступным тыдні пачнуць судзіць дыджэя з Кобрына з украінскім пашпартам — ён знік больш за год таму

Імя Арцёма Макавея з'явілася ў раскладзе судоў — працэс над хлопцам пачнецца 29 красавіка ў Брэсцкім абласным судзе. Вінавацяць яго па артыкуле 358-1 КК — агентурная дзейнасць. Справу будзе разглядаць суддзя Мікалай Сянько, Макавею пагражае ад трох да 7 гадоў калоніі, піша «Наша Ніва».

Макавей жыў у Беларусі з 2009 году, меў тут дазвол на жыхарства. Яго маці расказвала, што ў студзені 2023 году сына выклікалі ў міграцыйную службу і «прапаноўвалі там прайсці паліграф».

«У канцы студзеня да яго стукалі ў дзверы незнаёмыя ў цывільным, ён баяўся ім адчыняць, бо не ведаў, хто гэта. 27 студзеня Арцём знік, перастаў адказваць мне на паведамленні.

Мне проста нічога не адказваюць, ухіляюцца ад адказу. Нават сказалі: «Адкуль вы ўзялі, што мы забралі?». Адзінае, што паведамілі: «Ён нясе пагрозу Рэспубліцы Беларусь». Больш ніякіх тлумачэнняў».

У Беларусі прызналі «экстрэмісцкай» песню спевака AP$ENT

Гаворка пра кампазіцыю «Песенька вясёлага беларуса».

Адпаведнае рашэнне прынята судом Гомельскага раёна 22 красавіка.

Песня выйшла ў чэрвені 2020-га года і траўні больш за 500 000 праслухоўванняў толькі на афіцыйнай Youtube-старонцы спевака.

Беларускія суды цяпер прызнаюць «экстрэмісцкімі» і фотаздымкі людзей

Суд Лідскага раёна прызнаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» Instagram-акаўнт «vikingmma» — блогера і добраахвотніка Паўла Кулажэнкі.

Таксама пазначана, што «экстрэмісцкім» прызнаны і лагатып акаўнту, «які прадстаўляе сабой фатаграфію Кулажэнкі Паўла Аляксандравіча, 5 студзеня 1984 года нараджэння, які ўключаны ў спіс асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці».

Двухтомнік Дуніна-Марцінкевіча выключылі са спісу «экстрэмісцкіх матэрыялаў»

Паўгода на сайце Мінінфарма значылася, што гэта «экстрэмісцкія матэрыялы» ў адпаведнасці з рашэннем Жыткавіцкага суда ад 8 лістапада 2023 года.

Але ў сённяшняй версіі «спісу экстрэмісцкіх матэрыялаў» замест кніг напісана «Адменена», і ўдакладняецца: рашэнне раённага суда адмяніў прэзідыум Гомельскага областнага суда 11 сакавіка 2024 года.

Як адзначае «Вясна», на дадзены момант гэта першы (і адзіны) прыклад таго, калі ўлады перадумалі і адмянілі рашэнне аб прызнанні чаго-небудзь экстрэмісцкімі матэрыяламі. Больш прыкладаў «Адмены» ў спісе няма.

Сілавікі затрымалі жанчыну, якая нібыта ўдзельнічала ў паслявыбарчых акцыях пратэсту ў Мінску

На «пакаяльным відэа» жанчына адмаўляе свой удзел у мітынгах – яна кажа, што з-за таго, што аўтобусы не хадзілі, яна йшла пешшу да дачкі.

Каталіцкую верніцу Аксану Ючкавіч асудзілі да трох гадоў «хатняй хіміі»

26 красавіка ў судзе Фрунзенскага раёну Мінска адбыўся разгляд справы ў дачыненні да палітзняволенай каталіцкай актывісткі Аксаны Ючкавіч. Яна была асуджаная да трох гадоў абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ («хатняй хіміі»).

f5da5a75_424e_4f57_b475_20210ac07186.jpg

Аксану вызвалілі ў залі суда. Прысуд агучыла суддзя Юлія Крэпская. Жанчыну прызналі вінаватай паводле арт. 342 КК. Яна была затрыманая 23 студзеня 2024 года і з таго часу знаходзілася ў зняволенні. 

Аксана Ючкавіч — вядомая і паважаная ў рымска-каталіцкай супольнасці ў Беларусі хрысціянская актывістка. Былая журналістка catholic.bу. Верніца асабліва вядомая сярод католікаў Мінска, дзе яна арганізоўвала шматлікія імпрэзы. Шмат сваіх сіл і энергіі верніца аддавала дапамогі іншым людзям, тым, хто меў патрэбу ў дапамозе. Працавала ў Хрысціянскім сацыяльным цэнтры Дабрачыннай Місіі Добрага Самараніна ў Мінску.

За ўдзел у паслявыбарчай акцыі пратэсту затрыманы жыхар Брэста

photo1714142796.jpeg

На «пакаяльным відэа» яго прымусілі сказаць, што падчас акцыі ён кідаў камяні, палкі, брук і разабраныя рэкламныя канструкцыі ў міліцыянтаў.

У відэа сілавікоў бачна, што мужчына пасля затрымання кульгае.

Актывістку Ніну Багінскую зноў аштрафавалі

«Белсату» стала вядома, што суд Савецкага раёну Мінску завочна прысудзіў грамадзянскай актывістцы Ніне Багінскай штраф — 2400 рублёў (600 базавых велічынь). Падставай для складання пратаколу стаў нацыянальны сцяжок, які падчас ператрусу міліцыянты знайшлі на тумбачцы ў пакоі пенсіянеркі напрыканцы сакавіка.

Ніну Багінскую не першы раз караюць за нацыянальную сімволіку Беларусі. Літаральна на мінулым тыдні яе пакаралі штрафам у Партызанскім судзе сталіцы — ёй прызначылі 2000 рублёў штрафу.

Багінская на суды прынцыпова не ходзіць. Яна раней заяўляла, што лічыць іх незаконнымі, скіраванымі на прыніжэнне нацыянальнай годнасці беларусаў. 

Крыніцы: Вясна, Наша Ніва, Хрысціянская візія, Белсат