«У аднамесным карцары было да 13 чалавек». Аляксандар Васюковіч пра прысуд і эвакуацыю
Нядаўна фатограф Аляксандр Васюковіч быў эвакуяваны з Беларусі. Пасля прысуду па палітычна матываванай справе яго вызвалілі, і ён не стаў марнаваць часу — выехаў за мяжу. Адкуль і распавёў пра сваё затрыманне і наступныя падзеі.
![Фота kp.ru Фота kp.ru](/img/v1/images/wr_750_11.webp?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Фота kp.ru
Супрацоўнікі КДБ затрымалі Аляксандра ў кастрычніку мінулага году, да гэтага ён тройчы выяжджаў працаваць фатографам на вайне ва Ўкраіне. «Свабода» распытала яго пра вырак, зьняволеньне і ад’езд.
Фатографа Аляксандра Васюковіча ў студзені асудзілі нібыта за ўдзел у масавых беспарадках на 3 гады «хатняй хіміі». Дагэтуль ён тройчы выяжджаў асьвятляць вайну ва Ўкраіне, у тым ліку наведваў Бахмут. Цяпер Аляксандар пакінуў Беларусь і знаходзіцца ў бясьпецы. Свабода распытала фатографа пра арышт, суд і вайну.
«Стаўленьне ва Ўкраіне было добрым»
Аляксандар Васюковіч асьвятляе ваенныя дзеяньні ва Ўкраіне з 2014 году. Пасьля пачатку поўнамасштабнага расейскага ўварваньня, да свайго затрыманьня, ён здолеў зьезьдзіць ва Ўкраіну тройчы.
«Я вярнуўся з Украіны — і праз два тыдні мяне затрымалі. Гэта быў трэці мой выезд туды. Вядома, былі асьцярогі, што гэта можа стаць прычынай затрыманьня, але пакідаць Беларусь не хацелася. Я ва Ўкраіне здымаю з 2013 году, і мне было важна гэта працягнуць», — гаворыць Аляксандар.
Ён кажа, што цяпер на вайне стала значна небясьпечней працаваць, чым гэта было ў 2014 годзе.
«Тады гэта было ня так небясьпечна, ішла вайна з адносна невялікай групоўкай сэпаратыстаў. А цяпер гэта вайна дальнабойнай артылерыяй. Ты ніколі ня ведаеш, калі і куды трапіць. Зараз ёсьць дроны, ад якіх вельмі цяжка схавацца. Стала складаней у прынцыпе. Рабіць тое, што я рабіў у 2014-м, проста нерэальна. З прычыны праблем сваёй бясьпекі, праблем доступу», – параўноўвае фатограф.
У 2014 Аляксандар Васюковіч езьдзіў ва Ўкраіну, каб зрабіць маштабны фотапраект «Фота на памяць» пра людзей, якія там ваююць. Некаторыя зь іх загінулі яшчэ ў 2014 годзе.
Аляксандар заўважыў добрае стаўленьне з боку ўкраінцаў да сябе і тады, і зараз, бо прыехаў асьвятляць ваенныя падзеі. Падчас адной з паездак ужо пасьля пачатку поўнамаштабнага расейскага ўварваньня ва Ўкраіну ён наведаў Бахмут.
«Мяне найбольш уразілі людзі, якія на той момант паўтара года жылі ў падвале свайго дома, у горадзе Северск. Яго абстрэльвалі кожную ноч, але людзі не хацелі зьяжджаць. Давялося трапляць пад абстрэлы, але было дзе ўкрыцца. Там увесь час трэба трымаць у галаве, што нешта можа прыляцець. Асабліва ў Бахмуце, дзе пасярод гораду праходзіла лінія фронту і над галавой нешта ўвесь час лятае», – кажа фатограф.
Глядзіце таксама
![Фатографы Аляксандр Васюковіч і Уладзь Грыдзін выйшлі з Акрэсціна (фота) Фатографы Аляксандр Васюковіч і Уладзь Грыдзін выйшлі з Акрэсціна (фота)](/img/v1/images/120088963_806712746751512_4792390780155298758_n_logo.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
«Іх цікавіла, ці працаваў я на СБУ»
Аляксандра Васюковіча затрымалі ў кастрычніку 2023 году. Затрыманьне праводзілі супрацоўнікі КДБ.
«Мне проста пазванілі па тэлефоне і сказалі, што неабходна зьявіцца ў КДБ на размову. А калі я сабраўся выходзіць, то яны ўжо стаялі пад дзьвярыма і паказвалі мне пасьведчаньні. Ня памятаю, што гэта было за ўпраўленьне. Паводзіліся яны нармальна, не грубілі, ператрус праводзілі таксама нармальна. Нічога не раскідалі, усё акуратна. У пастанове на ператрус было напісана, што яна выдадзена ў справе аб масавых беспарадках. Пыталіся пра Ўкраіну, ці працаваў я з СБУ. Я проста адказаў, што не», — прыгадвае Аляксандар.
Пры ператрусе забралі флэшкі, кампутар, нататнік і фатаздымкі са старых украінскіх праектаў Аляксандра.
«Пасьля ператрусу мяне адразу адвезьлі ў Сьледчы камітэт, аформілі затрыманьне і адправілі на Акрэсьціна. Зьмясьцілі ў аднамесны карцар, дзе было ад 7 да 13 чалавек. Тады ўсіх палітычных трымалі ў карцары, які разьлічаны на аднаго чалавека. Тры мэтры на 1,6 мэтра. Мы спалі на бэтоннай падлозе. Часам па чарзе, калі нас было зашмат», — расказвае фатограф.
На Акрэсьціна ў такіх умовах ён правёў 10 дзён. Сукамэрнікі былі абсалютна розныя: аўтамэханікі, супрацоўнікі складу – усе яны былі “за палітыку”, кажа Аляксандар. Былі тыя, каго затрымалі за камэнтар, за заклік да санкцыяў, за пратэсты.
«Выйшаў на дарогу — значыць, я яе блякаваў»
Пасьля фатографа перавялі на Валадарку, дзе ўмовы былі значна лепшыя.
«Там колькасьць людзей была роўная колькасьці ложкаў. Каля 40% людзей былі за палітыку, хтосьці ў адной крымінальнай справе, у кагосьці крымінальных справаў было некалькі. Другая вялікая група — затрыманыя за наркотыкі, трэцяя — за махлярства. У асноўным мы гаварылі, чыталі кнігі. Там быў тэлевізар, але я яго глядзець ня надта любіў», — успамінае Аляксандар.
Падчас знаходжаньня на «Валадарцы» адбываліся сьледчыя дзеяньні. Фатограф кажа, што ад яго не імкнуліся дамагчыся нейкіх прызнаньняў. Не было перабояў зь лістамі і перадачамі ад родных.
«У іх былі фатаздымкі, якія я рабіў падчас пратэстаў, і па іх відаць, што я знаходзіўся на праезнай частцы. Тое, што я працаваў там як фатограф ад СМІ, нікога не бянтэжыла. Я выйшаў на дарогу – значыць, я яе блякаваў», — апавядае фатограф.
На Валадарскага Аляксандар правёў тры месяцы. Самае складанае для яго там было чаканьне і невядомасьць, бо няясна, які вырак вынесе суд. Перад самым судом фатографа адправілі ў карцар на 17 дзён. Ён правёў там 13.
«Мяне адправілі ў карцар, бо я нібыта спаў удзень. У мяне было адно парушэньне, але трэба тры, каб туды трапіць. Два іншыя парушэньні – я ня спаў, а проста сядзеў на ложку, бо месца мала і сесьці за стол могуць ня ўсе. Мяне пакаралі 17 днямі карцара, але перад судом я напісаў ліст начальніку мэдчасткі, што я сябе псыхалягічна кепска адчуваю, і папрасіў перавесьці ў камэру да суду», — тлумачыць Аляксандар.
Карцар — гэта маленькае памяшканьне са столікам і табурэткай, якая тырчыць са сьцяны. Ложак апускаецца толькі ўначы. Зьняволеныя скардзяцца на холад у такім памяшканьні.
Суд у Аляксандра прайшоў хутка — у першы дзень зачыталі абвінавачаньне, у другі вынесьлі прысуд: тры гады «хатняй хіміі».
«Лічу, што з прысудам дапамагла праца адваката. Я спадзяваўся на лепшае, на «хатнюю хімію». Але і калёнію нельга было выключаць. Што тут мела ключавое значэньне? Складана сказаць. Можа, тое, што я наагул ні ў чым ня быў вінаваты?» — рытарычна пытаецца фатограф.
Глядзіце таксама
![«Ветэраны Данбаса» канчаткова разграмілі выставу беларускага фатографа ў Маскве «Ветэраны Данбаса» канчаткова разграмілі выставу беларускага фатографа ў Маскве](/img/v1/userfiles/images/razgrom.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
«Зразумеў, што цаню сваю свабоду»
Аляксандар выйшаў на волю бяз пашпарта, давялося папашукаць яго па розных аддзелах МУС. Пасьля атрыманьня дакумэнту яго трэба было замяніць на новы. Пасьля фатограф зьвярнуўся ў BySol і выехаў зь Беларусі.
«Калі апынуўся ў зьняволеньні, вырашыў, што заставацца ня буду. Зразумеў, што цаню сваю свабоду. Ды і новая справа магла быць. Я ня мог далей там заставацца і займацца тым, чым займаўся. Як толькі я атрымаў новы пашпарт, то сеў і паехаў. У мяне была забарона на выезд, таму выехаць мне дапамаглі», — кажа Аляксандар.
Цяпер ён уладкоўваецца ў Польшчы, разьбіраецца з
працай і жыльлём.