У РФ затрымалі журналіста Associated Press, абвінавачваюць у супрацы з камандай Навальнага

Журналіста Сяргея Карэліна, які супрацоўнічаў з AP і DW, арыштавалі за супрацоўніцтва з камандай Навальнага. Гэта адбылося ў Мурманскай вобласці, пішуць The Guardian і Associated Press.

5747233bada7498c8ee4724a3a0316e0.webp

«Associated Press вельмі занепакоенае затрыманнем расійскага відэажурналіста Сяргея Карэліна», — сказалі ў агенцтве «Медыязоне».

41-гадовага Карэліна затрымалі ў пятніцу, 26 красавіка. Ён працаваў з Associated Press і Deutsche Welle. Мужчына мае таксама грамадзянства Ізраіля. Сутнасць абвінавачванняў супраць яго пакуль дакладна невядомая.

Яму ставяць у віну адзін з «экстрэмісцкіх» артыкулаў за супрацоўніцтва з камандай Аляксея Навальнага — паводле падобнага абвінавачвання ўчора арыштавалі прадзюсара Reuters Канстанціна Габава, які таксама раней супрацоўнічаў з «Белсатам». У паведамленні прэс-службы сцвярджаецца, што Габаў «прыняў удзел у падрыхтоўцы фота-і відэаматэрыялаў для публікацыі на ютуб-канале «Навальны». Мужчыну адправілі ў СІЗА да 27 чэрвеня.

Канстанцін Габаў і Сяргей Карэлін адмаўляюць абвінавачванні, піша The Guardian.

Выданне Reuters пакуль не каментавала арышт журналіста. Па названым артыкуле мужчыну пагражае пазбаўленне волі на тэрмін ад двух да шасці гадоў.


Глядзіце таксама

У суботу пад хатні арышт у Расіі адправілі журналіста Forbes Сяргея Мінгазава паводле справы аб «фэйках» аб расійскай арміі. Падставай для справы стаў рэпост паведамлення аб разні ў Бучы, дзе акупанты забілі шмат мірных жыхароў. Мужчыну затрымалі ў пятніцу, 26 красавіка. Дома ў журналіста прайшлі ператрусы, пасля чаго яго даставілі ў СК, а пазней — у ІЧУ ў Хабараўску. Падчас ператрусаў у журналіста канфіскавалі кампутар і тэлефон, а таксама тэхніку яго жонкі і дзяцей.

Раней па абвінавачванні ва «ўдзеле ў экстрэмісцкай супольнасці» ФБК была арыштаваная журналістка SotaVision Антаніна Фаворская, якая асвятляла суды над Аляксеем Навальным. Ёй паставілі ўдзел у «Фондзе барацьбы з карупцыяй».

З сакавіка 2023 года за кратамі ў Расіі застаецца амерыканскі журналіст Эван Гершковіч. Са студзеня 2022 года ён працаваў рэпарцёрам у газеце The Wall Street Journal. Працаваў у Расіі, Украіне і іншых краінах постсавецкай прасторы.

У сакавіку 2023 года Гершковіч быў арыштаваны ў Екацярынбургу па абвінавачванні ў шпіянажы, што стала першым выпадкам арышту амерыканскага журналіста ў Расіі па гэтым абвінавачванні з 1986 года.