Па ініцыятыве Ціханоўскай створаны Міжнародны фонд падтрымкі палітвязняў
У Нарвегіі стварылі Міжнародны гуманітарны фонд у падтрымку беларускіх палітвязняў і іх сем’яў, паведамляе прэс-служба Святланы Ціханоўскай.
![Фота прэс-службы Святланы Ціханоўскай Фота прэс-службы Святланы Ціханоўскай](/img/v1/images/photo_2024_04_30_12_08_54__2_.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Фота прэс-службы Святланы Ціханоўскай
Фонд створаны па ініцыятыве Ціханоўскай, якая зараз знаходзіцца з візітам у Осла.
Гуманітарны фонд дапамогі беларускім палітзняволеным і іх сем’ям будзе аказваць медычную, матэрыяльную і псіхалагічную дапамогу, а таксама рэабілітацыю для асобаў, якія зазналі палітычныя рэпрэсіі ад рэжыму.
Падчас працоўнага візіту ў Осла беларуская лідарка сустрэлася з прэм’ер-міністрам Ёнасам Гарам Стэрэ, які пацвердзіў: Нарвегія выдзеліць 10 мільёнаў нарвежскіх крон (каля аднаго мільёна еўра) як першы ўнёсак у фонд. Распараджацца ім будуць беларускія арганізацыі і ініцыятывы, якія дапамагаюць палітвязням і іх сем’ям.
Зараз Міністэрства замежных справаў працуе над фармалізацыяй працы фонду. Міністр замежных справаў Эспен Барт Эйдэ падтрымаў гэтую ініцыятыву і падкрэсліў: «Сітуацыя з палітвязнямі ў Беларусі вельмі трывожная. Такая дапамога вельмі патрэбная для рэабілітацыі былых палітвязняў і іх сем'яў».
Унесці сродкі ў фонд змогуць як іншыя ўрады, так і міжнародныя арганізацыі і патэнцыйныя донары.
Глядзіце таксама
![Сястра Марыі Калеснікавай: «Нават сваякі не маюць сувязі з ёй» Сястра Марыі Калеснікавай: «Другі год, калі мы не можам перадаць Машы віншаванні»](/img/v1/images/zanoczy_marsz_fota_dzmitryja_dzmitryeva__33__logo_2_logo_2_logo.webp?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Пасля выбараў 2020 года рэжым Лукашэнкі распачаў у Беларусі найбуйнейшыя ў Еўропе па маштабе палітычныя рэпрэсіі са сталінскіх часоў. Праз турмы, крымінальны пераслед, катаванні і іншыя формы прыгнёту прайшлі дзясяткі тысяч беларусаў. Тысячы з іх былі прызнаныя праваабаронцамі палітвязнымі.
Зараз у спісе «Вясны» 1392 палітычныя зняволенныя. Некалькі тысяч ужо адбылі пакаранне. Насамрэч палітвязняў у Беларусі нашмат болей, бо не пра ўсе выпадкі праваабаронцы маюць інфармацыю.