Святлана Ціханоўская: «Не дазваляйце ўшчамляць вашыя правы нават у дробязях»
Ціханоўская павіншавала беларусаў з Першамаем, нагадала пра здушэнне незалежных прафсаюзаў і неабходнасць працягнуць традыцыю барацьбы за правы працоўных.

У кастрычніку 2020 года супрацоўнікі «Гродна Азот» абвясцілі забастоўку
«Сёння ў нашай краіне святкуюць 1 траўня – дзень, які першапачаткова сімвалізаваў барацьбу за правы працоўных і адстойванне сацыяльнай справядлівасці.
Аднак у Беларусі мы сутыкаемся з трагічнай іроніяй: абвясціўшы 1 траўня святочным днём, улада актыўна душыць незалежныя прафсаюзы і абмяжоўвае правы рабочых.
Два гады таму ўлады ліквідавалі Беларускі Кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў і яго сяброўскія арганізацыі: Беларускі незалежны прафсаюз, прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці, Свабодны прафсаюз Беларускі і Свабодны прафсаюз металістаў.
Старшыня БКДП Аляксандр Ярашук, намеснік старшыні РЭП Генадзь Фядыніч пазбаўленыя волі толькі за тое, што яны адстойвалі інтарэсы беларускіх работнікаў.
Лепшы спосаб адсвяткаваць сёння 1 траўня – гэта працягнуць іх традыцыю барацьбы за правы працоўных.
Не дазваляйце ўшчамляць вашыя правы нават у дробязях.
За з'яўленне гэтых правоў ужо заплачана высокая цана», — нагадвае Святлана Ціханоўская.
Глядзіце таксама

Нагадаем, у ліпені 2022 года па заяве Генеральнага пракурора Шведа была спынена дзейнасць незалежных прафсаюзаў.
Вярхоўны Суд вынес рашэнні аб спыненні дзейнасці:
• Свабоднага прафсаюза Беларускага;
• Свабоднага прафсаюза металістаў;
• Беларускага незалежнага прафсаюза гарнякоў, хімікаў, нафтаперапрацоўшчыкаў, энергетыкаў, транспартнікаў, будаўнікоў і іншых работнікаў;
• Беларускага прафсаюза працаўнікоў радыёэлектроннай прамысловасці;
• Асацыяцыі прафсаюзаў «Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў».
Па меркаванні пракуратуры, шэраг членаў названых прафсаюзаў «прымалі актыўны ўдзел у дэструктыўнай дзейнасці, масавых мерапрыемствах, якія парушаюць грамадскі парадак, распаўсюджвалі інфармацыйную прадукцыю экстрэмісцкага зместу». Па ўсіх фактах іх супрацьпраўнай дзейнасці ўзбуджаны крымінальныя справы, а таксама прыняты меры адміністрацыйнага ўздзеяння.
Глабальны прафсаюз IndustriALLзрабіў заяву аб закрыцці незалежных прафсаюзаў Беларусі, у якой асудзіў дзеянні беларускіх уладаў і запатрабаваў вызвалення ўсіх прафсаюзных актывістаў, якія знаходзяцца ў зняволенні, паведамлялі праваабаронцы «Вясны».