Хронікі рэпрэсій за 30 красавіка: Справа «аналітыкаў» накіраваная ў Вярхоўны суд

Распачата новая крымінальная справа супраць Эдуарда Бабарыкі, а справу «аналітыкаў Святланы Ціханоўскай» перадалі ў Вярхоўны суд, паведамляюць

hroniki_represij2_logo.png_logo_1.webp

Адміністрацыя бабруйскай калоніі ініцыявала новую крымінальную справу супраць Эдуарда Бабарыкі

З крыніцаў @belsat стала вядома, што адміністрацыя папраўчай калоніі № 2 г. Бабруйску ініцыявала супраць палітвязня Эдуарда Бабарыкі новую крымінальную справу. Гэтым разам яго абвінавацілі ў парушэнні арт. 411 Крымінальнага кодэксу — у злосным непадпарадкаванні патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, якая выконвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі.

Адзначым, што ў раскладзе судоў справы палітвязня пакуль няма.

Згодна з Крымінальным кодэксам да адказнасці па артыкуле 411 КК прыцягваюцца тыя вязні, якім цягам года за парушэнне рэжыму адбыцця пакарання прызначалі дысцыплінарнае спагнанне ў выглядзе перавода ў ПКТ, адзіночную камеру або ў «крытую» турму. Па гэтым артыкуле зняволеных могуць асудзіць да пазбаўленне волі тэрмінам да аднаго года, а за асабліва небяспечны рэцыдыў — да 2 гадоў. 

Справа «аналітыкаў Святланы Ціханоўскай» накіраваная ў Вярхоўны суд


analityki_cihanouskaj.jpg

Генпракуратура накіравала ў Вярхоўны Суд для вызначэння падсуднасці крымінальную справу ў дачыненні да «ўдзельнікаў экстрэмісцкага фармавання Аналітыкі Святланы Ціханоўскай». У спісе Рыгор Астапеня, Філіп Біканаў, Аляксандр Дабравольскі, Юрый Дракахруст, Андрэй Казакевіч, Ганна Красуліна, Яўген Крыжаноўскі, Дзяніс Кучынскі, Вераніка Лапуцька, Аляксандр Лагвінец, Ганна Любакова, Васіль Навумаў, Марыя Рогава, Пётр Рудкоўскі, Алеся Руднік, Наталля Рабава, Павел Усаў, Таццяна Чуліцкая, Аляксандр Шлык, Кацярына Шмаціна.

У дачыненні да ўсіх абвінавачаных праводзіцца спецыяльная вытворчасць.

Згодна з матэрыяламі справы, усіх іх абвінавачваюць у «здзяйсненні злачынстваў экстрэмісцкага характару ў сувязі з кампаніяй па выбарах прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, а таксама ў постэлектаральны перыяд». 

Пераслед рэлігійных лідараў і вернікаў у красавіку

Паводле інфармацыі  «Хрысціянскай Візіі», як мінімум чацвёра вернікаў трапілі пад пераслед у гэтым месяцы.

  • 1 красавіка хрысціянскага прапаведніка і шматдзетнага бацьку Сергія Мельянца арыштавалі на 12 сутак. Яго затрымалі 19 сакавіка ў Мінгарсудзе, куды ён прыйшоў каб падтрымаць палітзняволенага журналіста-каталіка Ігара Карнея. Сергій агулам прабыў на Акрэсціна 25 сутак, пасля чаго з'ехаў з Беларусі і распавёў праваабаронцам падрабязнасці свайго пераследу;

  • 8 красавіка на 1200 рублёў аштрафавалі каталіцкага святара і пробашча Паўла Гедройця. Яго абвінавацілі ў «распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў»;

  • 10 красавіка каталік і былы палітвязень Сяргей Васільеў быў арыштаваны на 15 сутак за «несанкцыянавае пікетаванне»;

  • 26 красавіка ў судзе Фрунзенскага раёну Мінска адбыўся разгляд справы ў дачыненні да палітзняволенай каталіцкай актывісткі Аксаны Ючкавіч. Яна была асуджаная да трох гадоў «хатняй хіміі» паводле «народнага» арт. 342 КК. 

За данаты затрымалі мужчыну

za_danaty.jpg

На «палонным відэа» затрыманы кажа, што зрабіў данат праекту «Краіна для жыцця», а таксама пісаў каментары пра міліцыянтаў. 

Сілавікі затрымалі мінскага тату-майстра

Сцвярджаецца, што хлопец удзельнічаў у паслявыбарчых акцыях пратэсту, а таксама, што ён мае шэраг «пратэсных татуіровак».

Паводле інфармацыі @mediazona_by, тату-майстар у сацсетках падпісаны як Андрэй Лысы.

Па якім артыкуле затрыманы хлопец і дзе цяпер знаходзіцца, невядома. 

Інжынера «Мінскэнерга» асудзілі да 9 гадоў калоніі за сліў звестак пра чыноўнікаў

У Мінскім гарадскім судзе 12 красавіка агучылі прысуд 44-гадоваму палітзняволенаму інжынеру «Мінскэнерга» Артуру Пядзько — дзевяць гадоў калоніі, піша @dissidentby. Суддзя Сяргей Хрыпач прызнаў яго вінаватым паводле ч. 6 арт. 16 і ч. 3 арт. 130 КК (дапамога ў распальванні іншай сацыяльнай варожасці, здзейсненай групай асоб).

На рахунку Хрыпача мінімум 43 палітычныя прысуды пасля падзей 2020 года. Так, менавіта гэты суддзя прызначыў тры гады зняволення за данаты палітвязня Вадзіма Храсько, які памёр 9 студзеня 2024 у калоніі.

Артура Пядзько абвінавацілі ў перадачы персанальных звестак больш за 500 службовых асоб тэлеграм-каналам. Суд праходзіў у закрытым рэжыме. 

На волю выйшаў палітвязень Артур Смалякоў


artur_smaljakou.jpg

Артура затрымалі ў ліпені 2022 года. Спачатку яму прызначылі 15 сутак адміністрацыйнага арышту, а потым перазатрымалі ў межах крымінальнай часткі паводле ч. 1 арт. 342 КК (актыўны удзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак).

У судзе Фрунзенскага раёна Мінска 31 кастрычніка 2022 года вынеслі прысуд сябрам АГП: Артуру і Дзіяне Чарнушынай — па 2 гады калоніі, Андрусю Асмалоўскаму — 3 гады калоніі. Усіх іх абвінавацілі ва ўдзеле ў Маршы новай Беларусі 23 жніўня 2020 года.

20 студзеня Мінгарсуд пакінуў прысуд без зменаў, а скаргі — без задавальнення. Тэрмін Артур адбываў у віцебскай ПК-3.