Дажыве мала хто: У Расіі хочуць павысіць узрост прызыву да 65 гадоў

Большасць мужчын у Расійскай Федэрацыі не дажываюць да ўзросту, да якога ўлада збіраецца павысіць узрост прызыву ў армію.

Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

Мінабароны Расіі мае намер павялічыць гранічны ўзрост службы ў перыяд мабілізацыі для кантрактнікаў і мабілізаваных. Згодна з прапановай ведамства, старшы афіцэрскі састаў пры мабілізацыі зможа служыць да 70 гадоў, а астатнія вайскоўцы мужчынскага полу — да 65,  паведамляе  «Голас Амерыкі».

У цяперашні час расійскія вайскоўцы, што не маюць афіцэрскага звання, могуць знаходзіцца ў запасе да 50 гадоў, малодшы афіцэрскі састаў — да 60, а старшы — да 70, піша нямецкае выданне «DW». У той жа час, як сцвярджаюць аўтары прапановы, цяпер у законе няма такой нормы для тых, хто падпісаў кантракт да 24 чэрвеня 2023 года або быў мабілізаваны.

У праекце дакумента адзначаецца, што ў перыяд правядзення «спецыяльнай ваеннай аперацыі» (так Крэмль называе сваю поўнамаштабную вайну супраць Украіны) «прыняцце законапраекта забяспечыць неабходны ўзровень укамплектаванасці Узброеных сіл Расійскай Федэрацыі, пры гэтым не будзе дапушчана зніжэнне ўзроўню баявой гатоўнасці і баяздольнасці злучэнняў і воінскіх часцей».

Амерыканскае выданне «Newsweek» паведамляе, што Расія прапануе новы ўзрост службы ў войску, які перавышае сярэднюю працягласць жыцця мужчын у краіне. Яны спасылаюцца на звесткі партала Worlddata.info, дзе гаворыцца, што сярэдняя працягласць жыцця мужчын у Расіі складае 64,2 года, жанчын — 74,8.

Глядзіце таксама

Для параўнання, паводле гэтай крыніцы, ва Украіне сярэдняя працягласць жыцця мужчын складае 65,2 года, жанчын — 74,7 года, у ЗША — 74 і 79 гадоў адпаведна, у Германіі — 78,5 і 83,4 года.

«Такі крок дае гэтым вайскоўцам дэ-факта пажыццёвы кантракт, — адзначае брытанская ваенная выведка. — У той час як гэтае рашэнне, верагодна, паменшыць неабходнасць дадатковай мабілізацыі, павелічэнне колькасці вайскоўцаў ва ўзросце за 51 год наўрад ці павысіць баяздольнасць Расіі, асабліва пры штурмах жывой сілай».

Як пісалі ў мінулым годзе расійскія выданні са спасылкай на звесткі Міністэрства аховы здароўя Расіі, 52% мужчын у краіне не дажываюць да 65 гадоў, а 81% мужчын паміраюць раптоўна. Асноўнай прычынай смерці з'яўляюцца сардэчна-сасудзістыя і анкалагічныя захворванні.


Глядзіце таксама

Па прагнозе Расстата, у 2024 годзе, паводле «паніжанай версіі прагнозу», чаканая працягласць жыцця мужчын складзе 64 гады, жанчын — 75,5 года. «Сярэдні варыянт прагнозу» вызначае 67,5 года для мужчын і 78,1 года для жанчын.

З пачатку поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну, паводле звестак Генштаба Узброеных сіл Украіны, Расія страціла больш за 390 тысяч вайскоўцаў.

У рассакрэчанай справаздачы разведкі ЗША гаворыцца, што вайна ва Украіне каштавала Расіі 315 тысяч забітых і параненых вайскоўцаў, або амаль 90% асабовага складу РФ на момант пачатку вайны, паведамляла ў снежні «Reuters».