The Financial Times: Еўракамісія рэкамендуе ўжо ў чэрвені пачаць перамовы аб уступленні Украіны ў ЕС
Таксама Еўракамісія рэкамендуе пачаць перамовы аб уступленні ў ЕС з Малдовай, але не з Грузіяй, дзе нядаўна быў прыняты закон аб «замежных агентах».

Ілюстрацыйны здымак
Еўрапейская камісія мае намер рэкамендаваць пачаць перамовы аб уступленні Украіны ў ЕС, піша The Financial Times са спасылкай на тры крыніцы, знаёмыя з ходам абмеркавання.
Ужо 7 чэрвеня, паводле слоў суразмоўцаў выдання, Еўракамісія збіраецца аб'явіць, што Украіна ўжо адпавядае крытэрыям, якія датычацца антыкарупцыйных мер, абмежаванняў на палітычнае лабіраванне, правілаў дэкларавання маёмасці чыноўнікаў і абароны моў нацыянальных меншасцей, адзначае выданне Meduza.
Глядзіце таксама

Еўракамісія, піша FT, хоча такім чынам выказаць у першую чаргу падтрымку Украіне і спяшаецца агучыць рэкамендацыі і пачаць перамовы з Кіевам да таго, як старшынства ў ЕС 1 ліпеня пяройдзе да Венгрыі.
Венгрыя, як чакаецца, будзе пярэчыць супраць пачатку перамоваў аб уступленні Украіны ў ЕС, у прыватнасці, спасылаючыся на сітуацыю з захаваннем правоў венгерскай меншасці.
Глядзіце таксама

Таксама Еўракамісія рэкамендуе пачаць перамовы аб уступленні ў ЕС з Малдовай, але не з Грузіяй, дзе нядаўна быў прыняты закон аб «замежных агентах», які выклікаў пратэсты.
Глядзіце таксама

Першы раўнд перамоваў, па дадзеных крыніц выдання, Бельгія, якая старшынюе ў дадзены момант у ЕС, хоча правесці ўжо 25 чэрвеня.
FT адзначае, што Украіна, якая заявіла аб намеры ўступіць у ЕС неўзабаве пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання войскаў РФ, пакуль вельмі хутка праходзіць неабходныя для гэтага этапы. У адрозненне, напрыклад, некаторых балканскіх краін, у якіх на гэта сыходзілі гады.