Беларусь і Венгрыя дамовіліся супрацоўнічаць у атамнай галіне і сумежных напрамках

Венгрыя застаецца адзінай краінай Еўразвязу, якая падтрымлівае публічныя кантакты з афіцыйным Мінскам.

Кіраўнік МЗС Беларусі Сяргей Алейнік і міністр замежных спраў Венгрыі Петэр Сіярта ў Мінску 13 лютага 2023 года. Фота: Facebook / szijjarto.peter.official

Кіраўнік МЗС Беларусі Сяргей Алейнік і міністр замежных спраў Венгрыі Петэр Сіярта ў Мінску 13 лютага 2023 года. Фота: Facebook / szijjarto.peter.official

Акрамя дарожнай мапы супрацоўніцтва АЭС Беларусі і Венгрыі 29 мая ў Мінску падпісаны мемарандум аб узаемаразуменні па паглыбленні супрацоўніцтва ў галіне атамнай энергетыкі, вынікае з паведамлення прэс-службы Мінэнерга.

Міністр энергетыкі Беларусі Віктар Каранкевіч і міністр замежных спраў і знешняга гандлю Венгрыі Петэр Сіярта падпісалі дакумент па выніках перагавораў і пасяджэння беларуска-венгерскай міжурадавай камісіі па эканамічнаму супрацоўніцтву, піша «Позірк».

Паводле слоў кіраўніка беларускага энергетычнага ведамства, у цэлым узаемадзеянне Мінска і Будапешта «можа паспяхова прасоўвацца» не толькі ў сферы атамнай энергетыкі, але і па «сумежных неэнергетычных напрамках». «Гэта тыя напрамкі, якія мы развіваем з нашым стратэгічным партнёрам – дзяржкарпарацыяй «Расатам», цытуе Мінэнерга свайго кіраўніка.

25 сакавіка ведамства паведаміла, што Сіярта на сустрэчы з Каранкевічам на палях форуму «Атамэкспа» ў Сочы (РФ) «адзначыў высокі ўзровень рэалізацыі праекта па будаўніцтве БелАЭС і выказаў зацікаўленасць венгерскага боку ў вывучэнні назапашанага нашай краінай вопыту і кампетэнцый».

Бакі абмеркавалі «перспектывы абмену вопытам у пытаннях будаўніцтва і эксплуатацыі АЭС, падрыхтоўкі кадраў, кіравання і абыходжання з радыеактыўнымі адходамі і адпрацаваным ядзерным палівам». Таксама гаворка ішла аб магчымасцях «прыцягнення беларускіх спецыялістаў да рэалізацыі праекта АЭС "Пакш-2" у Венгрыі».

У ліпені 2023 года пасол у Будапешце Уладзімір Улаховіч заявіў, што Беларусь разлічвае на ўдзел у будаўніцтве АЭС у Венгрыі, якой перададзены адпаведныя прапановы.

У маі гэтага года дыпламат паведаміў, што беларускія спецыялісты ўжо не адзін год удзельнічаюць у рэалізацыі праекта "Пакш-2".

Глядзіце таксама

Венгрыя застаецца адзінай краінай Еўразвязу, якая падтрымлівае публічныя кантакты з афіцыйным Мінскам. Як член ЕЗ яна была вымушана далучыцца да санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі, але прадстаўнікі венгерскіх улад неаднаразова заяўлялі, што не падтрымліваюць іх увядзенне.

Таксама Венгрыя — адзіная краіна ЕЗ, пасол якой уручыў даверчыя граматы Аляксандру Лукашэнку пасля падзей 2020 года, і ў якую яшчэ не здзяйсняла візіт беларускі дэмакратычны лідэр Святлана Ціханоўская. У другім паўгоддзі 2024 года Венгрыя будзе старшынстваваць у Еўрапейскім звязе.

Міністр замежных спраў і знешняга гандлю Венгрыі Петэр Сіярта 29 мая ладзіць працоўны візіт у Беларусь. Разам з ім у Мінск прыехалі 24 кіраўнікі венгерскіх кампаній.

На сустрэчы з кіраўніком беларускага ўрада Раманам Галоўчанкам 23 мая ў Мінску генеральны дырэктар дзяржкарпарацыі "Расатам" Аляксей Ліхачоў заявіў аб намеры рэалізаваць з Беларуссю каля 40 праектаў у няядзернай сферы, прапрацоўка якіх знаходзіцца на рознай ступені гатоўнасці.