Шаўчэнка супраць Шэкспіра. Як будзе працаваць закон пра англійскую мову ва Украіне?

Украінская Вярхоўная Рада прыняла законапраект, які зацвярджае за англійскай мовай статус адной з моў міжнародных зносін у краіне, чым наклікала на сябе крытыку апазіцыі.

english_2724442_1280.jpg

Маштаб ідэі ініцыятараў закону проста дзівіць. Цяпер англійскую мову абавязаны будуць ведаць вялікая колькасць чыноўнікаў і служачых, у тым ліку ў сферах адукацыі, культуры, аховы здароўя. Паводле закону, гэта кіраўнікі мясцовых дзяржадміністрацый і іх намеснікі, вайскоўцы афіцэрскага складу, служачыя па кантракце; паліцэйскія сярэдняга і вышэйшага складу Нацыянальнай паліцыі, пракуроры, супрацоўнікі мытных і падатковых органаў, кіраўнікі суб'ектаў гаспадарання дзяржаўнага сектара эканомікі, кіраўнікі, чальцы назіральных рад дзяржпрадпрыемстваў, кіраўнікі дзяржаўных навуковых устаноў, кіраўнікі ВНУ.

Закон таксама прадугледжвае выдзяленне дадатковых сродкаў кінатэатрам для паказу фільмаў на англійскай мове. Па патрабаванні грамадзян органы ўлады могуць адказваць на запыты на англійскай. Англійская мова будзе абавязкова выкладацца ў старэйшых групах дзіцячых садкоў, у сярэдняй школе, ПТВ і ўніверсітэтах Украіны.

Безумоўна, напалеонаўскім планам законатворцам надае маштаб моўная сітуацыя ў краіне. Як жартуюць у СМІ, «амаль палова жыхароў Украіны па інгліш не спік і нават не андэстэнд». 

Англійская мова ды і практычна любая замежная практычна не запатрабаваная нават у шматлікіх абласных цэнтрах. Тым больш цяжка ўявіць, што на мове Шэкспіра неўзабаве бегла загаворыць кіраўнік адміністрацыі якой-небудзь богам забытай Шапятоўкі або начальнік мясцовай паліцыі, які бачыў іншаземцаў хіба што ў серыялах. Нарэшце, кошт пераходу на англійскую мову можа быць проста непад'ёмным для бюджэту. Па сутнасці, кожная дзяржаўная ўстанова павінна будзе мець штат лінгвістаў.  

Падобныя «касякі» тут жа былі выкарыстаныя апазіцыяй для атакі на каманду Зяленскага, якая і была аўтарам законапраекта. Па ходзе парламенцкіх дэбатаў апаненты дзейнай улады разнеслі ўшчэнт ідэю «англізацыі» Украіны.

З рэзкай крытыкай рэформы выступіў дэпутат-парашэнкавец, экс-кіраўнік Інстытута Нацыянальнай Памяці Уладзімір Вятровіч. «Ні ў адной не англамоўнай дзяржаве Еўрапейскага Саюза няма закона, спецыяльнага закона аб англійскай мове. Такія законы характэрны толькі для некаторых былых брытанскіх калоній у Азіі. Мы зрабілі еўрапейскі, а не нейкі афрыканскі выбар», — паспрабаваў нагадаць Вятровіч.

Яго пазіцыю падтрымаў незалежны дэпутат Дзмітрый Разумкоў, які адзначыў, што законапраект прынясе прыбытак толькі заходнім эканомікам. Разумкоў заявіў наступнае: «Замест таго, каб падтрымліваць украінскага кінавытворцу, вы даяце магчымасць замежнікам трансляваць свае фільмы ва ўкраінскіх кінатэатрах без дубляжу і плаціць з дзяржаўнага бюджэту кампенсацыю за пустыя месцы. Скажыце мне, калі ласка, вы за якую эканоміку: Украіны, ці за эканоміку Злучаных Штатаў, Вялікабрытаніі ці нейкіх іншых дзяржаў?»

Ветэран украінскай палітыкі Юлія Цімашэнка адзначыла, што ўкраінскім элітам уласцівы комплекс непаўнавартаснасці, калі ўсё ўкраінскае ім проста «не ідзе ў горла», таму ім неабходна пастаянна каму-небудзь прыслугоўваць.

Трэба сказаць, што шмат у чым крытыка законапраекта з боку апазіцыянераў выглядае кан'юнктурнай. Напрыклад, тая ж самая партыя Парашэнкі ў свой час праштурхнула ў прэамбулу Канстытуцыі абзац аб імкненні Украіны стаць членам NATO і ЕС. Агітуючы за моўны законапраект, яго аўтары актыўна спасылаліся на адпаведныя палажэнні Асноўнага Закона. 

Так ці інакш, падчас галасавання дакумент падтрымалі 236 дэпутатаў. Законапраект прыняты ў другім чытанні і накіраваны на далейшую дапрацоўку. 

Зрэшты, нават калі закон і будзе прыняты, яго адаптацыя выклікае вельмі шмат пытанняў. Як прыклад пункт, паводле якога, базавую медыцынскую дапамогу іншаземцам украінскім медыкам давядзецца аказваць на англійскай. Навучыць медыцынскі персанал размаўляць па-англійску выглядае амаль як фантастыка. А калі фельчар хуткай дапамогі не будзе цяміць на англійскай, то па законе яго давядзецца звольніць. Страшна ўявіць, якімі могуць быць наступствы рэалізацыі такой нормы ва ўмовах, калі часта немагчыма знайсці работнікаў на «хуткую дапамогу», а тым больш, высокакваліфікаваных медыкаў. 

Таму, думаецца, нават прыняцце закону як мінімум на першых этапах на моўныя расклады ва Украіне не паўплывае.