836-ты дзень поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны: абстрэлы Паўночнай Асеціі і «тэорыя перамогі» Пуціна
Расія плануе доўгую вайну на знясіленне, і ў ёй крытычна важнымі будуць пастаўкі заходняй зброі Украіне, якія дапамогуць перахапіць перавагу на полі бою.
***
На думку аналітыкаў амерыканскага «Інстытута вывучэння вайны» (ISW), расійскі кіраўнік Уладзімір Пуцін спрабуе прасоўваць сваю «тэорыю перамогі», якая арыентаваная на вайну на знясіленне ва Украіне.
Кіраўнік Крамля 7 чэрвеня сфармуляваў так званую «тэорыю перамогі» ва Украіне, якая прадугледжвае, што расейскія войскі змогуць працягваць паступовае паўзучае наступленне да бясконцасці, не даваць Украіне праводзіць паспяховыя значныя контрнаступальныя аперацыі і выйграць вайну на знясіленне супраць украінскіх сіл.
Пуцін заявіў пасля свайго выступу на Пецярбургскім міжнародным эканамічным форуме, што Расіі не трэба праводзіць чарговы заклік рэзервістаў, падобны да частковай мабілізацыі ў верасні 2022 года, паколькі Расія не спрабуе хутка дасягнуць сваіх вайсковых мэтаў ва Украіне.
Ён прызнаў, што цяперашняга расійскага вайсковага кантынгенту, задзейнічанага ў вайне ва Украіне (паводле паведамленняў, усе баяздольныя сухапутныя сілы Расіі — паводле стану на студзень 2024 года), будзе недастаткова для хуткай перамогі, але выказаў здагадку, што расійскія войскі замест гэтага ўжываюць больш паступовы падыход.
Пуцін заявіў, што расійскія войскі маюць на мэце «выцесніць» украінскія сілы «з тых тэрыторый, якія павінны быць пад расійскім кантролем», і таму Расіі не трэба праводзіць яшчэ адну хвалю мабілізацыі.
Кіраўнік Крамля сцвярджае, што расійскія намаганні па крыптамабілізацыі з'яўляюцца дастатковымі для такога падыходу і што Расія ўжо завербавала 160 000 новых вайскоўцаў у 2024 годзе (гэтая лічба ўзгадняецца з паведамленнямі аб тым, што расійскія Узброеныя сілы прызываюць ад 20 000 да 30 000 навабранцаў у месяц).
Аналітыкі адзначаюць, што ацэнка Пуціна, што паступовыя расійскія поспехі дазволяць Расіі дасягнуць сваіх мэтаў ва Украіне, грунтуецца на здагадцы, што ўкраінскія сілы не змогуць вызваліць якую-небудзь значную тэрыторыю, якую захопяць расійскія войскі, і што расійскія вайскоўцы змогуць падтрымліваць наступальныя аперацыі, падчас якіх будуць дасягацца паступовыя тактычныя поспехі, нягледзячы на вялікія страты.
Ацэнка Пуціна падмацоўваецца апошнімі месяцамі затрымкі заходняй дапамогі ў сферы бяспекі і адпаведнымі абмежаваннямі з боку Украіны ў матэрыяльным забеспячэнні, што дазволіла расійскім войскам захапіць і ўтрымліваць ініцыятыву па ўсім перыметры баявых дзеянняў і праводзіць паслядоўныя наступальныя аперацыі на ўсёй тэрыторыі Усходняй Украіны, у выніку якіх акупанты дасягалі паступовых тактычных перамог.
Каментары Пуціна ад 7 чэрвеня пацвярджаюць папярэднюю ацэнку ISW, што абмежаванне заходняй падтрымкі будзе стымуляваць Пуціна працягваць паўзучыя наступальныя аперацыі да бясконцасці, калі больш хуткія аперацыі, якія прывядуць да імклівых вырашальных вынікаў, будуць здавацца недасяжнымі.
Гэтая стратэгія ў значнай ступені абапіраецца на здольнасць Расіі ўтрымліваць ініцыятыву на ўсім тэатры баявых дзеянняў, якую ўкраінскія войскі могуць перахапіць, калі Украіна вырашыць свае бягучыя праблемы з чалавечымі рэсурсамі і атрымае дастатковую, своечасовую і паслядоўную заходнюю дапамогу ў сферы бяспекі.
«Такім чынам, расійскія намаганні, накіраваныя на тое, каб перашкодзіць Украіне назапасіць асабісты састаў і рэсурсы, неабходныя для таго, каб перахапіць ініцыятыву, з'яўляюцца часткай падыходу да вайны на знясіленне», — адзначаюць аналітыкі.
ISW працягвае лічыць, што Украіна павінна як мага хутчэй перахапіць гэтую ініцыятыву, паколькі расійскія войскі атрымліваюць разнастайныя перавагі ад утрымання ініцыятывы, у тым ліку магчымасць праводзіць стратэгію вайны на знясіленне.
***
Францыя мае намер навучыць і абсталяваць цэлую брыгаду УСУ, эквівалентную 4500 салдатам, піша «Deutsche Welle». Пра гэта ў пятніцу, 7 чэрвеня, на прэс-канферэнцыі па выніках сустрэчы з украінскім лідарам Уладзімірам Зяленскім заявіў прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон. Ён падкрэсліў, што не лічыць падрыхтоўку ўкраінскіх салдат на сваёй тэрыторыі падставай для эскалацыі. «Гэта законная просьба Украіны, і яна адпавядае нашай лініі: мы не ваюем з Расіяй, але цалкам падтрымліваем Украіну», — адзначыў французскі прэзідэнт.
Акрамя таго, Эмануэль Макрон абвінаваціў Крэмль у запалохванні Захаду з мэтай прымусіць партнёраў Кіева перастаць аказваць Украіне дапамогу. Макрон таксама дадаў, што хоча пачаць перамовы аб уступленні Украіны ў Еўрасаюз ужо да канца месяца і адзначыў важнасць правядзення саміту ў Швейцарыі, назваўшы яго «крокам да пабудовы трывалага міру».
Акрамя ваеннай падтрымкі Кіева, прэзідэнт Францыі анансаваў стварэнне Парыжам спецыяльнага фонду з бюджэтам у 200 млн. еўра, задачай якога стане рэканструкцыя ўкраінскай інфраструктуры.
***
Генштаб УСУ паведамляе, што самая гарачая абстаноўка на фронце — на Пакроўскім кірунку, колькасць баявых сутыкненняў павялічылася таксама на Ліманскім і Курахоўскім кірунках.
«Сітуацыя на фронце застаецца напружанай, але кантраляванай. На дадзены момант за сёння адбылося 85 баявых сутыкненняў.
Украінскія вайскоўцы працягваюць рашуча даваць адпор спробам расійскіх акупантаў прасунуцца ў глыбіню нашай тэрыторыі, наносяць ім эфектыўнае агнявое паражэнне, высільваючы па ўсёй лініі баявога судакранання».
Сілы абароны за мінулыя суткі разбілі 14 раёнаў засяроджвання асабістага саставу праціўніка, адзін пункт кіравання, склад боепрыпасаў і станцыю радыёэлектроннай барацьбы.
На працягу сутак расійскія захопнікі нанеслі па тэрыторыі Украіны два ракетныя з ужываннем шасці ракет і 39 авіяцыйных удараў з ужываннем 52 КАБаў, адправілі 461 дрон-камікадзэ. Таксама вораг здзейсніў больш за 2450 абстрэлаў па пазіцыях украінскіх войскаў і населеных пунктах з ужываннем артылерыі, мінамётаў, стралковай зброі і ўзбраення баявых машын.
***
На працягу мінулага дня расіяне здзейснілі 14 абстрэлаў шасці абшчын Сумскай вобласці, паведамляе ваенная адміністрацыя Сумскай вобласці.
«Зафіксавана 54 выбухі. Абстрэлам падвергліся Белапольская, Краснапольская, Зноб-Наўгародская, Шалыгінская, Эсмоньская, Вялікапісараўская грамады».
Па Белапольскай грамадзе расійцы ажыццявілі артылерыйскія абстрэлы, 5 выбухаў.
Па Краснапольскай грамадзе вораг біў з мінамётаў і артылерыі, 20 выбухаў.
У Зноб-Наўгародскай грамадзе былі мінамётныя абстрэлы, 2 выбухі.
У Шалыгінскай грамадзе зафіксавалі мінамётныя і артылерыйскія абстрэлы, 15 выбухаў.
Эсмоньскую грамаду вораг атакаваў FPV-дронам, а таксама ўдарыў з мінамёта, 3 выбухі.
На Вялікапісараўскую грамаду акупанты скінулі 3 міны і ажыццявілі артылерыйскія абстрэлы.
***
Увечары і ўначы на 8 чэрвеня расійцы некалькі разоў атакавалі Купянскі раён, пацярпеў адзін чалавек, паведамляе Харкаўская абласная ваенная адміністрацыя.
Абстрэлы Купянска пачаліся а 22:00 вечара пятніцы — было пашкоджана 4 дамы і пацярпеў чалавек.
Ужо праз гадзіну вайскоўцы РФ атакавалі з БПЛА сяло Шаўчэнкава, пашкоджаны аўтамабіль.
Каля другой гадзіны ночы ў выніку варожага абстрэлу вайскоўцамі РФ вёскі Сянькова быў пашкоджаны прыватны дом.
***
У ноч на суботу над Дняпроўскім і Сінельнікаўскім раёнамі Днепрапятроўскай вобласці былі збітыя два «шахіды», паведаміў кіраўнік абласной адміністрацыі Сяргей Лысак. Паводле яго слоў, працягваліся атакі па Нікапальшчыне з ужываннем дронаў-камікадзэ і артылерыі.
У выніку абстрэлаў загінуў мужчына, паведаміў Лысак. Сярод іншых наступстваў — разбурэнне прыватнага дома, пашкоджанне адміністрацыйнага будынка і дачных дамоў, інфраструктурных аб'ектаў.
Сёння раніцай у Пакроўскай грамадзе Нікапальскага раёна ад яшчэ аднаго ўдару дрона пацярпеў пажарны, які прыехаў ліквідаваць наступствы начной атакі. 28-гадовага мужчыну шпіталізавалі ў цяжкім стане.
***
За мінулыя суткі расійцы страцілі яшчэ 1210 салдат, 9 танкаў і 36 артсістэм, гаворыцца ў зводцы Генштаба УСУ. Агульныя баявыя страты праціўніка з 24.02.22 па 08.06.24 арыенціровачна склалі:
- асабістага саставу — каля 517 290 (+1210) чалавек;
- танкаў — 7 843 (+9) адз.;
- баявых браніраваных машын — 15 105 (+9) адз.;
- артылерыйскіх сістэм — 13 533 (+36) адз.;
- РСЗА — 1 095 (+0) адз.;
- сродкаў СПА — 834 (+1) адз.;
- самалётаў — 357 (+0) адз.;
- верталётаў — 326 (+0) адз.;
- БПЛА аператыўна-тактычнага ўзроўню — 10 945 (+59) адз.;
- крылатых ракет — 2 277 (+7) адз.;
- караблёў / катэраў — 28 (+0) адз.;
- падводных лодак — 1 (+0) адз.;
- аўтамабільнай тэхнікі і аўтацыстэрнаў — 18 484 (+68) адз.;
- спецыяльнай тэхнікі — 2 248 (+10) адз.
***
Расія заявіла пра нібыта збіццё 25 беспілотнікаў і знішчэнне катэраў у шасці абласцях і ў акупаваным Крыме.
Паводле паведамлення Мінабароны РФ, збілі нібыта 25 беспілотнікаў:
- два БпЛА знішчаныя над тэрыторыяй Растоўскай вобласці,
- адзін БпЛА знішчаны і два перахопленыя над тэрыторыяй Белгародскай вобласці,
- адзін БпЛА знішчаны над тэрыторыяй Бранскай вобласці,
- адзін БпЛА знішчаны над тэрыторыяй Тульскай вобласці,
- тры БпЛА знішчаныя над тэрыторыяй Астраханскай вобласці,
- пяць БпЛА знішчаныя і чатыры перахопленыя над акупаваным Крымам,
- шэсць БпЛА перахопленыя над тэрыторыяй Краснадарскага краю.
Акрамя таго, нібыта ў акваторыі Чорнага мора знішчаныя два безэкіпажныя катэры, якія рухаліся ў кірунку Крымскага паўвострава.
***
Паўночная Асеція ўпершыню падвергнулася нападу беспілотнікаў, паведаміла Мінабароны РФ. Паводле паведамлення ведамства, каля 8:40 па маскоўскім часе сродкі СПА «знішчылі над Паўночнай Асеціяй» беспілотнік самалётнага тыпу.
Праз паўгадзіны кіраўнік рэгіёна Сяргей Мяняйла заявіў, што дронаў было тры і сілы СПА збілі іх у Маздоку. Іх цэллю быў вайсковы аэрадром, сцвярджае кіраўнік Паўночнай Асеціі.
Паводле яго, «зафіксаваныя нязначныя разбурэнні і ўзгаранні, ніхто не пацярпеў». Пры гэтым «для бяспекі грамадзян» рэгіянальныя ўлады вырашылі адмяніць усе масавыя мерапрыемствы ў Маздоцкім раёне.
РБК піша, што Паўночная Асеція была атакаваная ўпершыню, прынамсі Мінабароны да гэтага не дакладваў аб знішчэнні беспілотнікаў у гэтым рэгіёне. Адлегласць паміж Асеціяй і ўкраінскім горадам Запарожжа — каля 900 км па прамой, удакладняе выданне.