Ці быць вайне? Навошта Лукашэнка нагнятае мілітарысцкую істэрыю
У Беларусі ўсё больш прыкмет перадваеннага стану. Незразумела толькі, ці гэта сапраўднае развіццё падзей, ці чарговая лукашэнкаўская імітацыя?
Беларусь «рыхтуецца да вайны»
6 красавіка стала вядома, што Лукашэнка ўхваліў яшчэ адзін закон, скіраваны, як там напісана, на ўмацаванне «нацыянальнай бяспекі». Цяпер у войска змогуць прызываць праз СМС-паведамленні, а папяровую позву ўручаць дзе заўгодна — хоць на працы, хоць у кінатэатры. Пакаранне за ўхіленне ад службы ў войску дыктатара будзе больш жорсткім, а ў асаблівых выпадках «у боты» можно будзе забіраць асуджаных наўпрост з калоніі.
У гэтым дакуменце навідавоку сугучнасць з падзеямі расійска-украінскай вайны. У пуцінскай акупацыйнай арміі служаць за памілаванне якраз забойцы і гвалтаўнікі. СМС-позвы ў ваенкамат абмяркоўваліся ў Расіі яшчэ год таму. Крэмль ужо праводзіў мабілізацыю і можа правесці яе яшчэ раз. Закон аб мабілізацыі ўжо колькі часу дыскутуецца і ва ўкраінскай Вярхоўнай радзе.
Расія напала на Украіну, трэці год цягнецца страшная вайна. Лукашэнка дапамог і працягвае дапамагаць Маскве, за што справядліва лічыцца суагрэсарам. Але фізічна беларускія вайскоўцы ў баявых дзеяннях не ўдзельнічаюць. Дык да чаго гэты новы закон — і ўвогуле праваенная істэрыя?
За апошні час Лукашэнка двойчы наведаў заходнюю мяжу Беларусі. Напрыканцы сакавіка адправіўся ў Ашмянскі раён, адкуль недалёка да Літвы. А ў пачатку красавіка — у Гродна, што побач з Польшчай. Падчас першай паездкі прыбраўся ў вайсковую форму, але на ваенную тэму шмат казаў абодва разы.
Галоўнае са сказанага — «шчыра» заявіў, што «мы рыхтуемся да вайны». Паводле яго слоў, у краіне вядзецца падрыхтоўка адпаведных падраздзяленняў, у войскі пастаўляюцца розныя віды ўзбраенняў і тэхнікі. У сваім двухсэнсоўным стылі ён адразу дадаў нешта пра тое, што, рыхтуючыся да вайны, Беларусь застаецца самай міралюбівай дзяржавай у свеце. Але ў загалоўкі, канешне ж, пайшло пра вайну, і гэта выклікала вялікі рэзананс. У тым ліку таму, што лягло ў шчодра ўгноеную глебу.
Словы Лукашэнкі дапоўнілі справы. Ужо колькі тыдняў рэжым паслядоўна прыводзіць у баегатоўнасць вайсковы рэсурс.
Спачатку абвясцілі мабілізацыйныя мерыпрыемствы ў дзейных Узброеных сілах. Назваўшы іх праверкай, пачалі праводзіць бясконцыя вучэнні ў вайсковых частках і злучэннях. Усё гэта было і так, амаль ад пачатку расійскага ўварвання ва Украіну. Але гэтай вясной актыўнасць беларускіх вайскоўцаў шматкроць павялічылася.
Потым да вучэнняў прыцягнулі рэзервістаў. Мінабароны агучвала лічбы — некалькі тысяч чалавек. Іх закідваюць на розныя палігоны, трэніруюць, навучаюць розным манеўрам, у тым ліку тактычнай медыцыне.
Урэшце ў некалькіх раёнах праводзяцца вучэнні тэрабароны. Так, выгляд сталых мужчын з жыватамі спараджае жарты і мемы, дый зноў жа не ўпершыню іх адцягваюць ад працы на вайсковыя зборы. Але і гэта кладзецца ў агульны трэнд на мілітарызацыю.
Дык што ж адбываецца? Беларусь рэальна можа распачаць нейкія ваенныя дзеянні? Разам з Расіяй, альбо па заданні Расіі? На гэтыя пытанні цяпер спрабуюць адказаць эксперты.
Ёсць дзве версіі — скептычная і алармісцкая. Якая з іх выклікае больш даверу, пытанне індывідуальнае.
Лукашэнка можа проста хлусіць
Скептычная версія палягае ў тым, што Лукашэнка звыкла хлусіць, імітуе да маніпулюе. Увесь праваенны вэрхал у краіне — усяго толькі дзеля таго, каб паказаць, хто больш за ўсіх клапоціцца пра бяспеку людзей, хто ёсць галоўны абаронца ад знешніх пагроз, вакол каго насельніцтву варта гуртавацца. Хочаце, як ва Украіне? Звыклы прапагандысцкі меседж, які трэба падтрымліваць заўсёды.
Радзіма ў небяспецы, таму мы мабілізуем свае рэсурсы ды рэзервы. У такія складаныя часы нельга думаць пра эканамічныя праблемы, рост цэн і ўвогуле ўласны дабрабыт. Нельга плявузгаць пра дэмакратыю, правы чалавека і рэпрэсіі. Дый увогуле пра нешта прыземлена буржуазнае.
Пры гэтым у мілітарысцкай рыторыцы важна мець мяжу, што рэжым таксама добра разумее. Бо, па-першае, беларусы занадта доўга жывуць пры Лукашэнку і ведаюць, як ён умее хлусіць. То палку перагінаць, перагульваць — непажадана. Па-другое, у беларускім грамадстве існуе магутны антываенны кансенсус, і калі пужалкі будуць гучаць зусім ужо злавесна, людзі могуць усхвалявацца. Менавіта з гэтай прычыны за кожным сказам пра ваенныя пагрозы ад Лукашэнкі звычайна ідзе і нешта заспакойлівае. Маўляў, усё пад кантролем, мы ні з кім не збіраемся ваяваць, проста на ўсялякі выпадак рыхтуемся бараніць сваю зямлю. Хочаш міру, рыхтуйся да вайны.
Лукашэнка насамрэч ваяваць не хоча. Ён баіцца, бо вайна — гэта вялікая дэстабілізацыя, у якой можна лёгка страціць уладу. Адметна, што зачасціў ён апошнім часам на мяжу не з Украінай, дзе сапраўды ільецца кроў, а з краінамі ЕС, дзе ідзе спакойнае мірнае жыццё. Яго страшылкі пра пагрозы з боку НАТО гучаць фальшыва, і можна меркаваць, што не надта ўражваюць аўдыторыю. Сацапытанні паказваюць, што ў беларусаў няма напружанага і тым больш варожага стаўлення да Захаду. У многіх у той жа Польшчы жывуць сваякі, яшчэ больш людзей раней выязджалі ў Еўропу і не бачылі там аніякага звярынага ашчэру.
Пра злосны Захад Лукашэнка хлусіць зусім непрыхавана, але гэтаму можна знайсці шмат тлумачэнняў. Тут ён можа дзейнічаць як крамлёўскі проксі — трымаць у напружанні Еўрасаюз выгадна Пуціну, таму ён і даў Беларусі, як лічыцца, ядзерную зброю. Не проста так у Ашмянскім раёне, седзячы са шпіцам на каленях, Лукашэнка раптам зноў загаварыў пра Сувалкскі калідор.
Звярнуўшыся да аднаго са сваіх пацешных генералаў, ён панаракаў, што нехта там з-за мяжы «дарма вякае» пра гэты калідор, удакладніў, што адлегласць ад Беларусі да Калінінградскай вобласці складае 42 кіламетры, і дадаў, што гэта «практычна нічога». «У дадзены момант табе прыйдзецца супрацьстаяць балтыйскім рэспублікам... І частку Польшчы ты прыхопліваеш», — нібыта тэарэтызуе беларускі «фельдмаршал», і гэта фрагмент спецыяльна выкладвае прапаганда. У Крамлі засталіся задаволеныя.
Але тут Лукашэнка можа гуляць і ў самастойную гульню, і якраз дэманстраваць Маскве сваю карыснасць на гэтым кірунку — маўляў, ваюйце, расійцы, з Украінай самі, а мы пакуль прыкрыем вас на патэнцыйным заходнім фронце. Не дазволім, як кажа Лукашэнка, нанесці ўдар у спіну.
Ну і, вядома, пагражаць ЕС — гэта куда больш бяспечна, чым вербальна атакаваць Украіну. Еўрапейскія краіны не адкажуць нічым, акрамя «глыбокай занепакоенасці», тады як Кіеў можа палічыць небяспеку рэальнай і адправіць колькі-небудзь беспілотнікаў у напрамку, напрыклад, мазырскага НПЗ. У Расіі такія паветраныя дыверсіі добра працуюць, то чаму б не пашырыць практыку, калі ў Мінску засеў такі гаваркі стратэг?
А што, калі цяпер усё ўсур’ёз?
Алармісты сыходзяць з таго, што гэтым разам Лукашэнка агучвае не пустую балбатню. Што вайна сапраўды магчымая, і беларуская дыктатура да яе сёння актыўна рыхтуецца. Гэтую версію, вядома, варта разглядаць толькі ў кантэксце агульнай геапалітычнай сітуацыі ў Еўропе і далейшых планаў Пуціна.
Гэтых планаў, што праўда, не ведае ніхто, акрамя гаспадароў Крамля. Нельга выключаць, што Пуцін і сам не ведае, што далей рабіць з Украінай. Але, хутчэй, у Маскве плануюць далейшую эскалацыю, прынамсі да гэтага падштурхвае логіка цяперашніх падзей на фронце.
Пасля таго, як цаной неймаверных ахвяр расійскія акупанты завалодалі амаль цалкам разбуранай Аўдзееўкай, нічога значнага на вайне не адбываецца. Гэта можа сведчыць пра тое, што РФ назапашвае сілы для новага наступальнага рыўка. Гэтаму спрыяюць недахоп узбраенняў ва УСУ і чаканае вяртанне ў Белы дом Дональда Трампа. З улікам усіх фактараў Пуцін можа сапраўды планаваць вырашальны вялікі наступ, вось і кіраўнік Галоўнага ўпраўлення выведкі Украіны Буданаў нядаўна сказаў у інтэрв’ю, што гэтага варта чакаць улетку.
Улічваючы, што пастаўлена на кон, Беларусь можа стаць часткай пуцінскага плану. Не ў сэнсе новага нападу з беларускай тэрыторыі на поўнач Украіны — для гэтага ў Расіі бракуе рэсурсаў, мяжа добра абароненая і падрыхтоўка да такога ўдару будзе своечасова заўважаная. Але ў сэнсе нейкіх ваенных правакацый на мяжы Беларусі з краінамі ЕС.
Такія правакацыі ладзяцца па вядомым сцэнары: напасці, а потым абвінаваціць ва ўсім другі бок. З выкарыстаннем усіх магчымых прапагандысцкіх фэйкаў. У Расіі на такіх спецаперацыях сабаку з’елі яшчэ ў 2014-м, у першай фазе вайны, развязанай супраць Украіны.
Навошта гэта Пуціну? Зноў жа: каб адцягнуць увагу заходняй супольнасці ад падзей на ўкраінскім поўдні. Каб стварыць яшчэ адзін пункт напружанасці, які патрабуе пільнай увагі і рэсурсаў. Навошта гэта Лукашэнку? Ні навошта, але пры сённяшняй залежнасці ад РФ ён проста не можа не выканаць загад «старэйшага брата».
Такія правакацыі падаюцца максімумам у цяперашняй сітуацыі, таму што адкрытага сутыкнення з Захадам у Маскве пабойваюцца. Але нават і такі маштаб можа гучаць як фантазія: усё ж замахвацца на НАТО — справа небяспечная. Але фантазіямі некалі былі і ўзброены паход на Кіеў, і каўровыя бамбардзіроўкі Марыупалю, і наогул крывавая вайна ў цэнтры Еўропы.
І гэтая вайна працягваецца, а стаўкі ў ёй растуць.