РФ нарошчвае вытворчасць ваеннай прадукцыі. Наперадзе вайна з NATO?

Адразу некалькі адмыслоўцаў заўважылі, што Расія нарошчвае сваю ваенную вытворчасць, але не выкарыстоўвае гэтую зброю для вайны ва Украіне. Аналітыкі мяркуюць, што Расія робіць запасы на выпадак вайны з NATO. А ва Украіне яна працягвае ваяваць з мірным насельніцтвам. Ідзе 1220-ты дзень вайны Расіі супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

512712507_1077592421220502_6593533720571295531_n.jpg

За мінулыя суткі ва Украіне зафіксавана 153 боесутыкненні, паведамляе Генштаб УСУ ў зводцы 28 чэрвеня. Большасць атак, па-ранейшаму на Пакроўскім кірунку, дзе абаронцы Украіны спынілі 56 штурмавых дзеянняў у раёнах Малінаўкі, Міралюбаўкі, Новасергіеўкі, Удалага, Новамікалаеўкі, Траецкага і іншых.

На Новапаўлаўскім кірунку расіяне здзейснілі 19 атак у раёнах Шаўчэнка, Фёдараўкі і ў бок Запарожжа, Перабудовы, Ялты і Камара.

Па 17 атак на кожным зафіксавана на Паўночна-Слабажанскім (Курскім), Ліманскім і Тарэцкім кірунках.

На Паўднёва-Слабажанскім (Харкаўскім) кірунку расіяне сем разоў атакавалі ў раёнах Ваўчанску, у бок Петра-Іванаўкі і Долгенькага.

Па пяць атак на кожным зафіксавана на Краматорскім і Купянскім кірунках.

* * *

Пад Пакроўскам і Канстанцінаўкай расійцы актывізавалі атакі з вялікай колькасцю страт. Украінскія вайскоўцы паспяхова адбіваюць наступ, заявіў кіраўнік Цэнтра процідзеяння дэзінфармацыі РНБА Андрэй Каваленка.

З ягоных слоў, Расія працягвае тактыку «мясных штурмаў» пад Пакроўскам і Канстанцінаўкай, дзе расіяне не шкадуюць жывой сілы. Расійскія войскі таксама спрабуюць актывізавацца ў Сумскай вобласці, але штурмавыя групы неахвотна ідуць у пасадкі, запоўненыя целамі сваіх папярэднікаў.

«Па фронце складана, але планы расійцаў на шэрагу участкаў нашым воінам атрымоўваецца зрываць прафесійнымі дзеяннямі і намаганнямі», — адзначае Каваленка.

* * *

У ноч на 28 чэрвеня Расія атакавала Украіну 23-ма ўдарнымі БПЛА тыпу Shahed і беспілотнікамі іншых тыпаў. Супрацьпаветранай абаронай абясшкоджана 22 БПЛА, 21 збіты агнявымі сродкамі, 1 лакацыйна страчаны/задушаны РЭБ.

Зафіксавана трапленне ўдарнага БПЛА ў Адэсе — па 21-павярховым жылым доме. У выніку ўзнік пажар на 7, 8 і 9 паверхах, людзі апынуліся заблакаванымі ў кватэрах. Загінула пара — муж з жонкай, пацярпелі 17 чалавек, з іх трое дзяцей. Трое параненых знаходзяцца ў цяжкім стане.

Генштаб УСУ паведаміў, што ў ноч на 27 чэрвеня падраздзяленні сіл спецыяльных аперацый УСУ, Службы бяспекі Украіны, ва ўзаемадзеянні з іншымі складнікамі Сіл абароны Украіны, нанеслі ўдар па аэрадроме «Марынаўка» ў Валгаградскай вобласці РФ, пашкодзіўшы чатыры самалёты Су-34 і тэхнічна-эксплуатацыйную частку — месца, дзе праходзіць абслугоўванне і рамонт розных баявых самалётаў.

Расійскія Су-34 з'яўляюцца асноўнымі самалётамі тактычнай авіяцыі, якія наносяць ракетна-бомбавыя ўдары па ўкраінскіх пазіцыях і населеных пунктах

* * *

514074574_1078055327840878_80497244008050900_n.jpg

* * *

Расійская Федэрацыя нарошчвае вытворчасць дронаў, баявых машын пяхоты (БМП), авіяцыйнай тэхнікі і караблёў. Менавіта на гэтыя тыпы ўзбраенняў Крэмль будзе рабіць стаўку ў выпадку будучай вайны з NATO, мяркуюць аналітыкі Інстытута вывучэння вайны (ISW).

Як адзначаецца ў справаздачы інстытута, паводле інфармацыі афіцыйных крыніц, у перыяд з красавіка да траўня 2025 года прамысловая вытворчасць у Расіі вырасла на 2,6%. Галоўную частку росту забяспечыў прырост аб'ёмаў прадукцыі абароннага прызначэння.

У прыватнасці, у траўні 2025 года месячны аб'ём вытворчасці авіяцыйнай тэхнікі ў параўнанні з красавіком вырас на 16,9% і ў 1,6 разы перавысіў аналагічныя паказчыкі 2024 года. У перыяд з лютага па травень бягучага года Расія на 16% павялічыла вытворчыя магутнасці ў авіяцыйнай і караблебудаўнічай галінах.

«Гэтыя даныя сведчаць пра імкненне РФ пашырыць стратэгічную прамысловую інфраструктуру ў сярэдне-і доўгатэрміновай перспектыве. Названыя меры могуць быць часткай працэсу рэарганізацыі і аднаўлення баявых магчымасцяў узброеных сіл Расіі, улічваючы магчымасць зацяжнога канфлікту з краінамі NATO», — перакананыя эксперты ISW.

Спадарожнікавыя здымкі асобных расійскіх заводаў па рамонце бронетэхнікі сведчаць пра нарошчванне Расіяй вытворчасці баявых машын пяхоты (БМП). Паводле рэсурсу, які адсочвае дзейнасць расійскіх вайсковых прадпрыемстваў, РФ цяпер здольная вырабляць і рамантаваць больш БМП, чым раней. Пры гэтым скарачаецца прымяненне бронетэхнікі і танкаў у баявых дзеяннях ва Украіне, што дазваляе назапашваць запасы такіх машын.

Паводле спадарожнікавых здымкаў, асобныя рамонтныя прадпрыемствы ўжо вычарпалі большасць наяўных запасаў старой тэхнікі. Аднак па меншай меры адзін завод у Рубцоўску (Алтайскі край) істотна мадэрнізаваў свае вытворчыя магчымасці.

Акрамя таго, Расія дасягнула пэўнага прагрэсу ў пашырэнні вытворчасці танкаў Т-90М. Гэта дадаткова пацвярджае працяглыя інвестыцыі расійцаў у доўгатэрміновую вытворчасць цяжкай бронетэхнікі.

«Пакуль незразумела, ці накіраваныя гэтыя меры на падрыхтоўку да новага маштабнага наступу супраць Украіны ў каротка- або сярэднетэрміновай перспектыве, ці ж гаворка ідзе пра аднаўленне патэнцыялу для магчымага больш шырокага супрацьстаяння з NATO», — адзначаюць у ISW.

* * *

Узброеныя сілы Швецыі найбліжэйшым часам прымуць рашэнне пра набыццё зброі вялікай далёкасці, што можа паражаць мэты на тэрыторыі Расіі, заявіў у інтэрв'ю агенцтву ТТ галоўнакамандуючы шведскіх Узброеных Сіл Мікаэль Клаэсан.

Гаворка ідзе пра крылатыя ракеты і ракетную артылерыю, якія могуць паражаць цэлі на тэрыторыі Расіі. «Перш за ўсё, гэта пытанне стрымлівання. Мець магчымасць не толькі ваяваць на сваёй тэрыторыі, але і падвяргаць нападніка рызыцы абараняцца на сваёй зямлі. Магчымасць наносіць удары па лагістыцы, раёнах засяроджвання войскаў і г.д.», — растлумачыў галоўнакамандуючы шведскіх Узброеных Сіл.

Цяпер камандаванне ацэньвае, якія менавіта сродкі патрэбныя, і разглядае «двух-трох» розных пастаўшчыкоў, распавёў Клаесан. Ён адзначыў, што гаворка ідзе пра далёкасць ад 150 да 500 кіламетраў. Цяпер самая сучасная артылерыйская ўстаноўка Швецыі Archer мае далёкасць да 50 кіламетраў.

«Мы маглі б гуляць значна больш актыўную ролю ў стрымліванні NATO, маючы такія сістэмы, не абавязкова ў Швэцыі, а, магчыма, у Фінляндыі ці краінах Балтыі», — дадаў Клаэсан.

* * *

Падчас канферэнцыі Fair Play, прысвечанай узмацненню санкцый супраць Расіі, кіраўнік МЗС Украіны Андрэй Сібіга заявіў, што Украіна будзе ініцыяваць санкцыйныя крокі супраць краін, якія больш за ўсё купляюць расійскую нафту.

«Мы будзем рэагаваць і заклікаць да гэтага нашых партнёраў па краінах, а іх не так шмат, якія больш за ўсё спажываюць расійскай нафты. Пры гэтым выкарыстоўваецца ценявы флот, таму найбліжэйшым часам мы будзем ініцыяваць адпаведныя санкцыйныя крокі ў дачыненні да тых краін, якія больш за ўсё купляюць расійскую нафту», — заявіў ён.

Кіраўнік МЗС адзначыў, што нафта, газ і спадарожныя прадукты з РФ забяспечваюць да 50% паступленняў у расійскі бюджэт. А нарастаючыя атакі з выкарыстаннем ракет і дронаў кажуць, што Масква ўсё яшчэ знаходзіць доступ да ключавых камплектуючых, сыравіны, абсталявання і праграмнага забеспячэння.

Кіраўнік МЗС Украіны заклікаў «адрэзаць» РФ ад крытычна важных кампанентаў для абароннай прамысловасці. Ён падкрэсліў, што гэта — адзін з элементаў прымусу да міру.

* * *

Нямецкі міністр абароны Барыс Пісторыус на партыйнай канферэнцыі адстойваў курс федэральнага ўрада на ўмацаванне абароннага патэнцыялу і салідарнасці з Украінай, нягледзячы на засцярогі ў сваёй партыі.

«Гэты імперыяліст у Крамлі не хоча перамоваў, ён не хоча міру», — заявіў Пісторыус, дадаўшы, што для міру патрэбная «пастаянная гатоўнасць абодвух бакоў». Адначасова ён нагадаў пра захопніцкія дзеянні Пуціна ў Грузіі, анэксію Крыма і поўнамаштабнае уварванне ва Украіну з «максімальна жорсткай» вайной.

Міністр абароны Германіі падкрэсліў, што Расія цалкам перайшла на ваенную эканоміку, і «расійская армія ў наступным годзе будзе ў два разы больш, чым да пачатку вайны ва Украіне».

На думку Пісторыуса, паколькі Пуцін разумее толькі мову сілы, для Германіі і NATO важна інвеставаць у абарону.