ДзяржСМІ ратуюць чыноўнікаў. Што паказаў скандал з ЦЭ?

«MediaIQ» прааналізавала матэрыялы ў дзяржаўных і незалежных СМІ, звязаныя са скандалам пасля правядзення цэнтралізаванага экзамену, і прыйшло да высновы, што паміж праўладнымі і незалежнымі медыя адбываўся «дыялог», у якім, праўда, карысці было мала.

Міністэрства адукацыі. Фота: facebook.com

Міністэрства адукацыі. Фота: facebook.com


Нішто не прадвяшчала незадаволенасці вынікамі першага цэнтралізаванага экзамену. Змены ў правілах здачы выпускных і ўступных экзаменаў дзяржСМІ яшчэ з пачатку 2023 года падавалі як «дапрацоўку вынікаў шырокага вывучэння грамадскай думкі і экспертных ацэнак, а таксама апрабацыі асобных норм падчас уступнай кампаніі 2022 года, якія спрыяюць далейшаму ўдасканаленню сістэмы адбору і падрыхтоўкі кадраў з вышэйшай адукацыяй», што павінны былі забяспечыць:

  • магчымасць паступлення без рэпетытараў — такое меркаванне выказвала настаўніца Ларыса Мігдалёнак: «Калі ўзяцца за розум хаця б у 7-м класе, але пры жаданні ў школе можна аформіць платную паслугу рэпетытара»;
  • знізіць нагрузку і дазволіць больш старанна падысці да выбару будучай прафесіі — паводле слоўІрыны Лашаковай (дырэктаркі віцебскай школы). А Дзмітрый Хома (начальнік Галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама, намеснік старшыні Віцебскай абласной арганізацыі РГА «Белая Русь») пераконваў, што «ўніфікацыя ЦЭ і ЦТ дазволіць знізіць псіхалагічную нагрузку на адзінаццацікласнікаў»;
  • забяспечыць роўныя ўмовы па прынцыпе справядлівасці, бо паводле патрабавання Лукашэнкі, «уступная кампанія не павінна быць латарэяй або ўдалым збегам абставінаў, усё павінна быць дакладна і ясна, а рэгулярныя рэфармаванні неабходна спыніць, паколькі пастаянныя змены "правілаў гульні" ўжо пачынаюць абураць людзей, што цалкам натуральна».

Да цэнтралізаванага экзамену рыхтаваліся: начальнік упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі Ірына Каржоварапартавала, што зацверджаны дзве шкалы пераводу балаў ЦЭ ў адзнакі па двух прадметах, якія пасля правядзення экспертызы з'явіліся на сайце Міністэрства адукацыі. Рэпетыцыйны экзамен — як «кантрольны прагон» — праходзіў «дакладна па інструкцыі, пралічанай па хвілінах», Міністэрства адукацыі адкрыла гарачую лінію, працавала каля 8 тысяч педагогаў, навучэнцы выказвалі ўпэўненасць у сваіх сілах, а настаўнікі сведчылі пра апраўданасць такой формы праверкі ведаў. Міністр адукацыі Андрэй Іванец так падвёў вынікі рэпетыцыйнага экзамену: «Асноўная задача, якая стаяла пры правядзенні РЦЭ, — на практыцы ўбачыць гатоўнасць сістэмы адукацыі да правядзення выніковай атэстацыі вучняў 11-х класаў у новым фармаце — дасягнута. Нягледзячы на тое, што сістэма добра спрацавала, пытанні, якія трэба будзе вырашаць, ёсць».

«Механізм ЦЭ быў адпрацаваны да аўтаматызму, аніводнага наракання, нават здача экзамену ў выхадны дзень — нядзелю, не выклікала абурэння ў грамадстве. Два экзамены — гэта "эвалюцыйны крок" да трансфармацыі беларускай адукацыі — упэўнены і абдуманы», — піша «СБ. Беларусь сёння». Выкладчыкі бачылі эвалюцыю ў «пераходзе ад нацягвання на правільныя адказы да развіцця ключавых кампетэнцый XXI стагоддзя», заданні адпавядалі школьнай праграме; навучэнцы называлі шкалу пераводу балаў у ацэнку «вельмі дэмакратычнай», а бацькі — «правільным рашэннем» у сумяшчэнні выпускной і ўступнай кампаній.

Прыгожую карцінку «без сучка», створаную дзяржСМІ, змяніў дзень атрымання першых вынікаў за цэнтралізаваны іспыт.


Пакуль дзяржСМІ рапартавалі аб тым, што «ў цэлым аналіз вынікаў першага цэнтралізаванага іспыту паказаў, што новая форма выніковай атэстацыі выпускнікоў школ апраўдала сябе», а колькасць шчаслівых 100-бальнікаў павялічылася, і першыя шчаслівыя школьнікі з глыбінкі радаваліся сваім вынікам, незалежныя медыя паказалі зусім іншую карціну. Так, выданне «Л*стэрка» са спасылкай на чытачоў апублікавала гісторыі выпускнікоў і іх меркаванні: «У асабістым кабінеце 39 правільных адказаў, а на адно пытанне дзяўчына адказала часткова. Праўда, няпоўны адказ каштаваў ёй 8 балаў — у выніку яна атрымала 92», «калі не будзе пераліку, многія нават не паступяць з-за РІКВ». Абураныя вынікамі бацькі сабраліся ля РІКВ з патрабаваннем растлумачыць сістэму падліку балаў, пісаў «Б*лсат».

ДзяржСМІ пазіцыю грамадскасці не прадстаўлялі, хутчэй, рэагавалі ўслед за чыноўнікамі на публікацыі ў незалежных медыя.

Так, РІКВ спачатку меркаваў, што можа пералічыць вынікі ў выпадках, калі выпускнік набраў больш за 100 балаў і мае дробавыя колькасці. Затым Міністэрства адукацыі паведаміла, што скрыншоты фэйкавыя, але «тэхнічны стан сістэмы адлюстравання вынікаў ЦЭ на сайце РІКВ будзе яшчэ раз правераны». Пры гэтым прэс-сакратарка прэм'ер-міністра Аляксандра Ісаевасцвярджала, што «пастанова аб пераглядзе вынікаў ЦЭ не прымалася, гэтая інфармацыя — фэйк», а міністр адукацыі Андрэй Іванец толькі пад вечар пракаментаваў сітуацыю. Ён адзначыў высокі ўзровень атрыманых вынікаў, заявіўшы: «Кожны падобны факт быў правераны, аніводнага пацвярджэння тэхнічнага збою няма», намякнуў, што «Міністэрствам адукацыі будзе адсочвацца кожны выпадак распаўсюджвання недакладнай інфармацыі, матэрыялы будуць накіраваныя для дачы ацэнкі дзеянням распаўсюджвальнікаў фэйкаў».

ДзяржСМІ не становяцца пляцоўкай абмену думкамі паміж бакамі канфлікту. Так, «СБ. Беларусь сёння» піша, што «вядома ж, не ва ўсіх чаканні і рэальнасць супалі: выніковыя балы аказаліся ніжэй за чаканыя», і прыводзіць заяву дырэктара РІКВ Юрыя Міксюка: «Пераразліку вынікаў ЦЭ не будзе. Тыя балы, якія абітурыенты бачаць у асабістым кабінеце на сайце РІКВ, актуальныя і правільныя. Яны пойдуць у сертыфікат ЦЭ».

У гэты час выданне «Л*стэрка» «паразмаўляла са школьнікамі і іх бацькамі і паказала» шмат крыўды і абурэння»: «Мала таго, што далі менш, чым ты заслужыла, дык яшчэ і стобальнікаў у разы больш, чым раней. І цягацца з імі складана, таму што балы ідуць так: 100, 92, 86, 82. Восем балаў — гэта вельмі шмат», «хтосьці мяняе мэту з БДУ на педагагічны, хтосьці ўжо напявае "Добры дзень, неба ў аблоках"». Таксама незалежнае выданне прадставіла экспертны каментар рэпетытара: «Падлік па новай методыцы яна лічыць несправядлівым: кошт памылкі выдатніка ў разы вышэйшы, чым у двоечніка». Настаўніца падзялілася меркаваннем, што «заўсёды за справядлівасць і дапускаю: памыліцца можа кожны — вучань, настаўнік, дырэктар РІКВ. Але ў цябе павінна хапіць сілы гэта прызнаць. Маё меркаванне: пасля такога скандалу спадар Іванец (міністр адукацыі) і спадар Міксюк (дырэктар РІКВ) павінны былі пакінуць свае пасады. Кампанія па цэнтралізаванай праверцы ведаў усіх выпускнікоў з трэскам правалілася».

Але на старонках «СБ. Беларусь сёння» зусім іншая сітуацыя: навучэнцы задаволеныя вынікам, а настаўнікі кажуць пра тое, што адзнакі аб'ектыўна адлюстроўваюць узровень ведаў іх вучняў.

Асвятленне сітуацыі ў дзяржСМІ адкарэктавалася тады, калі ўмяшаліся топавыя чыноўнікі. Так Лукашэнка сказаў: «Бучу цэлую паднялі пасля адзінага экзамену цэнтралізаванага. Розуму не хапіла зрабіць проста і зразумела, каб падлічыць гэтыя балы за цэнтралізаваны іспыт. Яны нейкія статыстычныя пачалі на камп'ютары выводзіць лічбы. Каму гэта трэба?» А кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Ігар Сяргеенка, ад якога запатрабавалі аналізу сітуацыі, паставіў задачу праверыць арганізацыю ЦЭ і ўдакладніць, якія вынікі атрыманы. Альтэрнатыўнае меркаванне лідаркі дэмакратычных сіл Святланы Ціханоўскай прывяло выданне «Л*стэрка»: «Любому чыноўніку важна адправіць справаздачу наверх і абараніць сябе, а не грамадзяніна і яго правы. Дзеці выдатна разумеюць, што адбываецца, і яны гатовыя адстойваць свае правы. Яны — наша аснова будучыні Беларусі, дзе будуць паважаць закон і абараняць правы людзей».


ДзяржСМІ і незалежныя медыя ўступілі ва ўмоўны дыялог, які дазваляе даносіць грамадскую думку да чыноўнікаў. «СБ. Беларусь сёння» апавяшчае пра пачатак планавага прыёму ў Міністэрстве адукацыі па пытаннях ЦЭ, а «Л*стэрка» «хоча пагаварыць з дзецьмі і іх бацькамі, якія сёння хадзілі ў Міністэрства адукацыі з пытаннямі па ЦЭ».

Сітуацыя з цэнтралізаваным іспытам паказала, што дзяржСМІ, якія стаяць на службе, не забяспечваюць абмену думкамі паміж грамадствам і чыноўнікамі; не столькі кансалідуюць грамадства, колькі яго яшчэ больш раз'ядноўваюць. Адсутнасць абмену думкамі вядзе да абароны пазіцыі чыноўнікаў, а грамадскасць абвінавачваецца ў стварэнні фэйкаў і запалохваецца.