«Не будзе чаго абмяркоўваць»: Столтэнберг зрабіў новую заяву пра сяброўства Украіны ў NATO

Генеральны сакратар NATO адзначыў, што калі ва Украіне пераможа Пуцін, то гэта трагедыя для ўкраінцаў і вялікая пагроза ўсяму свету, бо дыктатары зразумеюць, што могуць ужываць ваенную сілу — і атрымліваць тое, што хочуць.

Фота з сацсетак Генштаба Украіны, GeneralStaff.ua

Фота з сацсетак Генштаба Украіны, GeneralStaff.ua


Калі Украіна не пераможа ў вайне з Расійскай Федэрацыяй, то пра сяброўства ў NATO будзе бессэнсоўна казаць. Такое развіццё падзей створыць пагрозу для ўсіх і дасць «дазвол» лідару Кітая Сі Цзіньпіну на прымяненне сілы, піша «УНІАН».

«Надзённая задача цяпер палягае ў тым, каб Украіна перамагла як суверэнная, незалежная дзяржава, таму што калі Украіна не пераможа, то наогул не будзе чаго абмяркоўваць», — заявіў генеральны сакратар Альянсу Енс Столтэнберг у інтэрв'ю «Washington Post».

З яго слоў, сітуацыя ў Еўропе не мае значэння для Азіі, а сітуацыя ў Азіі — для Еўропы, але пройгрыш Украіны створыць пагрозу для ўсіх.

«Калі ва Украіне пераможа прэзідэнт Пуцін — гэта трагедыя для ўкраінцаў. Але гэта таксама небяспека для ўсіх нас. Таму што гэта паслужыць сігналам прэзідэнту Пуціну, а таксама прэзідэнту Сі, што, ужываючы ваенную сілу, яны атрымліваюць тое, што хочуць. І гэта зробіць нас больш уразлівымі», — патлумачыў генеральны сакратар NATO.

Пры гэтым ён нагадаў, што вайна ва Украіне пачалася яшчэ ў 2014 годзе. Таксама дыпламат прывітаў намаганні ЕС у галіне абароны, але перасцярог ад канкурэнцыі ўнутры Саюза.

«Чаго мы павінны пазбягаць, дык гэта дублявання і канкурэнцыі, часткова таму, што Еўразвяз не можа абараніць Еўропу. 80% выдаткаў на абарону прыпадае на чальцоў Альянсу не з ЕС. Тое ж і з геаграфіяй. Зірніце на карту NATO, Нарвегія на поўначы і Турцыя на поўдні, а таксама ЗША, Канада і Вялікабрытанія маюць вырашальнае значэнне пры абароне Еўропы. А палітычна любая спроба аслабіць сувязь паміж Паўночнай Амерыкай і Еўропай падзеліць не толькі NATO, але і Еўропу», — зрабіў выснову Столтэнберг.

Украіна ў NATO — апошнія навіны

Генеральны сакратар NATO Енс Столтэнберг пасля візіту ў Кіеў абвясціў, што ў NATO дамовіліся аб уступленні Украіны. Пры гэтым Польшча, Чэхія і Славакія заклікалі даць Кіеву гарантыі бяспекі яшчэ да ўступлення ў Альянс.

Пры гэтым Венгрыя спачатку заявіла, што нібыта Украіна можа ўступіць у NATO з дазволу Расіі, а пасля, што перспектывы хуткага далучэння Украіны няма. У сваю чаргу, Варшава абвінаваціла Берлін і Парыж у зацягванні ўступлення Украіны ў NATO.